Вы тут

Яўген Каралёк: У веласпорце трэба быць працавіком


Кароль скрэтча расказвае пра перамогу ў Мінску і планы на чэмпіянат свету ў Галандыі, які стартуе 28 лютага.

У студзені Мінск прыняў этап Кубка свету па веласпорце на трэку. Адзіны медаль для беларускай зборнай заваяваў Яўген Каралёк, ён стаў найлепшым у скрэтчы. Поспехаў у гэтай дысцыпліне велагоншчык ужо дамагаўся на аналагічным турніры ў Лос-Анжэлесе летась і на чэмпіянаце Еўропы ў Партугаліі. Цяперашняя выдатная форма Яўгена выклікае аптымізм асабліва зараз, калі да чэмпіянату свету застаецца каля двух тыдняў. Пра свае планы на планетарнае першынство, жорсткі допінг-кантроль і бяспеку ў велагонках на шашы Каралёк расказаў у інтэрв'ю «Звяздзе».


— Яўген, ці чакалі, што выйграеце «золата» ў Мінску?

— Я максімаліст, разлічваў на медаль, таму што ўжо дасягаў поспехаў у падобных гонках. Да таго ж прарабіў вялікую працу: увесь снежань трэніраваўся на Кіпры, у студзені правёў гонкі на чэмпіянаце Расіі, прыехаў на этап Кубка свету ў Мінск у вельмі добрай форме.

— Ці справіліся нашы суайчыннікі з арганізацыяй такога буйнога турніру?

— Так, усё было на самым вышэйшым узроўні, ніякіх нюансаў. Бачыў розныя відэаролікі, дзе і замежныя спартсмены пакідалі свае станоўчыя водгукі.

— Мінулы год стаў для вас досыць паспяховым, і цяперашні пачаўся з перамогі.

— Так, летам 2017-га я выйграў Гран-пры Мінска на шашы, перамагаў і на трэку (этап Кубка свету і чэмпіянат Еўропы). Рады, што 2018-ы пачаўся на такой жа пазітыўнай хвалі, бо наперадзе чэмпіянат свету ў Галандыі.

— Ці задаволены формай, у якой падыходзіце да яго?

— Так, адчуваю сябе выдатна. Увогуле кажучы, засталося ўсяго два тыдні — гэта вельмі маленькі прамежак часу, за яго асабліва не падрыхтавацца, што ёсць, тое ёсць. Цяпер у мяне заканчваецца збор у Турцыі, потым прыеду ў Мінск пакатацца пару дзён на трэку і адпраўлюся ў Галандыю. Зразумела, буду выступаць у скрэтчы, калі ў нашай каманды атрымаецца трапіць у мэдысан, тады і ў гэтай дысцыпліне.

Сярод лідараў на чэмпіянаце будуць аўстралійцы, брытанцы, бельгійцы, датчане. Многія краіны зараз сур'ёзна дадалі, нават калі меркаваць па сярэдніх хуткасцях, гэта відаць. Гады тры таму веласіпедысты паказвалі 50—52 км/г, цяпер — 55—57 км/г. Канкурэнцыя расце.

— Якія задачы стаяць перад вамі на чэмпіянаце свету?

— Імкнуся выконваць кантракт, заключаны з Мінспортам, там прапісана шостае — дзясятае месца, але я, вядома, еду ў Галандыю па медалі. Ужо выйграваў чэмпіянат Еўропы, Кубак свету, не хапае толькі перамогі на планетарным першынстве.

— У свеце распаўсюджана практыка, калі велагоншчык выступае і на шашы, і на трэку?

— Так, часам адно не можа быць без другога: каб ганяцца на трэку, неабходна практыка на шашы. Горныя трэніроўкі дазваляюць пракачаць сілу, цягавітасць, а на трэку развіваецца хуткасць.

Калі казаць пра адрозненні на спаборніцтвах, то на трэку гонкі больш кароткія па часе, але вельмі хуткасныя. 30 хвілін ты працуеш на мяжы сваіх магчымасцяў. На шашы можаш ехаць 4 гадзіны, за гэты час і вады пап'еш, і паясі, і своечасова збярэшся на фініш. Мне больш падабаецца трэк, гэта мая асноўная спецыялізацыя, але зараз вялікі акцэнт раблю на шашы, таму што ў будучыні хацелася б трапіць у прафесійны клуб. «Мінск» — гэта кантынентальны клуб, вельмі добра, што ён наогул ёсць у Беларусі, гэта вялікая перспектыва для спартсменаў і ў прыватнасці для мяне. Выступленні за яго — шанц паказаць сябе на гонках еўрапейскага календара, зарэкамендаваць, каб цябе заўважылі і прапанавалі кантракт з пратураўскім клубам.

— Па ходзе шашэйных гонак заўважаеце, што адбываецца вакол?

— Гэта залежыць ад таго, які ход гонкі, калі нейкія вырашальныя моманты, то ўвогуле нічога навокал не бачыш, а калі пелатон адпусцілі ў адрыў, а група коціцца, можна трохі расслабіцца, зладзіць перакус і паназіраць за горнымі пейзажамі.

— Ёсць краіна, дзе выступаць падабаецца больш за ўсё?

— На шашы ў мяне больш раўнінная спецыялізацыя, таму мне падабаюцца краіны менавіта з такім рэльефам.

— Ці здараліся нестандартныя сітуацыі падчас гонак?

— Бывала. Напрыклад, ідзе гонка, група гоншчыкаў з'язджае ў адрыў, і тут чыгуначны пераезд, лідары праскочылі, а астатняя група не паспявае, шлагбаум зачыняецца. Прыходзіцца чакаць, пакуль праедзе цягнік. Праўда, правілы рэгулююць такія сітуацыі, усіх велагоншчыкаў тармозяць, пакуль удзел не змогуць працягваць усе спартсмены. А наогул, усяго хапала, можа і сабака які-небудзь выскачыць пад колы, на зборы ў Арменіі сустрэлі цэлы статак парасят.

— Важна сачыць за ўласнай бяспекай на шашы?

— Вядома, небяспека на дарозе прысутнічае заўсёды, на спаборніцтвах велагоншчыкаў суправаджае міліцыя на машынах і матацыклах, а вось калі трэніруешся на шашы сам, трэба быць вельмі ўважлівым, трымацца на адлегласці метра ад абочыны і выконваць іншыя правілы, бо сумных выпадкаў было ўжо вельмі многа.

— Што б вы назвалі самым галоўным у веласпорце?

— Тут трэба быць працавіком і любіць тое, што робіш. Мне неяк з самага дзяцінства спадабаўся гэты від спорту. Трэнер прыйшоў у школу набіраць дзяцей у секцыю, спачатку туды пайшоў мой малодшы брат, праз дзень з'явіўся і я. Усё неяк адразу стала складвацца, спачатку ў Гродне (там я нарадзіўся) пачаў перамагаць на гарадскіх спаборніцтвах, потым на рэспубліканскіх, гэта надавала мне сіл і матывацыі, хацелася ўсё больш працаваць.

— З Гродна ў нас ёсць яшчэ адзін вядомы спартсмен з такім жа прозвішчам — гандбаліст Арцём Каралёк...

— Так, гэта мой стрыечны брат, сачу за гандболам, глядзеў студзеньскі чэмпіянат Еўропы, сумна, што хлопцы часта прайгравалі.

— Вернемся да веласпорту, ён траўманебяспечны?

— Вядома, калі група нясецца, можна чакаць усяго: хтосьці за кагосьці зачапіўся, і пачынаюцца падзенні, ад гэтага, вядома, траўмы. Мяне яны таксама не абышлі, сінякі — гэта дробязі, звыкла, а вось неяк узнікла праблема з каленам з-за таго, што няўдала ўпаў. Там сабралася вадкасць, прыйшлося выпампоўваць, дзякуй богу, усё абышлося.

— Якую перамогу назавяце самай значнай у вашай кар'еры?

— Гэта нават не перамога, а трэцяе месца на чэмпіянаце Еўропы ў 2015 годзе ў каманднай гонцы. Летась я ехаў на гэты турнір ужо мэтанакіравана па медаль, а тады гэта было нечакана. Хоць і ў 2017-м не мог паверыць у сваю перамогу, пакуль не ўручылі майку чэмпіёна, у якой па традыцыі трэба спаць. Было вельмі прыемна.

— Як звычайна строіцца ваш дзень?

— Свой асноўны час я праводжу на зборах за мяжой, рыхтуюся да гонак. Прачынаюся, на галодны страўнік іду на зарадку альбо на расцяжку да мора. Снедаю за дзве гадзіны да пачатку заняткаў і каля 10 гадзін выязджаю на трэніроўку, якая доўжыцца ад 4 да 6 гадзін на шашы. Вяртаюся бліжэй да вечара, вячэраю і кладуся спаць. У дзень адпачынку імкнуся выехаць у горад, пасядзець дзе-небудзь у кафэ і адпачыць маральна.

— Трэніроўкі атрымліваюцца досыць энергазатратныя.

— Так, таму бяру з сабой ежу, гэта звычайна батончыкі мюслі, зефір ці булачкі з джэмам, якія я гатую сам. Ёсць яшчэ спецыяльныя гелі, якімі зручна харчавацца ў дарозе, але я не бачу ў іх сэнсу, булачка засвойваецца даўжэй і дае больш энергіі.

— Допінгавыя скандалы сёння — адна з самых важных тэм у спорце, а пачаліся яны менавіта з веласпорту.

— Так, з Лэнса Армстранга, сяміразовага пераможцы «Тур дэ Франс», легенды веласпорту, які быў злоўлены на допінгу. Я спакойна да гэтага стаўлюся, упэўнены ў сабе і ў сваім лекары. На Кубку свету ў Мінску здаваў тэст два разы на дзень — да старту гонкі і пасля перамогі. Прадстаўнікі антыдопінгавага кантролю могуць прыехаць да мяне дадому ў любы час. У адпаведныя службы спартсмен аддае план сваіх збораў, спаборніцтваў і гэтак далей для таго, каб яны былі ў курсе, дзе і ў які час знаходзіцца атлет. Напрыклад, калі я прачынаюся ў 7 раніцы, ведаю, што з 7 да 8 павінен быць дома, таму што могуць прыехаць і праверыць мяне. Спецыялісты антыдопінгавай службы робяць гэта, вядома, без папярэджання і ў любы дзень, напрыклад, за мінулы год да мяне дадому прыязджалі 7 разоў, я здаў 14 проб. Гэта шмат.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Укладваць у офісы зноў выгадна

Укладваць у офісы зноў выгадна

Бізнес развіваецца больш дынамічна, бо з моманту апошняга скачка курса валют прайшло ўжо больш за два гады.

Спорт

Эксклюзіў двухгадовай даўнасці. Інтэрв'ю «Звязды» з Ганнай Гуськовай

Эксклюзіў двухгадовай даўнасці. Інтэрв'ю «Звязды» з Ганнай Гуськовай

Прыводзім тэкст той размовы сёння, калі Ганнай Гуськовай па праве ганарыцца ўся Беларусь.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Праславіў Някрасаў рускую жанчыну, на вякі праславіў!