24 Люты, субота

Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра матч Кубка Федэрацыі Беларусь — Германія, выступленне гандбольнага СКА ў розыгрышы Кубка ЕГФ і жаночай баскетбольнай зборнай у адборы на чэмпіянат Еўропы.


1. Жаночая тэнісная зборная прайграла камандзе Германіі з лікам 2:3 у чвэрцьфінальным матчы Кубка Федэрацыі.

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ.

У першы дзень спаборніцтваў, 10 лютага, Арына Сабаленка ўзяла верх над Таццянай Марыяй, а затым Аляксандра Сасновіч саступіла Антоніі Лотнэр. Падчас матча Аляксандра адчула праблемы са здароўем, яна дайграла сустрэчу, але з адмоўным для каманды вынікам. Медыцынскае абследаванне пасля гульні пацвердзіла асцярогу ўсёй каманды ў тым, што Сасновіч не зможа дапамагчы тэнісісткам у нядзелю, таму капітан каманды Эдуард Дуброў зрабіў аператыўную замену Аляксандры на Веру Лапко.

У нядзелю маладая тэнісістка саступіла Таццяне Марыі, а потым Арына Сабаленка перайграла Антонію Лотнэр, пасля чаго лёс матча вырашыўся ў драматычнай парнай сустрэчы.

У ёй Арына Сабаленка і Лідзія Марозава ва ўпартай барацьбе саступілі нямецкаму дуэту Ганна-Лена Грэнефельд/Таццяна Марыя.

— Наша задача цяпер вярнуцца ў І Сусветную групу, таму што наступны этап у красавіку ўжо будзе пераходны, за права застацца ў васьмёрцы наймацнейшых, — падводзіць вынікі сустрэчы Эдуард Дуброў. — Апошнім часам нам ледзь-ледзь чагосьці не хапае. У нас няма топавай пары, якая стабільна гуляе на турнірах. У цэлым я задаволены камандай! Калектыў наш мне падабаецца: згуртаваны, хоча гуляць, удасканальвацца, прагне перамог, ніхто не раскісае, а, наадварот, прымушае сябе працаваць далей, гатовы ўжо на наступным тыдні ехаць і гуляць на турніры.

Зборная Германіі ў барацьбе за выхад у фінал згуляе з тэнісісткамі Чэхіі, якія ў 1/4 перайгралі ў Празе швейцарак з лікам 3:1. Яшчэ ў адным чвэрцьфінале францужанкі адолелі на сваёй пляцоўцы бельгіек — 3:2. У паўфінале каманда Францыі згуляе са зборнай ЗША, якая перамагла ў сябе дома тэнісістак Нідэрландаў.


2. Жаночая зборная краіны па баскетболе прайграла камандзе Турцыі ў заключным матчы першага круга кваліфікацыйнага раўнда чэмпіянату Еўропы — 54:64. Самай выніковай у складзе беларусак аказалася натуралізаваная амерыканка Алекс Бэнтлі, якая набрала 12 ачкоў.

Наступны паядынак у кваліфікацыйнай групе В беларускія баскетбалісткі таксама правядуць на дамашняй пляцоўцы ў сталічным Палацы спорту. Заўтра іх сапернікам будзе зборная Польшчы, якая напярэдадні выйграла ў Таліне ў эстонак з лікам 87:68.

Нагадаем, на старце адборачнага турніру ў лістападзе 2017 года беларуская дружына перамагла полек — 70:62, а затым у Мінску разграміла саперніц з Эстоніі з лікам 80:63.

Становішча камандаў у групе В: Турцыя — 6 ачкоў, Беларусь — 5, Польшча — 4, Эстонія — 3.


3. Жаночая зборная Беларусі па індор-хакеі стала бронзавым прызёрам Кубка свету ў Берліне. У матчы за трэцяе месца беларускі сустрэліся з саперніцамі з Украіны і дабіліся перамогі — 2:1.

Адзначым, што наша зборная ўпершыню стала бронзавым прызёрам Кубка свету, да гэтага найлепшым вынікам каманды было чацвёртае месца ў 2011 годзе ў Познані. Цяпер у сусветным рэйтынгу зборная Беларусі займае пятае месца.


4. Гандбалісты мінскага СКА няўдала стартавалі ў групавым этапе розыгрышу Кубка ЕГФ. У дамашнім паядынку першага тура спаборніцтваў армейцы саступілі нямецкаму «Магдэбургу» з лікам 31:33. Наступны матч СКА правядзе 17 лютага ў гасцях у славацкага «Татрана» з Прэшава

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Галава закружылася не толькі ў Сасновіч

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надзея для Вары

Надзея для Вары

Калi хварэюць блiзкiя, гэта заўсёды гора, але няма гора большага, чым калi хварэюць дзецi. 

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.