25 Май, пятніца

Вы тут

Веснавая абрэзка ў садзе


Часам праца ў садзе нагадвае сапраўднае чараўніцтва. Чалавек можа задаваць дрэвам розную форму, кіраваць ураджаем і нават запускаць роставыя працэсы: напрыклад, сваім умяшаннем «нарасціць» галінак там, дзе было гола. Мала хто ведае, што на парастках акрамя бачных пупышак ёсць і так званыя спячыя, якія пры стымуляцыі могуць «выстраліць», здавалася б, на пустым месцы. Але перш чым выбірацца ў сад з секатарам, не пашкодзіла б паболей даведацца пра біялагічныя законы, звязаныя з ростам пладовых дрэў. Дарэчы, карысныя парады садаводы-аматары могуць атрымаць ад вучоных Інстытута пладаводства НАН Беларусі — па суботах для ўсіх ахвотных праводзіцца вучоба (сачыце за абвесткамі на сайце ўстановы), падчас якой вы ў тым ліку трапіце на практычныя заняткі ў садзе. Тут вы на свае вочы ўбачыце, якія галінкі і на якую даўжыню варта абразаць, даведаецеся, як дрэва можа адрэагаваць на вашы дзеянні і як паступова задаваць форму кроне.


Пра­ца з па­раст­ка­мі ў пер­шы і дру­гі год.

Асобныя сакрэты, звязаныя з абрэзкай саду, сёння чытачам «Звязды» раскрывае вядучы навуковы супрацоўнік аддзела тэхналогіі пладаводства Надзея Капічнікава:

— Сярод самых распаўсюджаных памылак садаводаў-аматараў можна назваць залішне кароткую абрэзку. Так, калі ад добра развітога аднагадовага парастка пакінуць маленькую частку, можна справакаваць рост некалькіх непатрэбных атожылкаў, што загушчае крону, і на наступны год давядзецца іх выразаць. Часам добра, каб на дрэве былі рознаўзроставыя галінкі. Некаторым садаводам можа падацца, што дробныя парасткі — лішнія. Але, калі такая галінка заканчваецца кветкавай пупышкай і яна перайшла ўжо ў перыяд плоданашэння, лепш пупышку не чапаць, яна ўжо не будзе перашкаджаць.

Трэба ведаць прыёмы, як абмяжоўваць дрэва ў росце. Так, калі мы бачым, што яно дасягнула патрэбнай вышыні, яго трэба паэтапна стрымліваць. А ў выніку няправільнай абрэзкі можна атрымаць ваўчковыя парасткі — цэлы лес побач з кальцавым зрэзам. Розныя сарты яблынь могуць патрабаваць свайго падыходу да абрэзкі. Калі ж вы будзеце працаваць з грушай, улічвайце, што ў такіх дрэў часта атрымліваецца сціснутая форма кроны, і таму, каб зрабіць яе больш аб'ёмнай, укарочванне аднагадовага прыросту заўсёды рабіце на знешнюю пупышку. Наогул, крона пладовых дрэў павінна быць празрыстая, каб святло трапляла не толькі на знешнія галінкі, але і ўсярэдзіну, тады на ўсім аб'ёме завязваюцца кветкавыя пупышкі.

— І, напэўна, такія дрэвы менш пашкоджваюцца ў час навальніц, моцнага ветру?

— Сапраўды, лішні аб'ём — высокая паруснасць, таму часцей за ўсё ветрам і выварочваюцца дрэвы з вялікай кронай. Калі ж яна празрыстая, вецер праскоквае, не ўпіраецца. Калі не абразаць сад, мы атрымліваем некіраваныя дрэвы, яны цягнуцца ўгору, галінавання няма. Аўксін, які ствараецца ў верхавінкавых пупышках галінак, узмацняе іх рост, але пры гэтым замаруджвае развіццё бакавых парасткаў. Калі ж мы ўкарочваем галінкі, пажыўныя рэчывы, якія рухаліся ўгору, лепш размяркоўваюцца.

Пры абрэзцы ў першую чаргу выдаляюцца пашкоджаныя, зламаныя галінкі, у абавязковым парадку — з ракавымі ранамі. Бывае, аднагадовы прырост сагнуты — расліны пашкоджаныя тлёй, медзяніцай, гэта пажадана выразаць, — такім чынам мы часткова пазбаўляемся ад шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хвароб. Важна, каб рана была здаровая: на свежы зрэз шкоднікі не так садзяцца, як на «размачалены». І, канешне, раны ад абрэзкі памерам з 20-капеечную манетку ці больш пажадана замазаць садовым варам ці фарбай.

— У адзін год на яблыні багата пладоў, у наступны — ёй няма чым нас парадаваць. Ці можам мы кіраваць ураджаем?

— Ёсць сарты, якія пладаносяць рэгулярна, а ў некаторых — дакладна выяўленая перыядычнасць (напрыклад, Заслаўскага). Абрэзка ў нейкай ступені рэгулюе плоданашэнне. Важна не дапускаць перагрузкі ўраджаем. Часам бываюць спрыяльныя ўмовы пры цвіценні, завязванне добрае, і нават усе плады могуць выспець нядрэннымі. Але дрэву трэба не толькі вырасціць яблычкі, але і закласці кветкавыя пупышкі на будучы год. Садаводам трэба ведаць, што пупышкі закладваюцца ў канцы чэрвеня — ліпені. Калі ж дрэва нагружана пладамі, яму можа не хапіць харчавання, і на наступны год, нават пры спрыяльных умовах, ураджаю можна не атрымаць. Між іншым, дрэва само здольнае скідваць лішнюю завязь. Пры чэрвеньскіх асыпаннях яму можна дапамагчы: лішнія плодзікі зрэзаць нажніцамі, таксама яны лёгка «сашчоўкваюцца» і проста пальцамі. Пажадана, каб адлегласць паміж яблычкамі была каля 20 сантыметраў. Дарэчы, такім чынам мы працуем і на якасць ураджаю — зможам атрымаць больш буйныя плады.

Ура­джай за­ле­жыць ад раз­мя­шчэн­ня га­лі­нак.

— Гэтай зімой было шмат адліг, а калі падмарожвала, не хапала снегу. Ці магло гэта адбіцца на садзе?

— Пакуль мы не апасаемся за сад. У мінулым годзе былі правакацыі, зваротныя халады, падмерзлі костачкавыя. Найбольш небяспечныя маразы ў сакавіку, асабліва пасля таго, як плюсавая тэмпература (5-8 градусаў) трымалася 5-7 дзён. Ёсць спосаб, які дапаможа крыху адцягнуць вегетацыю. Калі пачынае агаляцца зямля, трэба старацца згрэбці снег бліжэй да каранёвай сістэмы, каб пад дрэвам глеба як мага даўжэй не адтайвала. Часам так можна выйграць 3-4 дні. А бывае, што і адзін дзень можа быць крытычным.

— І ўсё ж калі варта праводзіць абрэзку, а калі позна ёй займацца?

— У аматараў яна праводзіцца ў канцы сакавіка — красавіку, калі дрэвы спяць. Калі ж пупышкі набухаюць, распускаюцца, выцягваючы абрэзаныя галінкі, садавод можа іх пашкодзіць. А наогул абразаць дрэвы ніколі не позна, мы гэта робім круглы год. Напрыклад, для таго каб стрымаць сілу росту, практыкуецца «папраўка» пасля цвіцення. Калі ўсе актыўныя аўксіны перабраліся ў верхнюю частку парастка, верхавінную пупышку можна зрэзаць, і тады дрэва не так моцна расце. Таксама мы праводзім «зялёныя аперацыі» з пачатку чэрвеня, калі парасткі выраслі з пачак запалак ці крыху болей (сантыметраў 10—12). Часам заўважна, што ідзе 3-4 атожылкі, а нам столькі не патрэбна для фарміравання кроны, лішнія выломваюцца зялёнымі, у выніку той адзін, які пакідаецца, будзе лепей расці.

— Ці можна стары запушчаны сад, які ніколі не абразаўся, зрабіць прыгожым, дагледжаным?

— У нас ёсць сад 1964 года пасадкі, мы трымаем яго невысокім, каб можна было з лесвіцай збіраць плады. У старым садзе можна рабіць амалоджванне ўсёй кроны. З вялікай колькасці галінак, якія прыкладна аднолькавыя па сіле росту, трэба прыбраць тыя, што перашкаджаюць. Асобныя галінкі можам перавесці на бакавыя адгалінаванні. Канешне, нельга зразаць адразу вельмі многа. Для таго каб карані добра развіваліся, ім патрэбна арганічнае рэчыва, якое сінтэзуюць лісты. І, зразумела, у першы год абрэзкі мы адразу не дасягнем таго эфекта, якога хацелася б, але ўжо атрымаем парасткі, з якімі пасля будзем працаваць як з пладаноснымі.

Акрамя таго, у садзе, які не старэйшы за 15 гадоў, можна перапрышчапіць яблыні. Гэта робіцца вясной. Зараз садаводы практыкуюць, калі на адным дрэве прышчэпліваецца некалькі сартоў, але пажадана, каб яны былі аднаго тэрміну выспявання, — раптам спатрэбіцца пазмагацца са шкоднікам. Бо ёсць такія сарты, што выспяваюць у жніўні, і такія, дзе плады здымаюцца ў канцы верасня.

За­да­ваць фор­му дрэ­ву мож­на  і пры да­па­мо­зе ад­гі­бан­няў шпа­га­там.

— У апошні час набыла папулярнасць верацёнападобная форма кроны, з чым гэта звязана?

— Раней ураджаю мы чакалі на 8-9 год пасля пасадкі, і, канешне, за гэты час дрэву можна было нарасціць крону, што і рабілі. Сучасныя сарты сталі хуткаплоднымі, часам саджанцы цвітуць яшчэ ў гадавальніку. Тут трэба фарміраваць крону так, каб атрымліваць ураджай з самага пачатку. Калі мы абразаем дрэва, выклікаем дадатковы рост, таму што парушаны суадносіны паміж надземнай часткай і каранёвай сістэмай, а вось развіццё, якое характарызуецца плоданашэннем, пры гэтым крыху адцягваецца. Пры верацёнападобнай кроне практычна ўсе галінкі пакідаюцца, трэба толькі пазбягаць сітуацый, калі яны растуць вельмі шчыльна ці фарміруецца востры вугал, і сачыць, каб не было канкурэнта цэнтральнага правадніка. Паколькі нам трэба асвятленне на ўсю крону, таму мы фарміруем яе так, што знізу яна шырэйшая, а да верху паступова звужаецца.

— Мяняюцца і схемы пасадкі...

— Раней вырошчвалі на семявой прышчэпе, а сёння з'явіліся клонавыя, якія па сіле росту бываюць суперкарлікавыя, карлікавыя, паўкарлікавыя. Селекцыянеры ствараюць сарты, але падвой можа паўплываць на іх сілу росту. Задача нашага аддзела вызначыць аптымальную схему пасадкі для кожнай сортападвойнай камбінацыі. І сёння ў радзе паміж дрэвамі можа быць метр-паўтара, а паміж радамі — 3,5-4 метры. Ужо ствараюцца цэлыя пладовыя сцены. Зразумела, гэта ўплывае і на фарміраванне дрэў. У сучасных садах абрэзкай мы задаём аптымальную форму кроны для нашых канкрэтных умоў. Так і ў садаводаў-аматараў: калі ўчастак невялікі, ім трэба пастарацца «запіхнуць» яблыню ў пэўную прастору. Пры жаданні можна «расцягнуць» дрэва ўздоўж агароджы ці дарожкі, задаць яму любую форму, нават «зігзаг». Наогул дрэва добра падпарадкоўваецца. Напрыклад, калі ўсе галінкі на ім раслі ў адзін бок, мы можам асобныя з іх накіраваць туды, куды нам трэба: прывязаць да коліка ў патрэбным кірунку, выкарыстаць прыём з пераводам на пупышку, абрэзкай выклікаць рост маладых атожылкаў.

— Атрымліваецца, крону можна змяняць не толькі абрэзкай, але і фізічным уздзеяннем?

— Так, можна рабіць расцяжку, прывязваць галінкі шпагатам, выкарыстоўваць грузікі ці разнастайныя іншыя прыстасаванні, нахіляць да шпалеры. На травяністых атожылках могуць спатрэбіцца і прышчэпкі. Дарэчы, ад нахілу залежыць утварэнне пладоў. Так, галінкі, размешчаныя гарызантальна, хутчэй уступаюць у плоданашэнне, а вертыкальныя імкнуцца да росту.

— Як вызначыцца з вышынёй дрэва?

— Галоўнае, каб вам было зручна. Калі ў гаспадарцы ёсць лесвіца, плодаздымальнік, — дрэва можа быць і да чатырох метраў. А вось рабіць яго вышэйшым няма сэнсу. Паспрабуй яшчэ адтуль дастаць яблык — яго можна толькі стрэсці, але пашкоджаныя плады не будуць захоўвацца.

— Што садаводу яшчэ трэба рабіць ранняй вясной?

— У абавязковым парадку трэба пабяліць дрэвы. На сонейку кара ўдзень награваецца, а ўначы — наадварот, на дрэвах могуць з'явіцца трэшчыны. Калі ж дрэва пабелена, сонца на яго не так уздзейнічае. А вось першыя апрацоўкі ад шкоднікаў праводзяцца ў красавіку, калі сярэднесутачная тэмпература стабільна пераходзіць за плюс пяць, ідзе набуханне пупышак, вылазяць казюлькі, развіваецца парша. Пры нізкіх тэмпературах прэпараты не працуюць. Наогул, чытайце інфармацыю на этыкетках, там прапісаны ўсе рэгламенты.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Як кіраваць дрэвам?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Але на другасным рынку «хапун» на нерухомасць хутка скончыцца, лічаць эксперты.

Грамадства

Што прыводзіць да траўмаў на вытворчасці?

Летась на вытворчасці адбылося амаль 1400 няшчасных выпадкаў. Многа гэта ці мала? 

Грамадства

Чаму быць сярэднім спецыялістам эканамічна нявыгадна?

Чаму быць сярэднім спецыялістам эканамічна нявыгадна?

Грамадству патрабуюцца творчыя асобы.