Вы тут

«Першы свой магнітафон сабраў у 9 класе, калі нас электрыфікавалі»


У Інстытуце інфармацыйных тэхналогій БДУІР працуе музейная экспазіцыя «Радыёнастальгія», дзе прадстаўлена бытавая апаратура розных часоў. Гэта не камерцыйны, а вучэбна-азнаямленчы праект, які дэманструе этапы развіцця радыёэлектронікі. Пра яго экспазіцыю ўсім ахвотным расказвае інжынер-электронік Пётр Карповіч, які і сабраў там усе экспанаты. «Сапраўдныя музеі ствараюць фанаты, а не тыя, хто павінен гэтым займацца па абавязку сваёй службы», — лічыць энтузіяст. Калекцыянаваць старую апаратуру ён пачаў у 2005 годзе, але радыётэхнікай захапіўся яшчэ ў 1960-я.


Інжынер і экскурсавод

«Вам на якой мове расказваць? — пытаецца суразмоўнік і тут жа сам дае адказ на сваё пытанне: — Давайце на беларускай, мне так лягчэй». Па іроніі лёсу ў нашага героя была адна 4 у атэстаце... па беларускай мове. Сваё жыццё ён звязаў з дакладнымі навукамі.

«Унукі смяюцца: што такое пірожнае, я даведаўся толькі ў 8 класе. А першы свой магнітафон сабраў у 9-м з таго, што было дома, калі нас электрыфікавалі. Галоўнае, ён голас запісваў, можна было паслухаць», — успамінае Пётр Пятровіч.

Такім чынам, па жыцці вырашыў быць інжынерам. З чацвёртай спробы (!) паступіў у БДУІР (тады МРТІ) на вячэрняе аддзяленне. Трапіць туды ў той час, у прынцыпе як і цяпер, было вельмі складана. Вячэрнікі вучыліся 6 гадоў. Пётр Карповіч ужо меў практычны вопыт, дзякуючы чаму было лягчэй засвойваць матэрыял. Пасля працаваў на заводзе рэгуліроўшчыкам, потым інжынерам-канструктарам. Пасля «ўсіх развалаў» з 1991 года прыйшлося пабыць майстрам па рамонце бытавой тэхнікі. «Не вытрымлівалі нервы, калі там працаваў, — з неахвотай успамінае тыя часы Пётр Пятровіч. — Апошнія 5 гадоў я працаваў адзін, не было прыёмшчыцы. Людзі прыходзілі злыя. Само сабой, усё зло вылівалі на тых, хто іх абслугоўваў». У 2005 годзе ён уладкаваўся інжынерам і педагогам у мінскі Палац дзяцей і моладзі. У БДУІР Пётр Карповіч працуе па сумяшчальніцтве — сюды ж перамясцілася і сабраная ім музейная экспазіцыя. «У ёй было больш за 300 экспанатаў рознага ўзроўню. Поўнафарматная выстаўка не проста бытавой тэхнікі, а ўсяго, што звязана з радыёэлектронікай, — успамінае інжынер. — Дзякуй дырэктару Інстытута інфармацыйных тэхналогій БДУІР Валерыю Назаранку, ён дапамог: выдзелілі грошы, знайшлі бакоўку. Захавалі экспанаты, якія ў адзіным экзэмпляры засталіся».

Многае з апаратуры знайшоў на сметніку

Зараз экспазіцыя знаходзіцца там, дзе, здаецца, ёй і месца. Дзякуючы калекцыі наведвальнікі могуць у поўнай меры ацаніць этапы і сучасны ўзровень тэхнічнага прагрэсу. А для студэнтаў экспанаты музея — гэта ўвогуле нешта неверагоднае.

У новым корпусе БДУІР на Казлова, 28 для музея выдзелілі асобнае вялікае памяшканне. Але пакуль што там не завершаны рамонт, і экспазіцыя туліцца ў невялікім пакоі на першым паверсе навучальнага будынка. Затое ва ўсіх навідавоку.

Рарытэты ў музей спадар Карповіч пачаў збіраць у 2005 годзе: да сваіх запасаў дадаліся тыя, што прыносілі суседзі па гаражы. Ездзіў збіраў старыя тэлевізары, радыёмагнітафоны, дэталі да іх па ўсім горадзе. Многае з апаратуры знаходзілася на сметніку. «Самае засмучэнне было, калі сусед па гаражы першы мінскі прыёмнічак «Піянер» выкінуў на сметнік. Я ў шоку быў! Бацька яго быў партыйным работнікам. Ён яму па талончыку дастаўся. Гэта экспанат бясцэнны быў», — успамінае інжынер.

Калекцыя музея ўключае ў сябе некалькі тэматычных раздзелаў, самы вялікі з якіх — бытавая апаратура розных эпох. Тут ёсць радыёпрыёмная апаратура, музычныя цэнтры і радыёкомплексы, радыёапаратура прайгравання і запісу гуку, тэлевізійная апаратура, хатняе кіно (тое, што было да відэамагнітафонаў) і іншае.

Хто раней меў «Спідолу», цяпер бы катаўся на Bеntlеу

У спадара Карповіча захапленне радыёэлектронікай было на ўзроўні фанатызму: як з'явілася летам 1962 года, так і не праходзіць па сённяшні дзень. Майстар наракае, што ў пераважнай колькасці людзей цікавасць да экспанатаў чыста знешняя: вабяць «прыгожанькія карпусы», а для яго самога першаснае — унутраная «начынка». У планах інжынера зрабіць самыя важныя апараты музея БДУІР з празрыстымі карпусамі, каб было відаць, як яно ўнутры працуе. У запасах экспазіцыі ёсць наборы для радыёканструявання: калі было мала апаратуры, тыя, хто ўмеў, збіралі яе самі.

Сёння ў майстра сабрана каля сотні тэлевізараў розных памераў і розных гадоў. Самым рарытэтным экспанатам з'яўляецца прыёмнік 1946 года, пасля іх па часе ішлі радыёлы. У пачатку 60-х гадоў увайшлі ў моду радыёкамбайны — некалькі апаратаў у адным корпусе. Прадстаўлена «Беларусь 110» — гэта апошняя мадэль з радыёкамбайнаў (тры апараты ў адным корпусе: тэлевізар, шматдыяпазонны прыёмнік і прайгравальнік грампласцінак). Пасля ў 70-я гады перайшлі да радыёкомплексаў — радыёкамбайн падзялілі на асобныя блокі. Да таго ж ёсць электрафоны.

«Хто раней меў «Спідолу», цяпер бы катаўся на Bеntlеу, каб быў больш зразумелы ўзровень, — жартуе інжынер. — Такія апараты маглі мець людзі, якія займалі высокія кіраўнічыя пасады».

Некаторыя экспанаты музея з сімволікай Алімпіяды-1980 па футболе. Напярэдадні гульняў усім заводам далі заданне выпусціць па сваім профілі апаратуру з эмблемай, кажа суразмоўнік. Цікава, што дызайн тэхнікі, гэтак жа як і адзення, паўтараецца: была мода на вуглаватыя карпусы, потым сталі рабіць больш круглыя формы, кажа Пётр Пятровіч. Варта адзначыць, што ў музеі шмат беларускай апаратуры, якую выраблялі не толькі ў Мінску, але і ў Гродне, Брэсце, а таксама экспанаты з іншых рэспублік былога Савецкага Саюза.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Радыёнастальгія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».