Вы тут

Сабекошт цеплаэнергіі зменшыцца


А практыка ўцяплення дамоў пры капрамонце за сродкі ўласнікаў павінна прымяняцца паўсюдна.

Мінулы год для ЖКГ, як і папярэдні, прайшоў у рэжыме жорсткай эканоміі, аднак сістэма спрацавала досыць стабільна, без сур'ёзных збояў. Спажыўцам аказаны паслугі ў запатрабаваных аб'ёмах. Скарачаецца колькасць запазычанасцяў за жыллёва-камунальныя паслугі і плануецца карэкціроўка адпаведных законаў. У аснову канцэпцыі развіцця ЖКГ да 2025 года пакладзены прыярытэтны кірунак: забеспячэнне грамадзян камфортнымі ўмовамі пражывання за кошт павышэння надзейнасці функцыянавання аб'ектаў з адначасовым зніжэннем затрат на аказанне ЖКП. Пра гэта падчас выніковай калегіі ведамства расказаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр ЦЕРАХАЎ.


Сабекошт ЖКП і кіраванне затратамі

Нягледзячы на тое, што заданне па зніжэнні затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг у краіне ў цэлым выканана, асобныя камунальныя гаспадаркі дапусцілі перавышэнне сабекошту паслуг над устаноўленымі нарматыўнымі цэнамі. Такім чынам, звышнарматыўныя затраты склалі каля 3 млн рублёў. (Праўда, у пазамінулым годзе гэтая лічба была 4,5 млн.)

— Уласнікам, рэгіянальным уладам трэба ўзяць пад асаблівы кантроль гэтыя арганізацыі. Павінны быць перагледжаны і зацверджаны бізнес-планы іх развіцця, — заўважыў міністр. — Галоўнымі метадолагамі-аўдытарамі павінны выступіць дзяржаўныя аб'яднанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі абласцей. Я прашу вас знайсці сабе практычнае прымяненне і апраўдаць грошы, якія вы збіраеце з усіх прадпрыемстваў вобласці.

З кіраваннем затратамі таксама ёсць складанасці, зазначыў Аляксандр Церахаў. У сабекошт ЖКП лепш за ўсіх уклаліся брастаўчане і Віцебская вобласць. Гэта значыць, што ад планава-разліковых цэн названыя рэгіёны атрымаюць найбольшую аддачу і прыбытак. Астатнія пакуль дэманструюць гатоўнасць да поспеху і пакрываюць свае выдаткі за кошт магчымага прыбытку, а гэта немалыя аб'ёмы сродкаў. «Калі б планы выконваліся, то Мінск мог бы накіраваць на развіццё больш як 11 млн рублёў, Магілёўская вобласць — больш за 6 млн, Гомельская — каля пяці».

Страты, звязаныя з утрыманнем няпрофільных актываў, узраслі ў Гомельскай і Мінскай абласцях. Па даручэнні ўрада Брэсцкім, Віцебскім, Гродзенскім, Магілёўскім аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам для работы з няпрофільнымі актывамі створаны адпаведныя прадпрыемствы. Іх у краіне 11. Аднак такія арганізацыі не створаны ў Гомельскай і Мінскай абласцях.

Запазычанасць па субсідыях і паслугах

Пратэрмінаваная запазычанасць за паслугі ЖКГ у краіне існуе як у насельніцтва, так і ў юрыдычных асоб. Прычым у апошніх гэтая лічба ўтрая вышэйшая, чым у фізічных асоб. 43 % з іх — гэта сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

— Тут вы павінны і можаце прымяніць усе меры адміністрацыйнага ўздзеяння да даўжнікоў, ажно да адключэння, — заклікаў міністр. — Мы сёння вышукваем фонды, прыцягваем крэдыты, каб будаваць станцыі абезжалезвання, ачышчальныя збудаванні, перакладваць цепласеткі і сеткі водазабеспячэння, а ў дэбіторскай запазычанасці юрыдычных асоб знаходзіцца амаль 40 млн долараў.

Разам з тым скарачаецца пратэрмінаваная запазычанасць бюджэтных арганізацый. «Летась гэта была зона крытыкі, а сёлета, я прагназую, пытанняў быць не павінна», — адзначыў станоўчы момант міністр.

Зменшылася таксама запазычанасць арганізацый па субсідаванні аплаты паслуг ЖКГ насельніцтву. Летась запазычанасць з мінулага года была амаль 24 млн рублёў, сёлета яна складае не больш за 10 млн. У Віцебскай і Гомельскай абласцях разлічыліся поўнасцю.

Цяпло па сабекошце

Вытворчасць цеплавой энергіі — самая дарагая паслуга. І Прэзідэнт паставіў задачу знізіць у 2018—2019 гадах сабекошт энергіі, якую выпрацоўваюць арганізацыі ЖКГ уласнымі крыніцамі энергіі, і гэта дасягальна, заўважыў міністр.

Сабекошт выкарыстання на новых кацельных шчэпак і торфу — 70—75 рублёў за Гкал і нават менш, і знізіць яе яшчэ больш рэальна. Летась уведзена ў эксплуатацыю 84 Мвт высокаэфектыўных магутнасцяў на мясцовых відах паліва (МВП), а гэта 130 % ад плана. Сёлета задача значна больш складаная — увесці кацельных на больш як 160 Мвт.

Сабекошт цеплаэнергіі па краіне быў 99,3 руб. за адну Гкал пры прагназаваным кошце 101 рубель. Мэта знізіць яго да 80 руб. Пры гэтым у сістэме засталася яшчэ 1191 цеплакрыніца, якая мае высокі сабекошт выпрацаванай энергіі. Прычына гэтага — неэфектыўная загружанасць кацельнага абсталявання.

Мінусы і плюсы капрамонту

Пад асаблівым кантролем знаходзіцца і жыллёвы фонд. Летась адрамантавана 2,6 млн м2 жылля. Па словах міністра,
нягледзячы на ўсе прынятыя меры, застаюцца фактары, якія замаруджваюць правядзенне капрамонту: тэрміны выканання работ, адсутнасць комплекснасці і індывідуальнай працы з насельніцтвам. Не ўдалося пакуль выключыць дамы з перавышаным нарматыўным тэрмінам будаўніцтва. Сёння іх у краіне пяць, тры з якіх — у Віцебскай вобласці.

— Таннае будаўніцтва — гэта хуткае будаўніцтва. Рэзервы ў скарачэнні тэрмінаў правядзення работ паказаў капрамонт за месяц. Неабходна сабраць усё станоўчае і ўкараніць у шырокую практыку. Зніжэнне кошту і скарачэнне тэрмінаў не павінна ўплываць на комплекснасць рамонту, — акрэсліў Аляксандр Церахаў. — А пра работу з насельніцтвам і казаць сорамна. Дайшло да таго, што ўласнікі хочуць унесці свае грошы ва ўцяпленне свайго жылля, а арганізацыі галіны не маюць жадання арганізаваць адпаведныя работы. Адсутнічае дыялог з кліентам пры аказанні адной з самых галоўных камунальных паслуг. Практыка ўцяплення жылых дамоў насельніцтвам падчас капрамонту павінна прымяняцца паўсюдна, дзе людзі хочуць гэта выканаць.

Міністр таксама адзначыў, што асобным кірункам пры правядзенні капрамонту павінна стаць арганізацыя пакватэрнага рэгулявання спажывання цеплаэнергіі. «Ніводнае заданне не павінна выконвацца без папярэдняга сходу з уласнікамі. Вынікам усяму павінен быць заключаны дагавор», — рэзюмаваў ён.

Летась законам аб рэспубліканскім бюджэце па пяці кірунках (капрамонт, замена ліфтаў, мадэрнізацыя кацельных, замена цепласетак і сетак водазабеспячэння і каналізацыі) устаноўлены мінімальныя нарматывы бюджэтнай забяспечанасці. Гэта зроблена, каб мясцовыя органы ўлады не мелі магчымасці памяншаць агульны аб'ём бюджэтных сродкаў, прадугледжаных на названыя кірункі. Можна толькі пераразмяркоўваць сродкі паміж гэтымі мерапрыемствамі без памяншэння агульнай сумы, заўважыў Аляксандр Церахаў. Аднак, акрамя Віцебскай вобласці і сталіцы, па ўсіх рэгіёнах відаць парушэнні. У Брэсцкай вобласці з названых мерапрыемстваў знята 2 млн рублёў, Гомельскай — 3,7, Гродзенскай — 1,6, Мінскай — 2,3, Магілёўскай — 6,1 млн. «З капрамонту выканкамамі знята 53 млн рублёў. А гэта нават па гранічным кошце больш за 300 тысяч м2 уведзенага жылля», — акрэсліў міністр.

Удасканаленне і мадэрнізацыя сістэмы суправаджаецца распрацоўкай і прыняццем нарматыўна-прававых актаў. Летась міністэрства распрацавала 36 такіх дакументаў, сёлета мае адбыцца не меншая работа, заўважыў Аляксандр Церахаў. Асноўныя дакументы для карэкціроўкі: Жыллёвы кодэкс, Падатковы кодэкс, змяненні ў закон аб ахове правоў спажыўцоў ЖКП, закон аб змяненні закона па пытаннях пахавання, закона па добраўпарадкаванні і падтрымцы ў належным санітарным стане тэрыторый населеных пунктаў. А таксама як мінімум 15 праектаў указаў Прэзідэнта, якія будуць рэгуляваць пытанні дзейнасці таварыстваў уласнікаў, абыходжання з адходамі карыстання, стварэння залогава-дэпазітнай сістэмы, укараненне цеплавой мадэрнізацыі дамоў. Будзе скарэктавана праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе».

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Сродкі і мэты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?