Вы тут

Думкі пра Беларусь Уладзіміра Стальмашонка


Народнаму мастаку Беларусі, графіку, педагогу Уладзіміру Стальмашонку сёлета павінна было б споўніцца 90 гадоў. З гэтай нагоды супрацоўнікі Музея гісторыі горада Мінска і Нацыянальнага мастацкага музея арганізавалі выстаўку «Мастак і чалавек».


Уладзімір Стальмашонак «Слова пра Беларусь», 1972 г

Выстаўка ў Мастацкай галерэі імя Міхаіла Савіцкага адметная тым, што прадстаўляе шматгранную творчасць Уладзіміра Іванавіча. Для экспазіцыі Нацыянальны мастацкі музей прадставіў хрэстаматыйныя творы аўтара. Гэта этапныя работы «Народныя камісары Беларусі» і «Слова пра Беларусь», якія ў плане сюжэтнасці сталі для свайго часу наватарскімі. У першай рабоце мастак адлюстраваў камісараў, якія былі пазней рэпрэсіраваныя. Ён адзін з першых звярнуўся да тэмы рэпрэсіраваных грамадскіх і культурных дзеячаў нашай рэспублікі. Вельмі ўдала выбудаваная канцэпцыя прадстаўленага фотаархіва, дзе паказаны манументальныя работы майстра.

Трэцяя частка экспазіцыі, на думку арганізатараў праекта, — сапраўдны гонар музея. Гэта графічныя замалёўкі горада, якія рабіў Уладзімір Іванавіч. Іх удава майстра Ірына Назімава знайшла пасля смерці мастака, калі разбірала яго архівы. На гэтых работах паказаны гістарычны Мінск, які яшчэ толькі будаваўся. Там і оперны тэатр, і від на будаўніцтва стадыёна «Дынама» і Палаца прафсаюзаў. У Ірыны Васільеўны не было сумневаў, куды перадаць гэтыя творы: Музею гісторыі горада Мінска. Нягледзячы на тое, што гэта фактычна накіды, яны фатаграфічныя.

— Уладзімір Іванавіч і мой бацька Віктар Гаўрылаў разам стваралі вітражы. Мы сябравалі дамамі, — расказвае куратар праекта Таісія Капыльская. — Сям’я Уладзіміра Стальмашонка была інтэлігентная: час выпаў цяжкі, але яны ніколі ні на што не скардзіліся. Заўсёды прымалі ўсё як ёсць. Мастак часта падкрэсліваў, што трэба жыць паўнавартасна. Акрамя таго, што ён быў творцам, яшчэ актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці краіны, заўсёды адстойваў інтарэсы мастацтва. Для яго гэта была асаблівая місія — развіваць нацыянальную культуру, стварыць магчымасць для творчай свабоды.

Вучні Уладзіміра Іванавіча памятаюць, што майстар вучыў іх маляваць так, як яны адчуваюць свет, прасіў, каб выпрацоўвалі асабісты стыль. Ён не любіў, калі маладое пакаленне падладжвалася пад трэнды часу. У перыяд сацрэалізму стараўся сысці ад штодзённасці і зачапіць сябе і свайго гледача глыбінёй, гэта ж перадаваў вучням.

Будучы жывапісцам, аўтар працаваў з мармурам, шклом, нават з крышталём. Ніколі не расставаўся з алоўкам, замалёўваў усё, што трапляла на вока.

— На іх з татам так цікава было глядзець: у таты ў руках быў кавалачак пластыліну, а ў Уладзіміра Іванавіча — аловак і папера, — успамінае Таісія Капыльская. — Гэта тыя людзі, якія не маглі жыць без сваіх матэрыялаў. Яны фіксавалі жыццё кожную хвіліну. Стальмашонак напісаў мноства партрэтаў. Праз вобраз чалавека, асобы ён ствараў вобраз Беларусі. Пісаў партрэты жанчын, дзеячаў культуры, палітыкаў. У яго ёсць, на мой погляд, унікальны партрэт Якуба Коласа, у якім адчуваецца сіла пісьменніка: у адной асобе ён адлюстраваў усю Беларусь. Наша выстаўка — пра вельмі добрага чалавека, які ўвесь час знаходзіўся ў працы. Адсюль і назва праекта.

Напрыканцы 1980-х гадоў Уладзімір Стальмашонак пабываў у Амерыцы. Менавіта тады пра яго напісалі ў амерыканскай штодзённай газеце «New York Times». Публікацыя выйшла 24 верасня 1989 года, у ёй распавядалася пра тое, як за час знаходжання ў Амерыцы беларускі мастак стварыў 730 малюнкаў, з якіх 60 адразу ж падарыў тым, каго адлюстраваў. Удава мастака кажа, што ў гэтым і быў увесь Уладзімір Стальмашонак: яго дабрыня і спагадлівасць не мелі межаў.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Час, раскладзены на імгненні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».