Вы тут

Псіхалогію чалавека ідэі даследавалі ў спектаклі «Апошні»


У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў прайшоў спектакль экстэатра EYE «Апошні», пастаўлены рэжысёрам Дзмітрыем Масцяніцам па матывах п’есы Хайнера Мюлера «Маўзер».


Падчас спектакля «Апошні».

Эксперыментальны тэатр адзначае, што паказ «Апошняга» прымеркаваны да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі і нагадвае пра драматычныя падзеі, якія адбываліся пасля. Склалася пастаноўка-антыўтопія. Сюжэт досыць тыповы: адданы слуга рэвалюцыі, які выконвае загады партыі, аднойчы атрымлівае загад на забойства самога сябе. Цікава, што арыгінал — п’еса вядомага нямецкага драматурга Хайнера Мюлера — з’яўляецца своеасаблівай інтэрпрэтацыяй «Ціхага Дона» Міхаіла Шолахава. У ходзе дзеі неаднаразова падкрэсліваецца, што дзеянне адбываецца ў горадзе Віцебску: атрымліваецца незвычайны мікс нямецкай драматургіі, рускай літаратуры і беларускай прасторы. Паступова спектакль узнімаецца ад рэвалюцыі савецкай да рэвалюцыі абстрактнай, а таму абсалютнай; яна быццам намаляваная мастакомкубістам, які імкнуўся праз спрашчэнне знешняй формы адлюстраваць глыбіннае значэнне прадмета.

Галоўнага героя дзеі нельга назваць сапраўднай асобай — гэта абагулены вобраз ідэйнага рэвалюцыянера, рысы якога можна было знайсці ў тысячах такіх самых людзей. Яго сцэнічнае жыццё ідзе па стандартнай для жанру антыўтопіі схеме. Напачатку мы бачым безыменнага салдата без сумневаў, які забівае ворагаў рэвалюцыі падчас баёў. Калі паўстае патрэба ў пазбаўленні жыцця бяззбройных сялян, нешта паступова мяняецца ў яго свядомасці. Ці можна страляць у спіны безабаронных і бязвінных людзей і заставацца чалавекам? У героя нараджаецца першае сумненне, якое вядзе да цяжкага ўнутранага супрацьстаяння. Думкі, што з’яўляюцца падчас гэтай барацьбы, узвышаюць яго, пераносяць на новы ўзровень свядомасці. Але канфлікт, што выклікаў столькі супярэчнасцей, павінен прыйсці да лагічнага завяршэння. Нарэшце наступае заключны этап: у фінальным сутыкненні персанажа з рэвалюцыяй (у «Апошнім» вобраз рэвалюцыі можна назваць паўнавартасным героем дзеі) ён робіць выбар. Згодна з класікай жанру, хэпі-энд не прадбачыцца: адзін чалавек не здольны пераадолець сістэму.

У рэчышчы антыўтопіі сказаць нешта новае цяжка, бо тэма ўжо даволі заезджаная. Напэўна, таму стваральнікі спектакля «Апошні» зрабілі выразны акцэнт на эмацыянальным складніку пастаноўкі. Камерная абстаноўка залы ў НЦСМ добра перадавала адмысловую атмасферу, створаную пры дапамозе гіпнатычнага тэксту п’есы і выразнай сцэнаграфіі. Нягледзячы на тое, што ў тэксце «Маўзера» размаўляюць некалькі персанажаў, пастаноўка ідзе як монаспектакль (акцёр у «Апошнім» узаемадзейнічае з голасам па-за сцэнай, у арыгінальнай п’есе названым «Хор» на манер старажытнагрэчаскіх трагедый). Спектакль насычаны рэфрэнамі (ці гэта лозунгавасць, уласцівая савецкім галасам?), завучанымі клішаванымі фразамі, стэрэатыпамі. Разуменне не патрэбнае, бо ёсць простыя канструкты: «Вайна — гэта мір», «Пяцілетку — у чатыры гады» і, нарэшце, «Надзённы хлеб рэвалюцыі — гэта смерць яе ворагаў».

Сцэнаграфія «Апошняга» створаная ў лепшых чэхаўскіх традыцыях: калі б на адной са сцен залы НЦСМ раптам апынулася стрэльба, яна б, безумоўна, стрэліла. Ніводная з лаканічных дэкарацый не засталася ў якасці звычайнага прадмета інтэр’ера: усё было задзейнічана падчас выступу. Нават святло, якое раз-пораз пераўтваралася ў чырвоную зорку, не проста адцяняла сцэнаграфію, а сталася часткай агульнага антуражу. У канцы спектакля літаральна ўвасобілі фразу з п’есы пра тое, што цішыня пасля бойкі страшнейшая за яе шум: каб справакаваць аўдыторыю, зладзілі адмысловую гульню ў маўчанку.

…Пакуль акцёр нерухома сядзеў на сцэне, у цішыні ды цемры гучала рэха спектакля. Нечакана з’явіўся час, каб зрабіць высновы і прааналізаваць убачанае. «Я чалавек і я не хачу паміраць» — адразу адгукнулася праява экзістэнцыяльнага мыслення. Так, на першы погляд ідэя перамагла: чалавек ідзе на самагубства, бо рэвалюцыя вымушае яго аддаць уласнае жыццё. Але што стала нагодай для самагубства: адданасць ідэі рэвалюцыі, якая, аднойчы пахіснуўшыся, усё ж перамагла над сумнівамі, ці нечакана адчутыя пакуты сумлення? Калі забойствы ёсць звычайная штодзённая праца, яна абавязкова прывядзе да прафесійнай дэфармацыі, скалечыць асобу. Учынкі, зробленыя ў імя вышэйшай мэты, пераўтворацца ў начныя жахі, варта толькі ўсвядоміць іх рэальную сутнасць. Калі герой дзеі не здолеў жыць з пачуццём віны, то не ўсемагутная рэвалюцыя, а рукі бязвінна забітых людзей адправілі яго на імправізаваны эшафот…

Выразна прагучала і экзістэнцыяльнае адчуванне асабістай адказнасці за свае дзеянні: у імгненні, калі рэвальвер і рука сустракаюцца дзеля спуску курка, кулю вызваляе не сістэма, а свабодны чалавек.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота экс-тэатра ЕУЕ.

Загаловак у газеце: Экзістэнцыя рэвалюцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».