Вы тут

У Мірскім замку адзначылі свята Масленіцы


Першы дзень Масленічнага тыдня завецца «Сустрэча». У гэты дзень пяклі бліны, прывячалі гасцей і майстравалі з саломы пудзіла Масленіцы, якое вазілі ў санях па вуліцах. У гістарычным дворыку Мірскага замка ў Карэліцкім раёне таксама адзначылі першы дзень свята Масленіцы.


Адпаведна традыцыям пачалося яно відовішчным і каларытным шэсцем з каляднай зоркай, калядоўшчыкамі, песнямі ды жартамі. Наперадзе святочнай працэсіі ў запрэжаных санях ехалі Зіма з Вясною ды пудзіла Масленіцы.

Па дарозе скамарохі ды калядоўшчыкі (супрацоўнікі раённага Дома культуры і бібліятэкі) прапаноўвалі ўсім сустрэчным піражкі ды ледзянцы ўласнага прыгатавання. А само гулянне пачалося ва ўнутраным дворыку Мірскага замка.

Госці маглі не толькі пачаставацца гарачымі аладкамі ды гарбатай, але і паўдзельнічаць у зімовай рыбалцы, злавіўшы на вуду карысны прыз. Або звязаць масленічную ляльку-абярэг.

— Па традыцыі яе звязвалі і ў той жа дзень палілі разам з усімі клопатамі і бедамі. Аднак нашы госці забяруць яе на памяць пра свята, — расказалі дзяўчаты з Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

— Музей не стаіць убаку ад народных традыцый. Нельга сказаць, што мы іх развіваем, хутчэй, падтрымліваем. Масленічны тыдзень беларусы заўжды добра ладзілі. Вельмі прыемна, што святкаванні пачаліся на тэрыторыі замка, што было нечакана для многіх наведвальнікаў, — падзяліўся ўражаннямі Аляксандр ЛОЙКА, дырэктар замкавага комплексу «Мір». — Мы спадзяёмся, што свята прыжывецца ў музейным комплексе і стане адзначацца тут традыцыйна. Масленічны тыдзень мы таксама скончым у суботу ў нашым унутраным дворыку выступленнем артыстаў з розных раёнаў Гродзенскай вобласці.

Свята, безумоўна, удалося, і ўспамін пра яго застанецца не толькі ў наведвальнікаў, але і ў тых, каго побач не было. Турысты са стажам — мама Таццяна, тата Іван, дзеці Сцяпан і Сафія і бабуля  Таня — прыехалі паздымаць зімовы замак і выпадкова трапілі на свята. Прыемныя ўражанні ў здымках і відэа адразу пачалі адсылаць сваякам за мяжу:

— Замест таго каб у Мінску ў кватэры сядзець і ў лепшым выпадку на санках выйсці пакатацца, лепш падарожнічаць. Тым больш што мы гэта любім, а яшчэ і снег нарэшце выпаў. А тут такі нечаканы святочны падарунак...

Паміж Карэліцкім райвыканкамам і Мірскім замкам атрымліваецца добры тандэм. Іна САНЧУК, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, заўважае:

— Мы хочам, каб пэўныя святы асацыяваліся ў людзей з канкрэтным месцам і яны ведалі, што і наступным годам можна наведацца сюды на мерапрыемства. У Мірскім замку, спадзяёмся, прыжывецца Масленіца, у Цырыне ў нас Мядовы Спас, у Жухавічах — Яблычны, у Ярэмічах — свята дранікаў.

«Звязда» таксама далучылася да агульнага гуляння і падтрымлівала настрой, дорачы ўсім ахвотным сцяжкі ды паветраныя шарыкі.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».