Вы тут

Новыя электрамабілі будуць збіраць і выпускаць пад Мінскам


На мінулым тыдні айчынныя аўтааматары маглі адчуць нейкую іронію лёсу: літаральна адначасова падаражаў бензін і адбылася прэзентацыя дзвюх мадэляў электрамабіляў Zоtуе. Прасторны седан Z500ЕV і гарадскую малышку Е200 будуць збіраць і выпускаць пад Мінскам на прадпрыемстве «ЮНІСОН». Таму наступнае змяненне цаны паліва можа закрануць значна менш беларусаў...


Сямейны седан.

Заглянем далей

Каб прадэманстраваць, наколькі машына бязгучная і экалагічная, генеральны дырэктар «ЮНІСОН» Дзмітрый ЯГОРАЎ нават праехаўся на двухмесным аўто непасрэдна па прасторным холе самой гасцініцы «Пекін». Журналісты ж правялі тэст-драйв седана на вуліцы. Пакуль гэта адзіныя электрамабілі маркі Zоtуе ў Беларусі, але да канца года іх можа стаць ужо некалькі соцень. Генеральны дырэктар разам са старшынёй назіральнага савета «ЮНІСОН» Аляксеем ВАГАНАВЫМ расказалі, як яны бачаць будучыню.

Адно з першых прыстасаванняў, што прыцягвае ўвагу ў машыне, — вялікі планшэт (працуе на сістэме Аndrоіd). На яго можна запампаваць розныя праграмы, як на смартфоне, але насамрэч стаіць ён, зразумела, дзеля кіравання аўтамабілем. Плюс ёсць пункт доступу ў інтэрнэт. Відавочныя рэчы, якія наводзяць на думку, што тут самае месца ІТ-тэхналогіям... Сапраўды, кампаніі ПВТ ці іншыя, якія працуюць у кірунку аўтамабілебудавання, зараз могуць прапанаваць нешта інавацыйнае для рынку электракараў Усходняй Еўропы. Кітайскія машыны, зразумела, скіраваны, у першую чаргу, на рынак Паднябеснай, а вось на тэрыторыі як мінімум Беларусі можна будзе выкарыстоўваць айчынны софт, які да таго ж будзе адаптаваны да сістэмы «ГЛАНАСС», якая цяпер ставіцца на аўто. Ёсць дамова, што калі прапановы ад нашых праграмістаў акажуцца карыснымі, то кітайская кампанія купіць гэты прадукт і распаўсюдзіць яго на сваю прадукцыю. Па прагнозах, да 2025 года ў Расіі будуць прадавацца каля 100—150 тысяч машын у год. Сёння гэта складае каля 10 % рынку. А паколькі сістэмы «ЭРА-ГЛАНАСС» ці аналагі яе сталі абавязковымі для ўсяго Еўразійскага саюза (у Беларусі пераходны перыяд завершыцца ў канцы гэтага года), то адкрываюцца даволі шырокія перспектывы для выкарыстання нашых «мазгоў». Кіраўніцтва прадпрыемства прапануе не вынаходзіць веласіпед і станавіцца лідарамі там, дзе ўжо створана для гэтага аснова. Пры жаданні можна заглянуць нават у будучыню і прапанаваць софт, які дапаможа кіраваць разумным домам ці, напрыклад, сваім рахункам непасрэдна з аўто.

Аўтамабілі гэтых мадэляў магчыма падзарадзіць ад звычайнай разеткі на 220 вольт. Адразу ж узнікае ідэя паставіць машыну на падсілкаванне на рабоце ці нават падчас вячэры ў кафэ, як звычайны смартфон. Каб усё было па справядлівасці, зноў жа тут ёсць месца новаму праграмнаму забеспячэнню, якое будзе залічваць кілаваты на ваш рахунак. Напрыклад, анлайн у асабістым кабінеце падаткаплацельшчыка, які заключыў з «Мінскэнерга» дамову. Яшчэ існуе такая практыка, калі гандлёвыя цэнтры прапаноўваюць падзарадзіцца бясплатна. Для іх гэта прамая выгада: пакуль электрамабіль стаіць, вадзіцель ходзіць па магазінах і з вялікай верагоднасцю нешта там набывае. Кошт электраэнергіі несупастаўна ніжэйшы, чым тыя сумы, якія пакупнік можа патраціць.

На думку Аляксея Ваганава, мы можам працаваць не горш за кітайцаў. Давесці ўзровень выкарыстання айчыннай вытворчасці да 50 % кіраўніцтва лічыць нерэальным, але ўзяць усё найлепшае і знізіць тым самым сабекошт рэальна. Да таго ж летам запрацуюць цэхі зваркі і фарбавання, разлічаныя на 30 тысяч электракараў плюс аўтамабілі на звычайным паліве. Дарэчы, менавіта гэта лічба — вытворчая магутнасць завода. Падчас першага года плануюць выпусціць каля 3 000 электрамабіляў. У планах пашыраць лінейку мадэляў.

Што пачым

Самае важнае для спажыўца пытанне: колькі гадоў збіраць на гэты цуд? Пакуль што, відавочна, канчатковай лічбы няма, але, па папярэдніх ацэнках, Z500ЕV будзе каштаваць у раёне $22 000, а Е200 — $17 000. Але гэта без уліку «бонусаў». Многія дзяржавы падтрымліваюць выкарыстанне электрамабіляў і з улікам тых прагрэсіўных заканадаўчых актаў, якія не так даўно былі падпісаны ў Беларусі, кіраўніцтва кампаніі разлічвае і тут атрымаць прэферэнцыі для канчатковага пакупніка. Магчыма, гэта будуць падаткавыя вылікі, той жа стаўкі ПДВ... У Германіі, напрыклад, уладальнікаў электракараў вызваляюць на 5 гадоў ад уплаты транспартнага падатку, а ў Вялікабрытаніі даюць ільготы ў памеры да 25 % кошту новай машыны, у межах $7,8 тысячы. Некаторыя платныя дарогі і паркоўкі для такіх машын бясплатныя ці са зніжкамі.

У выніку аўтамабіль нават на першым этапе становіцца больш даступным. У перспектыве, калі паглядзець на кошт паліва і электраэнергіі (асабліва, калі спраўдзяцца надзеі на зніжэнне цаны з увядзеннем АЭС), то такая машына акупіцца. Плюс у той жа Францыі ёсць курс на зніжэнне эксплуатацыйных расходаў да 2 еўра на 150 км. У любым выпадку прагрэс ідзе ў гэтым кірунку. Дарэчы, з чэрвеня плануецца пачаць пастаўляць першыя электракары на расійскі рынак.

Па асноўных характарыстыках Е200 больш прыдатны для горада. Невялікі памер кузава, два месцы для пасажыраў. На закупкі ў Польшчу на такім не паедзеш, але лавіраваць у сталічным патоку — самае тое. Ёмістасць акумулятарнай батарэі — 24,5 кВт*г. Павольная зарадка з нуля працягваецца 8 гадзін, хуткая — 45—60 хвілін. Сямейны Z500ЕV зараджаецца ў такім жа тэмпе. Намінальная магутнасць рухавіка, як і ў папярэдняй мадэлі, — 30 кВт.

Дарэчы, плануецца правесці конкурс у сацыяльных сетках: карыстальнікам прапануецца прыдумаць назвы для гэтых дзвюх мадэляў. Вядома, пераможца без падарунка не застанецца...

Гарадская двухмесная мадэль.

Дзе падвох

Зараз электракары выглядаюць, як той казаў, без сучка і задзірынкі. Але здаровы скептыцызм падказвае, што гэта пакуль яны не паедуць па нашых дарогах. Першы камень спатыкнення — запраўкі. На цяперашні момант такой інфраструктуры недастаткова. У двухмеснай машыны запас ходу — 220 км, а ў седана — 300 км. Нават у межах Беларусі без дазарадкі гэта шлях у адзін бок. Разлік ідзе на тое, што прырост будзе штоквартальна каля сотні кіламетраў. Кітайскі бок прагназуе да 2020 года давесці выніковую лічбу да 600—700 км.

Пры гэтым, па словах Аляксея Ваганава, цяпер рыхтуецца пастанова ўрада, дзе будзе вызначаны аператар, які паставіць сетку станцый падзарадкі. Каб пакрыць усю Беларусь, патрабуецца каля 2000 пунктаў хуткай зарадкі. У межах сталіцы зноў жа магчымыя такія бонусы, як спецыяльныя парковачныя месцы ці дазвол электракарам выкарыстоўваць палосы для руху аўтобусаў.

Сэрвіс можна будзе атрымаць у месцах продажу. Генеральны дырэктар лічыць, што там асабліва і ламацца няма чаму, калі толькі гаспадар увечары не захоча пайсці ў гараж пакапацца пад капотам...

Па гарантыях пакуль яшчэ дакумент не падпісаны, але магчыма гаварыць пра прыкладныя лічбы. У цэлым яны не будуць моцна адрознівацца ад гарантыі на звычайныя аўто. З асаблівасцяў: батарэя — гарантыя 10 гадоў, 120 000 зарадаў. У выніку прабег каля 360—400 тысяч кіламетраў. На электрарухавік Bоsсh дае гарантыю пяць гадоў.

Zоtуе — не першая кітайская аўтакампанія, якая прыходзіць у Беларусь. Чаму «ЮНІСОН» абрала менавіта яе? Кіраўнікі тлумачаць гэта тым, што кампанія з'яўляецца адным з лідараў у сегменце электрамабіляў. Да таго ж яна мае сумеснае прадпрыемства з Fоrd, а значыць, абмен тэхналогіямі. І ЗША, і Кітай шмат укладаюць у прагрэс.

А як жа нашы кадылакі?

Больш за ўсё «ЮНІСОН» вядома за вытворчасць пад Мінскам аўтамабіляў прэміум-класа. Некаторы час таму прайшла інфармацыя, што кампанія перастала выпускаць Саdіllас Еsсаlаdе. Сітуацыю пракаментаваў Дзмітрый Ягораў. Па яго словах, цяпер, сапраўды, такія машыны не выпускаюцца. Але звязана гэта толькі з тым, што кампанія перазаключае кантракт з канцэрнам Gеnеrаl Mоtоrs. Летась яны прадалі Ореl французскай РSА. А ў «ЮНІСОНа» асноўны кантракт і пастаўкі ішлі менавіта праз еўрапейскі пункт — канцэрн Ореl. Цяпер у працэсе падрыхтоўкі новы кантракт непасрэдна з GM, США. Пры гэтым генеральны дырэктар адзначае, што амерыканская кампанія зацікаўлена ў прысутнасці ў Беларусі і Расіі. Дарэчы, з канцэрнам РSА (Реugеоt Сіtrоёn Аutоmоbіlеs) у «ЮНІСОНа» таксама ідзе супрацоўніцтва. У цэлым за гады партнёрства на заводзе пад Мінскам было сабрана каля 4 тысяч машын у кантакце з РSА і каля 6-7 тысяч — з GM.

Мадэлі машын з рухавіком унутранага згарання ўжо дасягнулі ўзроўню лакалізацыі каля 32—33 %. Цэх зваркі і фарбавання, які запрацуе летам, дасць яшчэ плюс 17 %. На аўто выкарыстоўваюцца айчынныя колы, шкло, акумулятары...

Заглядваючы ў будучыню, генеральны дырэктар гаворыць, што ёсць планы працягнуць работу з электрамабілямі: паспрабаваць наладзіць вытворчасць мікрааўтобусаў. Яны маглі б ездзіць на ўнутрыгарадскіх лініях ці на маршруце вакзал — аэрапорт. Разглядаюцца таксама машыны грузапад'ёмнасцю 1 тона для камерцыйных развозаў па горадзе. У сталіцы неабходны аўтамабілі, якія менш забруджваюць паветра. І гісторыя прадпрыемства паказвае, што такія амбіцыйныя планы могуць здзейсніцца.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Уладары току і разеткі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».