Вы тут

«Аднойчы мы знайшлі ў металаломе ўранавы сардэчнік»


Як абыходзіцца з атрутнымі рэчывамі?

Хімічныя і радыеактыўныя рэчывы даўно сталі незаменнымі памочнікамі ў многіх сферах. Калі з імі абыходзіцца па прапісаным рэгламенце, то нічога дрэннага не здарыцца. А калі праявіць неахайнасць? Вось тут у дзеянне і ўступаюць байцы Цэнтра хімічнай і радыяцыйнай абароны Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Аб тым, з чым жа даводзіцца ім працаваць, карэспандэнт «Звязды» распытаў начальніка Цэнтра Васіля Шалепіна.


«Фаніў» пясок з пляжа

— Апошні выклік, звязаны з радыеактыўным выпраменьваннем, здарыўся зусім нядаўна ў аэрапорце. Дзяўчына ляцела транзітам праз Беларусь з Кіпра ў Расію. І вось пры надглядзе багажу спрацаваў датчык, які выяўляе павышаную радыяцыю. Аказалася, што «фаніў»... кварцавы пясок, які дзяўчына набрала на пляжы ў якасці сувеніра. Крыміналу тут не было — зразумела, што з дазіметрам на пляж турыст не пойдзе. Згодна з правіламі перавозак, чалавек можа перавозіць з сабой грузы, у якіх магутнасць эквівалентнай дозы не перавышае 1 мікразіверт. А пясок паказаў крыху большае перавышэнне. Выклікалі нас. Мы зрабілі вельмі дакладныя замеры, і аказалася, што насамрэч да мяжы ў 1 мікразіверт доза крыху не дацягвае. У рэшце рэшт дзяўчына працягнула свой шлях у Маскву на іншым рэйсе, а выдаткі ёй кампенсавалі. І пытанняў ні ў кога не засталося.

Магутных безгаспадарчых крыніц, якія пагражалі б жыццю чалавека пры кароткім узаемадзеянні, у Беларусі не было ўжо гадоў 10. Яны цяпер усе знаходзяцца пад жорсткім кантролем і перыядычна правяраюцца. Увогуле, чалавек бяспечна для сябе можа атрымаць ад натуральных крыніц 2 мілізіверты на год, яшчэ 1 — ад штучных.

— Калі чалавек убачыў кантэйнер з маркіроўкай «Радыяцыйная небяспека» і патэлефанаваў па нумары 101, то мы абавязаны выехаць на месца, — працягвае Васіль Шалепін. — Але гэта адзінкавыя выпадкі, і з высокай доляй верагоднасці гэта будзе невялікая крыніца, выкінутая з лабараторыі неахайным супрацоўнікам. Акрамя аэрапорта, нас часта выклікаюць у Гатава — там, дзе прымаюць металалом. Чаго мы там толькі не знаходзілі! Партальныя маніторы спрацоўвалі на капсулы з лабараторый, тарыраваны вальфрам, а аднойчы знайшлі нават... уранавы сардэчнік. Праўда, палохацца не трэба — ён быў зроблены з абедненага ўрану, які валодае вельмі нізкай радыеактыўнасцю.

Гадзіннік з сюрпрызам

У перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі радый лічыўся ледзь не ўніверсальным памочнікам ва ўсіх сферах. Яго дабаўлялі ў ваду, у прадукты харчавання, фарбай з солямі радыю пакрывалі стрэлкі гадзіннікаў, каб тыя свяціліся ў цемры — электронных прыбораў з падсветкай тады яшчэ не вынайшлі. Але мінула колькі часу, і аказалася, што радый не такі ўжо і бясшкодны, як гэта ўяўлялася раней. Таму выкарыстанне яго хімічных злучэнняў у побытавай сферы паціху згарнулі. Аднак справа адным толькі радыем не абмяжоўвалася. Напрыклад, старое шкло, якое прыгожа свеціцца зялёным святлом, хутчэй за ўсё змяшчае ў сабе ўран. Ды і дзясяткі тысяч выпушчаных раней прадметаў нікуды не падзеліся.

— Мы аднойчы прыехалі да адной бабулі праверыць гадзіннік, які ёй прывёз муж у той час, калі служыў на флоце, — успамінае Васіль Шалепін. — Гадзіннік спакойна стаяў сабе дзесяцігоддзямі на паліцы. Бабуля недзе пачула, што прылада можа змяшчаць радый. І на ўсякі выпадак папрасіла нас зрабіць дакладныя замеры. Аказалася, што перавышэнне прыроднага фону было, але на адлегласці да аднаго метра. Таму можна сказаць, што бабулі пашанцавала, што той гадзіннік стаяў даволі далёка ад ложка ў шафе. Аднак усё роўна мы адправілі яго на захаванне на прадпрыемства, якое займаецца перапрацоўкай другасных рэсурсаў. Справа ў тым, што на сёння не вынайдзена тэхналогіі перапрацоўкі радыенуклідаў у бяспечныя ізатопы. Таму яны і здаюцца на доўгачасовае захаванне ў спадзяванні на тое, што нашчадкі вынайдуць нейкі спосаб з імі разабрацца. Бо ў прыродзе перыяд паўраспаду радыю складае больш за 1600 гадоў.

Як кіроўца згубіў паўтоны шчолачы

— Што да небяспечных хімічных рэчываў, то, як правіла, большасць праблем з імі адбываецца пры транспарціроўцы, — кажа Васіль Шалепін. — Недзе нешта недакруцілі, ці ДТЗ адбылося — і ёмістасць разгерметызавалася. Аднойчы нас выклікалі на фуру, якая везла кубавыя ёмістасці з канцэнтраванай шчолаччу. Адна з іх працякла, а кіроўца заўважыў, што нешта не так, толькі тады, калі выцекла прыкладна каля паўтоны шчолачы. Небяспека яе ў тым, што яна раз'ядае скуру чалавека, але ён гэтага не адчувае. Боль пачнецца, калі эпідэрмісу ўжо не будзе. Зрэшты, у той гісторыі ўсё скончылася добра.

Ці вось прыгадаем нашумелы выпадак з разлітым бромам у Мінску. Ён наогул нейкі загадкавы. Гаспадар, замест таго каб выклікаць нас, палічыў за лепшае... заклеіць хуценька дзверы на кухні, каб па кватэры не распаўсюджваўся вельмі непрыемны пах. У рэшце рэшт ратавальнікаў выклікалі суседзі...

Разлітая ртуць — «рэха» 1990-х гадоў

Беларусь падпісала Канвенцыю Мінамата, якая з 2020 года вельмі істотна абмяжуе вытворчасць прадукцыі, што ўтрымлівае ртуць. Але з атрутнай спадчынай давядзецца мець справу яшчэ не адзін год — нават не палічыць, колькі было рэалізавана адных толькі медыцынскіх тэрмометраў. А калісьці без вадкага металу не абыходзіліся нават барометры — не забудзем, атмасферны ціск вымяраецца і дагэтуль у міліметрах ртутнага слупка.Таксама нярэдкія выпадкі, калі ртуць знаходзяць у колькасці яўна большай за тую, што ўтрымліваецца ў тэрмометрах. Напрыклад, два месяцы таму ў Рэчыцы невядомы разліў 250 грамаў ртуці каля помніка. Адкуль жа яна бярэцца ў такіх аб'ёмах?

— Гэта «рэха» 1990-х гадоў, калі нехта запусціў пагалоску, што ртуць можна выгадна збыць за мяжу, — мяркуе Васіль Шалепін. — Людзі старэйшага пакалення таксама ўспамінаюць гісторыі пра «чырвоную ртуць», якая нібыта каштуе вельмі дорага, але насамрэч у прыродзе існуе. Вось і панеслі з прадпрыемстваў вадкі метал да сябе дадому, каб на ім нажыцца. Але чуткі як прыйшлі, так і сышлі, а ртуць на руках засталася. Мы збіралі за раз і па тры кілаграмы вадкага металу, і па пяць... Але адметна, што нідзе не было новых ёмістасцяў, маркіроўка на іх была выключна савецкая. Колькі яшчэ такіх «сюрпрызаў» ляжыць у беларускіх дамах, падлічыць немагчыма. Аднойчы мы выехалі ў інтэрнат, дзе знаходзіўся балон з надпісам «Аксістыбат ртуці». Вельмі небяспечнае рэчыва: нават у вельмі малой канцэнтрацыі яно выклікае камбінаванае атручэнне, бо ў яго склад уваходзяць ртуць і сурма. А вось большасць выездаў «на тэрмометры» ў нас пачынаецца пасля 19 гадзін. Яно і зразумела — людзі прыйшлі з работы, узялі неахайна крохкі прыбор, ён зваліўся і раскалоўся.

Што ж рабіць у такім выпадку? Перш за ўсё, трэба ўсіх асцярожна вывесці з памяшкання і сачыць за тым, каб ніхто не наступіў на бліскучыя кроплі. Пасля гэтага адчыніць акно, каб максімальна праветрыць пакой, і зачыніць у яго дзверы. Далей неабходна правесці работы па самастойнай уборцы ртуці з дапамогай падручных сродкаў. Пасля заканчэння работ трэба звярнуцца ў рэгіянальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ў мэтах вызначэння наяўнасці канцэнтрацыі пары ртуці ў паветры памяшкання.

Калі ртуць трапіла на вопратку, неабходна сабраць з яе бачныя кроплі, вытрасці тканіну на вуліцы і здаць у хімчыстку. Падрабязная інструкцыя па самастойнай уборцы ртуці размешчана тут або ў мабільнай праграме «МЧС: Помощь рядом». Здаць прыбор, які змяшчае ртуць, вы можаце ў найбліжэйшую пажарную аварыйна-выратавальную часць.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота mchs.gov.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».