Вы тут

Адсканаваць і надрукаваць зубы? Проста!


Стаматалогія — адна з тых галін медыцыны, дзе шырока выкарыстоўваюцца лічбавыя інавацыі і найноўшыя матэрыялы. Яна, напрыклад, з'яўляецца адной з самых перспектыўных для ўкаранення 3D-тэхналогій. Тое, што яшчэ некалькі гадоў таму здавалася фантастыкай, сёння ўжо рэальнасць.


У стаматалогіі для лячэння і дыягностыкі ўжо сёння выкарыстоўваецца высокатэхналагічнае абсталяванне: 3D-конусна-прамянёвыя камп'ютарныя тамографы і 3D-інтрааральныя (унутрыротавыя) сканеры, спецыяльнае праграмнае забеспячэнне па 3D-планаванні ўстаноўкі часовых ці пастаянных пратэзаў і канструкцый для рэстаўрацыі зубоў і сківіцы, выпраўлення прыкусу ці анамалій зубнога рада. Яны дазваляюць зрабіць тое ж пратэзаванне звышдакладным і малатраўматычным, а пацыента вызваляюць ад неабходнасці наведваць стаматолага шмат разоў. Прасцей кажучы, сёння зубы можна «адсканаваць» і «надрукаваць» на прынтары.

Калі яшчэ нядаўна для ўстаноўкі ў сківіцу дэнтальнага імпланта (штыфта) выкарыстоўваўся панарамны здымак, то сёння ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі прымяняюцца так званыя хірургічныя шаблоны.

— Перад тым, як устанавіць імплант, мы маем магчымасць ацаніць стан усёй зубасківічнай сістэмы пры дапамозе 3D-конусна-прамянёвых камп'ютарных тамографаў, — расказвае загадчык кафедры артапедычнай стаматалогіі і артадантыі з курсам дзіцячай стаматалогіі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук Сяргей Рубніковіч. — Грунтуючыся на атрыманых даных і выкарыстоўваючы спецыяльныя праграмы па 3D-планаванні, якія ўжо, дарэчы, уключаюць спецыяльныя бібліятэкі імплантаў розных айчынных і зарубежных вытворцаў, урач-стаматолаг можа разлічыць найбольш дакладнае пазіцыянаванне імпланта з улікам размяшчэння будучай каронкі ці мастападобнага пратэза. Пасля стварэння лічбавай мадэлі 3D-прынтар друкуе хірургічны шаблон. А затым устанаўліваецца імплант з часовай ці пастаяннай канструкцыяй.

Эфектыўныя 3D-тэхналогіі і ў выпраўленні прыкусу. У прыватнасці, актыўна выкарыстоўваюцца спецыяльныя капы — элайнеры, якія таксама вырабляюцца з выкарыстаннем 3D-прынтынгу. Спецыяліст «скануе» ротавую поласць пры дапамозе інтэраральнага сканера і атрымлівае аналагавы «злепак» сківіц і зубнога рада ў лічбавым фармаце. Затым пры дапамозе спецыяльных камп'ютарных праграм мадэлюе паэтапнае выроўніванне зубоў і на 3D-прынтары «друкуе» капы ў неабходнай колькасці, а пацыент паступова іх мяняе.

— Элайнеры, канешне, не панацэя. Высокую эфектыўнасць яны дэманструюць пры невялікіх анамаліях зубнога рада, — кажа галоўны ўрач Рэспубліканскай клінічнай стаматалагічнай паліклінікі, галоўны пазаштатны спецыяліст па стаматалогіі Міністэрства аховы здароўя Андрэй Мацвееў. — У той жа час гэта бяспечная альтэрнатыва брэкет-сістэмам, якія негатыўна ўплываюць на цвёрдыя тканкі зубоў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.