Вы тут

Самыя цікавыя навіны з Алімпіяды ў Пхёнчхане


У дайджэсце «Звязды» збіраем самыя цікавыя навіны з Карэі і расказваем пра тое, што застаецца за кадрам спаборніцтваў.


Канадзец Марк Макморыс заваяваў «бронзу» Алімпіяды-2018 у слоўпстайле. У сакавіку 2017 года пасля падзення на адным з турніраў спартсмен зламаў сабе сківіцу, левую руку, некалькі рэбраў і таз, разарваў селязёнку і пашкодзіў лёгкае. Праз дзве гадзіны ў бальніцы Ванкувера ўрачы з цяжкасцю вярнулі яго да жыцця.

Пасля гэтага Марк месяц правёў у ложку. «Яму было нязручна сядзець, нязручна стаяць, нязручна спаць. Ён не мог самастойна паесці, рукі проста не фіксаваліся каля рота — настолькі ўсё было знявечана», — расказваў фізіятэрапеўт Дэм'ен Мароні. Праз 8 месяцаў пасля падзення Макморыс выйграў этап Кубка свету ў Кітаі. «Тое, што зрабіў мой арганізм, — сапраўднае вар'яцтва. Я рыхтаваўся да смерці. Пасля таго выпадку ні адзін дзень на гэтай зямлі я не прыму як сам сабой зразумелы», — сказаў тады спартсмен.

У Пхёнчхане Макморыс выйграў другую алімпійскую «бронзу» запар. За пару тыдняў да Гульняў-2014 ён зламаў рабро, але ўсё роўна стаў трэцім у Сочы.

Стадыён на месяц

Галоўны стадыён Алімпіяды-2018, дзе ўжо прайшла цырымонія адкрыцця Гульняў, разбяруць адразу пасля заканчэння Параалімпіяды ў сакавіку гэтага года. Нагадаем, арэна разлічана на 35 тысяч месцаў і была дабудавана толькі ўвосені 2017-га. Плануецца, што на яе месцы ў цэнтры Пхёнчхана з'явяцца музей і іншыя месцы для забавы. Спачатку арганізатары планавалі правесці цырымоніі адкрыцця і закрыцця Алімпійскіх гульняў на вялікім стадыёне ў адным з найбліжэйшых гарадоў, але жыхары Пхёнчхана не падтрымалі гэтую ідэю. Такім чынам, бюджэт Алімпіяды-2018 вырас да 12,4 мільярда долараў — гэта ў паўтара раза больш за суму, якую прагназаваў Сеул у 2011-м, калі карэйская заяўка перамагла.

Адзначым, што з алімпійскімі аб'ектамі такія трансфармацыі адбываюцца часта, напрыклад, стадыён «Фішт» у Сочы, на якім праходзілі цырымоніі адкрыцця і закрыцця Алімпіяды-2014, у першапачатковым выглядзе больш ніколі не выкарыстоўваўся. Да чэмпіянату свету па футболе яго рэканструявалі, і ранейшай засталася толькі назва.

Мексіка здзіўляе

Мексіканцы наўрад ці будуць здзіўляць аматараў спорту сваімі перамогамі або нечаканымі спартыўнымі вынікамі. Краіна прадстаўлена ўсяго ў трох дысцыплінах лыжнага спорту — горных лыжах, лыжных гонках і фрыстайле. Але яе прадстаўнікі вырашылі браць іншым — касцюмамі.

Беларусы ў чацвёрты дзень Алімпіяды

У аўторак нашы спартсмены прынялі ўдзел у спаборніцтвах па горных лыжах і лыжных гонках. Юрый Данілачкін выступіў у гарналыжнай камбінацыі, якая ўключае ў сябе хуткасны спуск і слалам. Беларус прайшоў дыстанцыю па хуткасным спуску на лыжах за 1 хв. 22,78 сек., фінішаваўшы 47-м. У слаламе гарналыжнік паказаў час 55,94 і заняў у выніку 34-е месца.

Лыжніцы Юлія Ціханава, Настасся Кірылава, Паліна Сераносава і Валянціна Камінская завяршылі барацьбу ў спрынце класічным стылем на стадыі кваліфікацыі. Аляксандр Воранаў у такім жа відзе праграмы дабраўся да чвэрцьфіналу.

Сёння беларусы прымуць удзел у спаборніцтвах па біятлоне (індывідуальная гонка ў жанчын) і гарналыжным спорце (жаночы слалам).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Яшчэ ўчора ён паміраў, а сёння выйграў медаль

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?