Вы тут

Якім быць Банкаўскаму кодэксу?


На вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу мяркуецца правесці другое чытанне праекта змяненняў і дапаўненняў у Банкаўскі кодэкс. Пасля першага чытання на разгляд дэпутатаў паступіла 25 заўваг і прапаноў ад Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Рэспублікі, Камітэта дзяржаўнага кантролю, міністэрстваў фінансаў і юстыцыі, праведзены два пашыраныя пасяджэнні пастаяннай камісіі і чатыры пасяджэнні рабочай групы па дапрацоўцы законапраекта. А нядаўна дэпутаты сумесна з прадстаўнікамі Нацыянальнага банка і найбуйнейшых банкаўскіх устаноў краіны правялі круглы стол, дзе падрабязна абмеркавалі будучыя змены ў галоўны дакумент, які рэгулюе банкаўскі сектар.


Чатыры блокі змяненняў

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый Лапко адзначыў, што рэдакцыя Банкаўскага кодэкса, якая будзе вынесена на другое чытанне, прадугледжвае змены чатырох асноўных блокаў.

У першым гаворка ідзе аб пытаннях, звязаных з прывядзеннем Банкаўскага кодэкса ў адпаведнасць з раней прынятымі нарматыўнымі прававымі актамі. У прыватнасці, гаворка ідзе пра Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» і Указ № 371 «Аб Беларускім міжбанкаўскім разліковым цэнтры», а таксама некаторыя іншыя дакументы.

У другім блоку прадугледжана ініцыятыва галоўнага ўпраўлення банкаўскага нагляду ў частцы ўкаранення лепшай сусветнай практыкі ва ўдасканаленне парадку рэгістрацыі, ліцэнзавання, вываду з рынку праблемных банкаў, патрабаванняў да заснавальнікаў банкаў.

Трэці блок датычыцца абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг, якія ініцыюе галоўнае ўпраўленне рэгулявання банкаўскіх аперацый. «Тут і пытанні, звязаныя з выдачай і пагашэннем крэдытаў, з дадатковымі паслугамі пры крэдытаванні, з платай за гэтыя паслугі. Былі ініцыятывы стварэння асобнага законапраекта на згаданую тэму, але пакуль мы не бачым у гэтым неабходнасці, таму спыняемся на ўдасканаленні Банкаўскага кодэкса», — удакладніў пазіцыю Нацбанка Дзмітрый Лапко.

Чацвёрты блок узнімае пытанні, звязаныя з пашырэннем паўнамоцтваў фінансавых пасярэднікаў, спрашчэннем парадку рэгістрацыі дзейнасці нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, якія прапануюць альтэрнатыўныя або спадарожныя паслугі банкаў.

Электронны запыт на таямніцу

Падрабязнасці будучых змяненняў расказаў начальнік галоўнага юрыдычнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Алег Карнач. Ён растлумачыў, што ў цэлым законапраект накіраваны на вырашэнне шэрагу актуальных у банкаўскай сферы пытанняў з улікам практыкі і неабходнасці ліквідацыі прабелаў у рэгуляванні, а таксама на ўкараненне новых інструментаў разлікаў у адпаведнасці з самай лепшай міжнароднай практыкай.

У прыватнасці, кодэкс дапаўняецца палажэннем аб тым, што ў банкаў не можа быць менш за два заснавальнікі. «Агульны падыход у заканадаўстве аб гаспадарчых таварыствах дапускае заснаванне таварыства адной асобай, але гэта непрымальна для банкаўскай сферы, бо выключае прынцып карпаратыўнага кіравання, пакладзенага ў аснову бяспечнага функцыянавання банкаў», — растлумачыў эксперт.

Паводле яго слоў, законапраект накіраваны на ўдасканаленне парадку падачы звестак, якія складаюць банкаўскую таямніцу. У прыватнасці, развіццё тэхналогій і патрэба ў арганізацыі аператыўнага абмену інфармацыяй патрабуе перагляду пераліку падстаў падачы банкамі звестак, якія складаюць банкаўскую таямніцу. «Сёння гэта толькі пісьмовы запыт. Мы ж прапануем унесці і такі від, як запыт у электронным выглядзе з прымяненнем праграмна-тэхнічных сродкаў і тэхналогій, якія дазваляюць пацвердзіць цэласнасць і сапраўднасць дакументаў», — сказаў спецыяліст.

Калі банк ужо не працуе

На выпадак, калі ў фінансавага інстытута адкліканая ліцэнзія на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці, у законапраект занесены шэраг найважнейшых практычных палажэнняў, якія датычацца выканання абавязацельстваў такога банка. Напрыклад, банк з моманту адклікання ліцэнзіі павінен будзе вяртаць банку-адпраўніку грашовыя сродкі, якія паступаюць на карысць кліентаў банка, а таксама грашовыя сродкі, залічаныя ў выніку тэхнічнай памылкі. «Гэта дазволіць абараніць інтарэсы кліентаў банка і пазбегнуць неапраўданага павелічэння памеру яго запазычанасці перад кліентамі», — удакладніў Алег Карнач.

Яшчэ прапануецца больш не патрабаваць згоду Нацыянальнага банка для самаліквідацыі банкаў. Замест гэтага вызначаецца парадак і тэрміны інфармавання рэгулятара аб рашэнні банка спыніць дзейнасць. Удакладняюцца таксама асаблівасці працэдуры адклікання ліцэнзіі ў такіх выпадках і некаторыя іншыя пытанні. Пры гэтым умовай прыняцця Нацыянальным банкам рашэння аб унясенні запісу аб выключэнні банка з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў з'яўляецца поўнае пагашэнне ўсіх наяўных абавязацельстваў па плацяжах у бюджэт або ў дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды, усіх заяўленых патрабаванняў па наяўных абавязацельствах перад укладчыкамі і іншымі крэдыторамі банка.

Не змяняць стаўкі па крэдытах

Новай рэдакцыяй кодэкса ўдакладняецца парадак устанаўлення памеру працэнтаў за карыстанне крэдытам і падыходы да іх налічэння. Замацоўваюцца два падыходы да вызначэння памеру працэнтаў за карыстанне крэдытам: у абсалютным лікавым выражэнні (фіксаваная гадавая працэнтная стаўка) і зыходзячы з разліковай велічыні, прывязанай да базавага паказчыка (зменная гадавая працэнтная стаўка). Парадак вызначэння працэнтнай стаўкі будзе ўзгадняцца бакамі пры заключэнні канкрэтнага крэдытнага дагавора. Пры гэтым уводзіцца забарона на змяненне ў аднабаковым парадку працэнтаў за карыстанне крэдытам.

«Такая ўмова пры ўключэнні ў дагавор будзе лічыцца нікчэмнай. Адпаведна, адзіным спосабам павышэння памеру працэнтаў у аднабаковым парадку будзе выкарыстанне зменнай працэнтнай гадавой стаўкі пры павелічэнні базавага паказчыка», — сказаў Алег Карнач.

У праекце дакумента замацоўваецца яшчэ адно важнае палажэнне, накіраванае на абарону інтарэсаў спажыўцоў фінансавых паслуг. У прыватнасці, калі ўмовай заключэння крэдытнага дагавора з'яўляецца аказанне дадатковых платных паслуг, напрыклад, страхаванне або ацэнка аб'ектаў грамадзянскіх правоў, то фізасоба не можа быць абмежавана ў выбары страхавой арганізацыі або выканаўцы ацэнкі. Таксама ёй у пісьмовай форме бясплатна павінна быць дадзена інфармацыя аб кошце дадатковых платных паслуг.

Калі чалавек адмаўляецца ад дадатковых платных паслуг, якія яму прапануюцца пры заключэнні дагавора, яму павінен быць прапанаваны альтэрнатыўны варыянт выдачы крэдыту, супастаўнага па сумах і тэрмінах без дадатковых платных паслуг. З грамадзяніна не павінна спаганяцца плата за інфармацыю пра ўмовы крэдытавання і разгляд заявы аб выдачы крэдыту і іншых дакументаў, неабходных для гэтага, за адкрыццё бягучага банкаўскага рахунку і залічэнне на яго сум крэдыту. Больш за тое: як мінімум адзін з варыянтаў вяртання фізічнай асобай крэдыту з усіх прадугледжаных у крэдытным дагаворы павінен быць бясплатны. Прадугледжана таксама магчымасць выдачы крэдыту жыхарам краіны толькі ў беларускіх рублях.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Дэпутаты папрацавалі банкірамі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».