Вы тут

Якія адноўленыя помнікі архітэктуры варта наведаць


Яшчэ з два дзесяцігоддзі таму яны былі пакінутыя, заваленыя смеццем, ці наогул ад былых велічных будынкаў заставаліся толькі падмуркі. Сёння гэта шыкоўныя палацы, храмы, якія дзейнічаюць, папулярныя турыстычныя аб'екты і культурныя ўстановы. Сярод вернутых помнікаў архітэктуры не толькі Мірскі, Лідскі замкі, палац у Нясвіжы. За гады існавання незалежнай Беларусі рэканструкцыя была праведзена ў самых розных кутках Беларусі, а спіс адноўленых будынкаў сапраўды немалы. Каб толькі ўспомніць пра такія аб'екты гісторыку Івану Сацукевічу, які і стаў нашым завочным экскурсаводам, спатрэбілася каля гадзіны.


Цудоўны прыклад таго, як быў вернуты шэдэўральны помнік візантыйскай архітэктуры праваслаўнага дойлідства, — Дабравешчанская царква ў Віцебску. Пабудаваны ў ХІІ стагоддзі храм неаднаразова перабудоўваўся, перажыў розныя войны. Нават у гады Вялікай Айчыннай вайны, калі падчас жахлівых бамбардзіровак былі знішчаныя многія пабудовы горада, царква абгарэла, але засталася цэлая. Яе зруйнавалі ў 1961 годзе.

Каб спыніць гэты вандалізм, у Віцебск з пратэстамі прыязджалі мастацтвазнаўцы, вядомыя людзі з Масквы і Ленінграда, але выратаваць храм не ўдалося, ад яго засталіся толькі кавалкі сцен. У канцы 70-х рэшткі царквы былі ўзятыя пад ахову дзяржавы. А ў сярэдзіне 90-х помнік адноўлены, прычым па мяркуемым першапачатковым знешнім выглядзе ХІІ стагоддзя, без пазнейшых напластаванняў і перабудоў. Калі будзеце ў Віцебску, звярніце ўвагу на неатынкаваны фрагмент храма — гэта кавалкі арыгінальнай сцяны старажытнага будынка.

Актыўна праводзяцца рэстаўрацыйныя работы ў Сынкавічах. Хоць яшчэ не так даўно гэты гатычны храм быў закінуты, выкарыстоўваўся пад калгасныя склады, а за сто метраў ад яго размяшчаўся кароўнік. А вось у касцёле Святога Андрэя ў Слоніме ў савецкі час быў склад солі. Яна ўелася ў тынкоўку і сцены, і працягвае праступаць нават пасля рэстаўрацыі і рамонту — і, на жаль, ад такіх «шрамаў» ужо не пазбавіцца.

Абавязкова завітайце ў Любчу. Тут за аднаўленне старажытнага радзівілаўскага замка, які быў спалены ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя, узяліся месцічы — браты Пячынскія. Да іх далучыліся шматлікія валанцёры, студэнты БНТУ бясплатна рабілі праект, будаўнічыя кампаніі дапамагалі матэрыяламі.

Вядуцца размовы пра аднаўленне Быхаўскага замка. Тым больш, нядаўна прайшла інфармацыя пра тое, што ў адным з еўрапейскіх архіваў знайшлі графічную ілюстрацыю выявы гэтага помніка. Між іншым, першыя работы тут былі ўжо праведзеныя — напярэдадні дажынак частку будынка закансервавалі, другую аднавілі, добраўпарадкавалі навакольную тэрыторыю.

Цудоўны прыклад рэстаўрацыі ў Мінску — былая ўніяцкая царква Святога духа. Гэты храм быў узарваны ў 1936 годзе, захаваліся толькі родныя падмуркі ХVІІ стагоддзя. Удалося знайсці фінансаванне, і храм адноўлены па ўнікальнай тэхналогіі. Каб не пашкодзіць арыгінальныя сцены (былі апасенні, што яны могуць не вытрымаць нагрузкі сучасных будаўнічых матэрыялаў, акрамя таго праблемы маглі ўзнікнуць з-за «суседства» з метро), зроблены жалезабетонныя перакрыцці, і на іх аснове нарошчваўся новы аб'ём, які поўнасцю паўтарае першапачатковы выгляд старажытнага храма. Зараз там размяшчаецца канцэртная зала. Пры жаданні можна прайсціся ўздоўж магутных аўтэнтычных сцен ХVІІ стагоддзя (трэба спусціцца на падвальны паверх). Іван Сацукевіч адзначыў, што было б добра, каб тут пачаў дзейнічаць які-небудзь тэматычны музей, напрыклад, гісторыі старажытнай плошчы Мінска — Высокага Рынка.

Выберацеся на экскурсію ў Нясвіж, пасля наведвання адрэстаўраванага знакамітага палаца, прагуляйцеся па Ратушнай цэнтральнай плошчы Нясвіжа. У ХІХ стагоддзі падчас пажару ратуша моцна пацярпела, абваліліся два яе ярусы. Яе аднавілі, але з тэхналогіямі ХІХ стагоддзя цяжка было вярнуць будынку першапачатковы выгляд, гэта змаглі зрабіць толькі ў ХХІ стагоддзі.

Адзін з самых прыгожых палацавых комплексаў — Ружаны, пабудаваны ў другой палове ХVІІІ стагоддзя, — быў зруйнаваны немцамі ў 1944 годзе пры адступленні. Рэстаўрацыйныя работы тут яшчэ вядуцца, але на адноўленай тэрыторыі ўжо пачаў працаваць музей з даволі цікавымі экспанатамі.

Абавязкова пабывайце ў Красным Беразе (Жлобінскі раён). Такіх прыгожых інтэр'ераў, як у тутэйшым палацы, дзе рэстаўрацыя закончылася летась, вы нідзе ў Беларусі не сустрэнеце. Кожная зала аформлена ў сваім стылі: класіцызм, мадэрн, эклектыка, Усход, Афрыка. Будынку пашанцавала: яго не разбілі, не спалілі, у гады вайны немцы зрабілі там шпіталь для параненых. Пасля тут размяшчаўся сельскагаспадарчы тэхнікум. Дарэчы, гэты палац у свой час належаў Козел-Паклеўскім — аднаму з найбагацейшых родаў Расійскай імперыі, беларусам па паходжанні, якія аказаліся ў Сібіры, з часам сталі паспяховымі бізнесменамі (у іх было каля пятнаццаці вялікіх заводаў за Уралам).

Палац у Крас­ным Бе­ра­зе.

Палац Пацёмкіных у Крычаве — рэдкі ўзор эклектыкі канца ХVІІІ стагоддзя, занядбаны ў савецкі час, сёння ўжо гатовы да прыезду турыстаў, тут працуе музей, мясцовых жыхароў і гасцей запрашаюць на канцэртна-забаўляльныя і інтэрактыўныя мерапрыемствы.

Некалькі месяцаў таму былі адкрыты для наведвання пяць залаў на першым паверсе палаца Пуслоўскіх у Косаве, але для таго каб падаць гэты будынак ва ўсёй красе, давядзецца прыкласці яшчэ шмат часу і грошай. І не забудзьцеся наведаць Мерачоўшчыну — адноўленую сядзібу Тадэвуша Касцюшкі, што знаходзіцца паблізу.

Не будзем забывацца і пра сядзібна-паркавы комплекс Нямцэвічаў — Скокі ў ваколіцах Брэста, у мінулым стагоддзі там яшчэ працавала школа, але яе закрылі ў 80-х гадах, і пэўны час будынак стаяў з забітымі дошкамі вокнамі. Два гады назад завяршылася рэстаўрацыя, і ў тутэйшым музеі ладзяцца разнастайныя акцыі, сустрэчы, канферэнцыі, семінары, праводзіцца анімацыйная праграма, звязаная з гісторыяй Першай сусветнай вайны (успомнім, што ў Скоках было падпісана ваеннае перамір'е).

Палац Бутрымовічаў у Пінску «падкінуў задачку рэстаўратарам». Калі ў ХVІІІ стагоддзі ён узводзіўся, будаўнікі паспрабавалі вырашыць праблему з грунтавымі водамі. Уздоўж перыметра фундамента была зробленая своеасаблівая гідраізаляцыя — выкопваліся глыбокія канавы і туды забіваліся дубовыя дошкі. У наш час, калі вяліся работы па аднаўленні палаца, старая «дубовая» ізаляцыя была пашкоджана і пачаліся праблемы з вільгаццю, але нарэшце ўдалося з імі справіцца, і сёння ў будынку працуюць палац шлюбаў і музей.

Адзін з самых велічных палацавых комплексаў Беларусі — Жылічы (па памерах нічым не саступае Нясвіжскаму) знаходзіцца на Магілёўшчыне ў Кіраўскім раёне. Там ужо завяршылі першую чаргу рэстаўрацыі, актыўна вядзецца другая. Турыстам так рады, што пускаюць іх нават на будаўнічы аб'ект, дзе можна ўбачыць, як вядзецца рэстаўрацыя і якая ступень захаванасці арыгінальных столяў.

Канешне, успамінаюцца і іншыя аб'екты, адноўленыя ў апошнія дзесяцігоддзі, але бясспрэчна, яшчэ многа чаго можна зрабіць, і, як упэўнены Іван Сацукевіч, пакуль ёсць цікавасць грамадскасці да праблем аднаўлення помнікаў, згаданая тэндэнцыя будзе моднай, папулярнай, а людзі будуць далучацца да гэтага працэсу.

Трэба сказаць, што сустрэча, прысвечаная тэме «Аднаўленне помнікаў архітэктуры ў гады незалежнай Рэспублікі Беларусь», праводзілася Нацыянальным гістарычным музеем, які сумесна з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі сёлета ладзіць шэраг лекцый-дыскусій, удзельнікамі якіх могуць стаць усе, хто цікавіцца гісторыяй і культурай сваёй краіны.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Вернутыя з руін

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.