26 Верасень, серада

Вы тут

Аляксандр Папкоў: Адысці ад абыякавасці і падысці да праблемы творча


Напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Папкоў даў інтэрв'ю газеце «Мясцовае самакіраванне».


— Аляксандр Андрэевіч, выбарчая кампанія завяршаецца, 18 лютага адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Вы як старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні заўсёды знаходзіцеся ў эпіцэнтры актуальных праблем насельніцтва ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Што чакаеце ад новага складу дэпутацкага корпуса?

— Кампетэнцыя і паўнамоцтвы Саветаў дэпутатаў дакладна вызначаныя Канстытуцыяй нашай краіны і Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», а артыкул 121 Канстытуцыі вызначае выключную кампетэнцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў, у тым ліку ў частцы зацвярджэння праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця, мясцовых бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні, устанаўлення ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў, вызначэння парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю.

Калі ў поўнай меры выкарыстоўваць дадзеныя заканадаўствам магчымасці, то мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць усе паўнамоцтвы для актыўнай работы па сацыяльна-эканамічным развіцці свайго пасёлка або раёна.

Ад новага складу дэпутацкага корпуса выбаршчыкі чакаюць канкрэтнай работы. На жаль, аналіз грамадскай думкі паказвае, што дэпутатам мясцовага ўзроўню часта не хапае ініцыятывы. Відавочна, што наспела неабходнасць стварэння дакладнай сістэмы ўзаемадзеяння выканаўчай улады з дэпутатамі, якая будзе накіравана на развіццё эканомікі канкрэтнага рэгіёна. Ад гэтага залежыць і вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Дэпутаты ўсіх узроўняў разам з органамі ўлады і жыхарамі сваёй выбарчай акругі павінны зрабіць усё, каб у кожным населеным пункце (незалежна ад таго, Мінск гэта ці невялікая вёска) былі створаны належныя ўмовы жыцця, каб кожны чалавек адчуваў сябе абароненым, упэўненым у заўтрашнім дні.

Так што задачы перад дэпутатамі мясцовых Саветаў будуць пастаўлены вялікія. За намі — толькі людзі. І ні дэпутаты мясцовых Саветаў, ні дэпутаты парламента не маюць ніякага маральнага права заставацца ўбаку ад праблем сваіх выбаршчыкаў і чатыры гады проста адседжвацца. Мяркую, што выбаршчыкі таксама адказна і прынцыпова падыдуць да тых, за каго аддадуць свой голас. Бо хто, калі не яны, жыхары канкрэтнага пасёлка або невялікага гарадка, лепш за іншых ведаюць сваіх землякоў? Спадзяюся, што ў мясцовыя Саветы будуць абраныя далёка не выпадковыя людзі.

— З улікам патрабаванняў Прэзідэнта аб неабходнасці развіцця сельскіх тэрыторый якія падыходы ў рабоце мясцовых органаў улады неабходна ўдасканаліць? Якія праблемы, на ваш погляд, патрабуюць першачарговага вырашэння?

— Самая вялікая і набалелая праблема невялікіх гарадоў і пасёлкаў — працаўладкаванне мясцовага насельніцтва. Стварэнне новых працоўных месцаў дасць штуршок да далейшага развіцця сельскіх тэрыторый. Бо невыпадкова праблему адраджэння «малой радзімы» неаднаразова ўздымаў Прэзідэнт нашай краіны. Зусім нядаўна на рэспубліканскай нарадзе з працаўнікамі аграпрамысловага комплексу Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка прапанаваў абвясціць 2018 год у Беларусі Годам малой радзімы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на прыняцце такога рашэння паўплывалі разважанні пра важнасць малой радзімы ў лёсе кожнага чалавека. Нельга забываць свае вытокі, кім бы ты ні стаў. І Прэзідэнт нам паказвае асабісты прыклад у гэтым.

У мясцовых Саветаў дэпутатаў вельмі шмат магчымасцяў праявіць тут ініцыятыву. Трэба толькі адысці ад абыякавасці і падысці да праблемы творча. Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні неаднаразова прапаноўвала звярнуць пільную ўвагу на аб'екты нявыкарыстанай маёмасці. Дэкрэтам Прэзідэнта № 7 прадугледжваюцца вялікія магчымасці па развіцці прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці. Чаму б дэпутатам мясцовага ўзроўню не ўзяць ініцыятыву ў свае рукі: правесці растлумачальную работу сярод насельніцтва, арганізаваць кансультацыі юрыдычнага, эканамічнага кірункаў для тых, хто зацікаўлены ў праблеме працаўладкавання? Арганізаваць конкурс на найлепшы бізнес-план па стварэнні той ці іншай вытворчасці, нарэшце?

Галоўнае, не заставацца ўбаку ад праблемы працаўладкавання і не спадзявацца, што зверху дадуць каманду, выдзеляць сродкі і прыедуць арганізаваць вам працоўныя месцы.

Дарэчы, у рамках падрыхтоўкі V Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі адно з мерапрыемстваў секцыі «Аграрная палітыка Саюзнай дзяржавы: вопыт, праблемы, перспектывы» плануем правесці на базе ААТ «Александрыйскае» Шклоўскага раёна. Прааналізуем вопыт развіцця сельскіх тэрыторый на прыкладзе стварэння і развіцця ўсім вядомага ў нашай краіне аграгарадка. Гэта будзе сумеснае пасяджэнне Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па мясцовым самакіраванні і Камітэта Савета Федэрацыі па федэратыўным устройстве, рэгіянальнай палітыцы, мясцовым самакіраванні і справах Поўначы. Назва мерапрыемства гаворыць сама за сябе: «Устойлівае развіццё сельскіх тэрыторый як найважнейшы фактар забеспячэння эканамічнай бяспекі рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы».

— Аляксандр Андрэевіч, у чым заключаецца праблема павышэння аўтарытэту мясцовых Саветаў дэпутатаў у насельніцтва? Чаго ім не хапае сёння? Магчыма, прыйшоў час удасканаліць адпаведнае заканадаўства?

— Ніякага глабальнага ўдасканалення заканадаўства не патрабуецца. Заканадаўчая база дастатковая для таго, каб мясцовыя Саветы дэпутатаў разам з выканкамамі вырашалі галоўныя праблемы жыццезабеспячэння насельніцтва. Трэба толькі перамясціць прыярытэты з пазіцыі спажывальніцтва на пазіцыі стварэння. І, як я ўжо сказаў, у поўнай меры выкарыстаць свае правы, прадугледжаныя Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь».

Іншае пытанне, што ёсць некаторая нерашучасць з боку дэпутацкага корпуса, любыя дзеянні ажыццяўляюцца з аглядкай на выканаўчыя органы ўлады. Такія падыходы трэба мяняць. Я б нават сказаў, нявер'е ва ўласныя сілы, а часам і нежаданне быць на «перадавой». Бо хто, як не дэпутат, можа падняць і аб'ектыўна данесці праблемы сваёй акругі, запатрабаваць ад службовых асоб выканання сваіх абавязкаў?

Прыкладаў актыўнай работы дэпутатаў мясцовых Саветаў нямала. На жаль, тыя народныя абраннікі, хто не на словах, а на справе пацвярджае ганаровае званне дэпутата, асабліва не афішуюць сваю работу, з чым я ў корані не згодзен.

Зараз на мясцовыя органы ўлады ўскладаецца асаблівая адказнасць за развіццё рэгіёнаў, і трэба быць да яе гатовымі.

Вялікую ролю ў рабоце з насельніцтвам іграюць і сродкі масавай інфармацыі. Хачу са станоўчага боку адзначыць вашае выданне, абноўлены дадатак да газеты «Звязда» «Мясцовае самакіраванне». Газета паступова становіцца пляцоўкай для выступленняў і дыскусій, на якой таксама публікуюцца і пазіцыі дэпутатаў усіх узроўняў: ад мясцовых Саветаў да членаў Савета Рэспублікі.

— Як, на ваш погляд, павінна будавацца работа мясцовых органаў улады з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання?

— Усяго ў нашай краіне створана амаль 37 тысяч органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання колькасцю больш за 55,5 тысячы чалавек. У тым ліку больш за сем тысяч чалавек, якія ўваходзяць у калегіяльныя органы, — гэта сельскія, вулічныя, дамавыя камітэты, і амаль 30 тысяч аднаасобных — старасты, старэйшыны і інш.

Па сваёй сутнасці, органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — велізарная сіла. Гэта людзі, якія могуць стаць не толькі сувязным звяном паміж органамі ўлады і насельніцтвам, але і рэальнымі памочнікамі ў вырашэнні многіх праблем.

І тут дэпутаты ўсіх узроўняў — і мясцовых Саветаў, і абедзвюх палат парламента — проста павінны дапамагчы людзям у арганізацыі такой ініцыятывы. Растлумачыць, як правільна наладзіць работу, прыняць удзел у грамадска карыснай працы. Мы павінны стварыць эфектыўную схему канструктыўнага супрацоўніцтва з грамадскімі аб'яднаннямі для вырашэння задач, якія не патрабуюць дадатковых выдаткаў і бюджэтнага фінансавання. Напрыклад, у частцы прывядзення ў парадак месцаў адпачынку, акультурвання прыдамавых тэрыторый і г. д. Мяркую, менавіта гэты кірунак узаемадзеяння з насельніцтвам можа стаць адным з крытэрыяў ацэнкі работы депутата.

Пад­час вы­яз­но­га па­ся­джэн­ня Са­ве­та па ўза­е­ма­дзе­ян­ні ор­га­наў мяс­цо­ва­га са­ма­кі­ра­ван­ня ў Дзяр­жын­скім ра­ё­не.

— Вернемся да праблемы стварэння новых працоўных месцаў у невялікіх гарадах і сельскай мясцовасці. Якую ролю ў яе вырашэнні можа адыграць супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі?

— На цяперашні момант на ўзроўні абласцей Беларусь супрацоўнічае больш чым з 60 рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Расійскі рынак па-ранейшаму застаецца прыярытэтным для нашага экспарту. На рэгіянальным узроўні актыўна развіваецца ўзаемавыгадны гандаль, ствараюцца сумесныя вытворчасці. Мы бачым вялікі патэнцыял аб'яднання намаганняў у аграрнай галіне. На наш погляд, першачарговай задачай супрацоўніцтва Беларусі і Расіі на гэтым этапе з'яўляецца фарміраванне адзінай аграрнай палітыкі Саюзнай дзяржавы, якая мае на ўвазе стварэнне агульнага рынку, забеспячэнне харчовай бяспекі і стварэнне міждзяржаўных кааперацыйна-інтэграцыйных структур у АПК.

Умацаваць сувязі, якія ўжо ёсць, і стварыць новыя перспектывы супрацоўніцтва — галоўная мэта правядзення штогадовых Форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У рамках падрыхтоўкі і правядзення ІV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбыўся ў Маскве летам мінулага года, падпісана 77 дакументаў аб супрацоўніцтве (пагадненні, планы мерапрыемстваў, мемарандумы) паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадамі рэгіёнаў Расіі, паміж рэгіёнамі дзвюх краін. У мэтах выканання даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь наладжаны канструктыўны дыялог паміж прадстаўнічымі органамі ўлады. Так, падпісана 34 пагадненні паміж органамі мясцовага самакіравання (Саветамі дэпутатаў Беларусі і заканадаўчымі сходамі, абласнымі думамі, прадстаўнічымі сходамі, Саветамі дэпутатаў Расіі). Супрацоўніцтва рэгіёнаў нашых краін развіваецца не толькі паміж абласцямі, але і на базавым узроўні: пры падрыхтоўцы да Форуму падпісаны 41 дакумент аб супрацоўніцтве паміж раёнамі і гарадамі Беларусі і муніцыпальнымі ўтварэннямі Расіі, у тым ліку і мясцовымі Саветамі дэпутатаў.

Пэўныя надзеі мы ўскладаем і на V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які павінен адбыцца гэтым разам у нас у Беларусі, Магілёўскай вобласці. Тэматычныя секцыі гэтага маштабнага мерапрыемства пройдуць на пляцоўках вядучых прадпрыемстваў Магілёва і Шклова, а таксама Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.

Вядома ж, ад Форуму мы чакаем аддачы. Спадзяёмся, што вынікам яго стануць сумесныя міждзяржаўныя праекты, рэалізацыя якіх дазволіць прыцягнуць дадатковыя працоўныя рэсурсы і стварыць новыя працоўныя месцы ў рэгіёнах нашай краіны.

— Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі закліканы стварыць адзіны ланцужок супрацоўніцтва ўсіх прадстаўнічых органаў улады: ад Сельскага савета да Нацыянальнага сходу. Што ў гэтай рабоце, на вашу думку, стала найбольш значным вынікам?

— На пасяджэннях Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання абмяркоўваем усе актуальныя праблемы жыцця нашага грамадства, якія найбольш хвалююць людзей. Пасяджэнні праходзяць, як правіла, у фармаце выязной нарады. На прыкладзе работы канкрэтных прадпрыемстваў і арганізацый мы абмяркоўваем самыя вострыя пытанні і намячаем шляхі выхаду са складаных сітуацый. Ролю і месца мясцовых органаў улады ў вырашэнні праблем фінансавай заможнасці і павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемстваў АПК, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, удасканаленне заканадаўства па пітным водазабеспячэнні — гэта не поўны пералік праблем, якія абмяркоўваюцца падчас правядзення такіх выязных мерапрыемстваў. Мы даём магчымасць выслухаць пазіцыю органаў мясцовага самакіравання і данесці яе да рэспубліканскага ўзроўню, абмеркаваць усе пытанні за круглым сталом, дзе кожны мае права выказаць свой пункт гледжання і аргументаваць сваю прапанову.

Заўважу, што па кожным разгляданым пытанні былі распрацаваны прапановы і накіраваны ўраду для далейшага разгляду.

Так, па выніках сумеснага пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання і Прэзідыума Савета Рэспублікі «Аб удасканаленні прававых, арганізацыйных і эканамічных асноў развіцця і дзейнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь па стварэнні спрыяльных умоў жыццезабеспячэння насельніцтва» выпрацаваныя намі прапановы ўвайшлі ў аснову Канцэпцыі ўдасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Як вы ведаеце, гэта канцэпцыя ўжо зацверджана пастановай Саўміна ад 29 снежня 2017 года № 1037.

На пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні ў Лідскім раёне мы разгледзелі пытанне «Аб рабоце органаў мясцовага самакіравання па выкананні Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» у святле рэалізацыі выніковых дакументаў пятага Усебеларускага народнага сходу». Па выніках пасяджэння выпрацаваны рэкамендацыі па далейшай рабоце мясцовых Саветаў дэпутатаў і вызначаны асноўныя кірункі сумеснай дзейнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання па рэалізацыі асноўных напрамкаў развіцця краіны на пяцігодку — інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя і моладзь.

У красавіку 2017 года на базе Дзяржынскага раёна намі была вывучана работа органаў мясцовага кіравання і самакіравання Мінскай вобласці па ўключэнні ў гаспадарчы абарот нявыкарыстанай і не эфектыўна выкарыстанай маёмасці, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці. Удзельнікі нарады прыйшлі да высновы аб неабходнасці змены заканадаўства, якое рэгулюе маёмасныя адносіны. Мы накіравалі свае прапановы ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І хачу адзначыць, што нам удалося зрушыць пытанне з мёртвай кропкі. Прапановы ўлічаны пры падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў.

— Нядаўна ў Паставах адбылося сумеснае пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання і Праўлення Белкаапсаюза, прысвечанае павышэнню якасці абслугоўвання сельскага насельніцтва. Як узаемадзеянне мясцовых органаў улады і спажыўкааперацыі можа вырашыць праблемы занятасці, павышэння ўзроўню жыцця людзей?

— Падчас наведвання гандлёвых аб'ектаў і прамыслова-перапрацоўчага комплексу Пастаўскага раёна падымаліся пытанні, якія датычацца выканання даручэнняў Прэзідэнта па паляпшэнні фінансавага стану прадпрыемстваў Белкаапсаюза, павышэнні іх эфектыўнасці і даступнасці паслуг для людзей. Сёння першачарговая задача спажывецкай кааперацыі і ўсіх яе структурных падраздзяленняў — актыўны ўдзел у фарміраванні даходнай часткі бюджэту свайго рэгіёна. Спажыўкааперацыя закліканая стаць пасярэднікам паміж вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі і рынкам. Трэба ствараць новыя працоўныя месцы, адкрываць цэхі перапрацоўкі, выпускаць прадукцыю з дабаўленай вартасцю.

Удзельнікі пасяджэння прыйшлі да думкі, што ў арганізацый спажыўкааперацыі ёсць вялікі рэсурс. Напрыклад, закупка сельскагаспадарчай прадукцыі — важны складнік дзейнасці спажыўкааперацыі. Яна заўсёды займалася пытаннямі закупак сельскагаспадарчай прадукцыі там, дзе яна маецца з лішкам, і рэалізацыі там, дзе яе недастаткова. І гэта вельмі важна, бо па статыстыцы даход сям'і, якая пражывае ў сельскай мясцовасці, на 13,7 % складаецца з паступленняў ад асабістай падсобнай гаспадаркі, на 9,8 % — з нарыхтоўчай дзейнасці. У сельскай мясцовасці даходы насельніцтва невялікія, і такая крыніца заробку, наладжаная арганізацыямі спажыўкааперацыі, вельмі адчувальная для сельскіх жыхароў. У гэтую работу варта таксама ўключыцца і мясцовым органам улады, праводзіць тлумачальную работу з насельніцтвам, бо 17,2 % сельскіх жыхароў не ведае, што лішкі прадукцыі закупляе Белкаапсаюз. І нарыхтоўшчыкі павінны больш актыўна ісці да людзей. Часам складваецца сітуацыя, што чалавек, які выгадаваў сваю прадукцыю, і рады яе прадаць арганізацыі кааперацыі, але тэрытарыяльна такой магчымасці ў яго няма. Гэта, у тым ліку, адно з рашэнняў праблемы занятасці насельніцтва.

— Напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь што вы хацелі б пажадаць кандыдатам у дэпутаты і іх выбаршчыкам?

— Кандыдатам у дэпутаты, вядома ж, жадаю быць абранымі. Але ў той жа час хачу даць параду. Будзьце сумленнымі са сваімі выбаршчыкамі. Не трэба даваць нязбытных абяцанняў, лепш настроіцца на плённую работу.

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў — вельмі важнае і адказнае мерапрыемства дзяржаўнага ўзроўню. Спадзяюся, што ўсе выбаршчыкі праявяць грамадзянскую актыўнасць і прагаласуюць за самых годных сваіх прадстаўнікоў. Бо задача ў нас усіх адна — сваёй працай стварыць умовы для годнага жыцця ў стабільнай эканамічна развітой краіне.

Гутарыла Наталля Бітэль

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Выхоўваць ці любіць? Шчырая размова з педагогам пра бацькоўскія страхі

Выхоўваць ці любіць? Шчырая размова з педагогам пра бацькоўскія страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.