Вы тут

Канкурыраваць на роўных умовах


На думку першага намесніка прэм'ер-міністра Васіля Мацюшэўскага, у рабоце прадпрыемстваў неабходна пазбавіцца мясцовага і ведамаснага пратэкцыянізму, дырэктыўнага абмежавання канкурэнцыі. Пра гэта ён заявіў падчас калегіі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, дзе разглядаліся вынікі працы ў 2017 годзе і асноўныя задачы на 2018-ы.


Прывязаць манапалістаў да інфляцыі

«Беларускія прадпрыемствы неабходна навучыць канкурыраваць без выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу міністэрстваў і выканкамаў», — дадаў Васіль Мацюшэўскі. Таксама ён адзначыў, што стварэнне бар'ераў, у тым ліку і адміністрацыйных, уплывае на канчатковую цану для спажыўца і робіць дадатковы ціск на інфляцыю. Пры гэтым ён лічыць цалкам нармальным, калі на асобных стратэгічных дзяржаўных рынках адсутнічае канкурэнцыя або яна штучна абмежаваная. Але і гэтыя напрамкі патрабуюць дэталёвага вывучэння.

Не менш важнай, паводле яго слоў, сёння з'яўляецца неабходнасць ацаніць канкурэнцыю ў дзяржаўных закупках Беларусі. Васіль Мацюшэўскі адзначыў, што больш за 70 % дзяржзакупак у вартасным выражэнні ажыццяўляецца з адной крыніцы, гэта значыць не на канкурэнтнай аснове.

У сваю чаргу міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч падкрэсліў, што ведамства вядзе работу над тым, каб распрацаваць тарыфныя і цанавыя рэгламенты па кожнай галіне. Адсутнасць сістэмы абгрунтаваных эканамічных разлікаў па ўсталяванні тарыфаў і коштаў натуральнымі манаполіямі спрыяе прыросту коштаў, які нічым не апраўданы. «Летась мы мелі рост цэн па малаку на 9,2 %, інфляцыю — 4,6 %. І ні адзін аблвыканкам не прадставіў эканамічнага абгрунтавання ўстанаўлення цэн на малако», — прывёў прыклад міністр. У МАРГ плануюць разгледзець пытанне заключэння абавязковых пагадненняў, якімі можна будзе кантраляваць цэны, што выстаўляюць манапалісты і кампаніі, якія дамінуюць на рынку. Плануецца, што ў якасці арыенціра будзе прапанаваны ўзровень інфляцыі. «Тым, хто захоча павысіць кошты вышэй за ўстаноўлены ўзровень, прыйдзецца даказваць гэтую неабходнасць», — растлумачыў Уладзімір Калтовіч.

Толькі жывыя грошы

Падчас калегіі намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц адзначыў, што лішняй эмісіі грошай у краіне няма. «Грошы ніхто не друкуе. Сёння адзіны канал, праз які трапляюць беларускія рублі ў абарачэнне, — купля замежнай валюты, якая адбывалася на працягу ўсяго мінулага года. Яна не нясе ніякіх інфляцыйных рызык», — растлумачыў Сяргей Калечыц. Пры гэтым ён адзначыў, што ў Нацбанку сапраўды назіралі сезоннае павелічэнне крэдытнай актыўнасці. «Але, па сутнасці, гэта аднаўленне тых параметраў, якія зніжаліся раней. Ніякай пагрозы для прагнозных узроўняў інфляцыі мы не бачым», — рэзюмаваў намеснік старшыні.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».