Вы тут

“Джуманджы: Кліч джунгляў”


“Джуманджы: Кліч джунгляў”. Чаму лепш ніякага сіквэла, чым такі

Калі глядзіш новы рэмейк або сіквэл старога фільма, тым больш вядомага і культавага, мімаволі параўноўваеш і нават шукаеш нейкія зачэпкі, чаму “раней было лепш”. Але, калі арыгінальны фільм не бачыў або бачыў часткова, даўно і зусім не памятаеш, справа іншая. Тут у новага варыянта больш шанцаў спадабацца. Калі вельмі захопіць, можна і са старым пазнаёміцца.

А ці бывала ў вас такое, што хацелася паглядзець арыгінал, бо пасля прагляду рэмейка ці сіквэла ў галаве засела пытанне: “Няўжо першапачатковы варыянт быў такі ж дрэнны?” І я, канечне, разумею, што колькі людзей, столькі меркаванняў, і, магчыма, кідацца такімі словамі – не зусім карэктна, але ў дадзеным выпадку маё меркаванне таксама не беспадстаўнае.

Параўноўваць сіквэл “Джуманджы” 2017 года з фільмам 1995 складана таму, што гэта па сутнасці розныя фільмы, у тым ліку – розныя жанрава і адносна аўдыторыі, на якую разлічаныя. У так званым “сіквэле” ад першапачатковай гісторыі засталася фабула, таму гэта больш нагадвае рэмейк у стылі “знялі па старым сюжэце, але пра сучасных людзей, каб не трэба было прыдумваць нешта новае”. Калі паглядзець апісанні фільмаў на розных сайтах, абодва яны “фантастычна-прыгодніцкія”, але, калі разбірацца глыбей, фільм 1995 года – больш сур’ёзны, нават дзесьці з элементамі хорару, у той час як новы – тыповая амерыканская камедыя для падлеткаў, падобныя трансляваліся некалі на канале “Disney”. Чаму на “Кліч джунгляў” Kinopoisk паставіў рэйтынг 16+ (12+ па версіі ByCard), калі на “сапраўдным” “Джуманджы” стаіць 6+, і хто пераблытаў на Kinopoisk рэйтынгі, я не ведаю, але больш падобны да дзіцячай казачкі тут менавіта сіквэл.

“Кліч джунгляў” адрозніваецца ад старога фільма тым, што тут не гульня “Джуманджы” інтэгруецца ў рэальны свет (што, дарэчы, дадавала фільму напружанасці і рэалістычнасці), а самі персанажы трапляюць у свет гульні. Класічныя такія “пападанцы”. І завязка класічная: проста паказаць персанажаў, каб глядач іх ведаў у твар (ніякай розніцы, што потым увесь фільм назіраем мы не за імі, а за іх “аватарамі” ў гульні), неяк пазганяць іх у адно памяшканне і паказаць, як яны знаходзяць злашчасную гульню.

Не абыходзіцца і без праблем для герояў: вось гэта – два сябра, у якіх нешта пайшло не гэтак у сяброўстве, яны спрачаюцца. Вось гэта – дзяўчынка, якой складана стасавацца з аднагодкамі. А вось іншая дзяўчынка – яна ўвесь час акцэнтуе ўвагу на сваёй знешняй прывабнасці, папулярнасці сярод хлапцоў, а таксама вельмі прывязаная да мабільнага тэлефона. Як вырашаюцца праблемы ў сюжэце? Тым, што ўнутры гульні “Джуманджы” тэлефонаў няма, а дзейнічаць героям даводзіцца разам. Не сказаць, каб былі відаць нейкія змены ў іх характарах, светапоглядах, адносінах адно да аднаго і да людзей. Некалькі пафасных фраз – і усё, праблематыка лічыцца раскрытай. Тут найбольш цікавай выглядае гісторыя адной з дзяўчын. Той, што з праблемамі ў камунікацыі. Сцэнарысты, відаць, бачаць рэальную праблему ў тым, што гераіня фільма не пазіцыяніруе сябе як пэўны “тавар” – і нейкую частку фільма займае “перавыхаванне”. Трапляючы ў гульню, дзяўчынка даволі звычайнай знешнасці ператвараецца ў “гарачую красуню”, новаспечаная сяброўка вучыць яе фліртаваць і “чапляць” хлапцоў. Неабходны навык у жыцці школьніцы – нічога не скажаш. Што там наконт індывідуалізацыі характараў персанажаў і іх разнастайнасці?

Здаецца, у 1995 годзе Амерыка яшчэ не акцэнтавала такой увагі на ўсялякіх сэксізмах і расізмах у кіно, але, калі паглядзець на стары фільм, там і афраамерыканцы, і жаночыя персанажы, прапісаныя не горш за мужчынскіх і дабаўленыя ў сюжэт не дзякуючы сваёй фігуры, не для “навучання флірту” і не дзеля гэгаў і рамантычнай лініі. І ніякай тут аб’ектывацыі, і ніякіх тут -ізмаў.

Зрабілі ў сіквэле тое, чаго ў першым фільме не было: уключылі туды “галоўнага злодзея” з больш ці менш сфармуляванай (калі параўноўваць з “паляўнічым” з першага фільма) матывацыяй. Але ці так гэта было патрэбна? Ды й увогуле, на маю думку, “паляўнічы” быў нават больш каларытным за гэтых шаблонных адмоўных персанажаў, на якіх можна паглядзець у кожным трэцім фільме жанру.

У сіквэле сюжэт можна лёгка падзяліць на лагічныя блокі па “ўзроўням” гульні, у якую трапляюць персанажы. Паміж гэтымі ўзроўнямі – дыялогі, спробы сэксістскага гумару і гэгі, якія мы ўжо бачылі раней ў дзясятках фільмаў. Першы фільм “Джуманджы” выглядае больш цэласным (замест узроўняў гульні – хады гульцоў, але яны не дробяць фільм на блокі) і трымае напружанне з пачатку і да самага канца, падкідваючы кожныя пару хвілін з-за кожнага павароту ўсё новыя і новыя прыгоды і перашкоды для герояў. “Кліч джунгляў” выдае нешта падобнае да напружання на момантах з “выпрабаваннямі” для герояў – ну і таксама яшчэ недзе ў кульмінацыі.

І, магчыма, тут я трапіла “міма аўдыторыі”, вырасла з такіх фільмаў, але ці можна апраўдаць прымітыўны сюжэт, кардонных персанажаў і барадатыя пячорныя стэрэатыпы тым, што “ну, гэта фільм для дзяцей і падлеткаў, што з яго ўзяць”?

Алена МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.