Вы тут

Альтэрнатыўная сталіца Беларусі


Альтэрнатыўная сталіца Беларусі

Калі б гісторыя нашай краіны развівалася іначай, гэты горад мог быць цяпер галоўным у Беларусі!

Магілёў мае для нашай краіны асаблівае значэнне. Тут фактычна пачаўся развал Расійскай імперыі, сюды бальшавікі хацелі перанесці сталіцу ў міжваенны перыяд. Логіка ў такіх дзеяннях была: сталіца Беларускай Рэспублікі, як звалі нашу краіну ў 1920-х, размяшчалася вельмі блізка ад мяжы. Ці варта нагадваць, што польскі пісьменнік Сяргей Пясецкі, а па сумяшчальніцтве наш зямляк і агент разведкі Другой Рэчы Паспалітай, прызначаў спатканні ля Чырвонага касцёла. Што з сябе ўяўляў міжваенны Мінск, можна добра зразумець з яго рамана «Багам ночы роўныя». Горад быў літаральна перапоўнены рознымі дзівакамі.

У будынку побач з Чырвоным касцёлам быў арыштаваны Барыс Савінкаў — вядомы тэрарыст-эсэр, зацяты праціўнік бальшавізму і літаратар. Каб завабіць яго на савецкую тэрыторыю, была распрацавана шматхадовая аперацыя. Бальшавікі вельмі хацелі, каб ён паверыў у тое, што на тэрыторыі маладой савецкай дзяржавы існуе заканспіраваная антысавецкая арганізацыя, якую павінен узначаліць ён, Савінкаў, ніхто іншы. І ён паверыў. Як і Пясецкі, ад мяжы да беларускай сталіцы Савінкаў ішоў пешшу. Бо адлегласць была маленькая. Толькі уявіце сабе: Якуб Колас разам з сям’ёй любіў збіраць грыбы ў лесе пад Ждановічамі, але для гэтага яму быў неабходны дазвол, бо цяперашні мінскі ўскраек знаходзіўся ўжо ў памежнай зоне.

Упершыню пра тое, што Магілёў мог стаць сталіцай Беларусі, я пачуў яшчэ ў сярэдняй школе, калі на вакацыі трапіў у летнік. Быў там адзін хлапец з Магілёва — ён і расказаў. А мне не верылася… Як так? Толькі Мінск! Яшчэ больш засумняваўся я ў яго словах, калі пачуў, што ў Магілёве ёсць амаль дакладная копія нашага Дома ўрада. Тады падавалася гэта ўжо нечым з вобласці фантастыкі.

Калі я падрос і пачаў ездзіць на футбол, то ўсё на свае вочы пабачыў. Няшмат — толькі вакзал, цэнтр, стадыён. Як і ў іншых гарадах. Але і гэтага хапіла для разбурэння шаблону. Разглядаючы магілёўскую архітэктуру, якая так нагадвала мінскую, я не мог зразумець: чаму ж Магілёў не стаў сталіцаю? Па вялікім рахунку горад быў цалкам прыдатны для першай пазіцыі ў краіне. Прычын, відаць, дзве. Першая: пасля верасня 1939 года змянілася геапалітычная сітуацыя. Мяжа адсунулася далёка на захад — неабходнасці ў пераносе сталіцы ўжо не было. Другая: у тамтэйшага камуністычнага кіраўніцтва не было вялікага жадання мяняць прапіску. Справа ў тым, што з часу ўсталявання савецкай улады многія рэвалюцыянеры абраслі сем’ямі, сувязямі, сябрамі. Можа, і асабіста прывязаліся да Мінска. Таму і пераязджаць на новае месца не асабліва хацелася. Праект пераносу сталіцы так і застаўся нерэалізаваным, нягледзячы на ўсе практычныя захады па яго ажыццяўленні.

Добра паглядзець Магілёў мне давялося толькі ў канцы чэрвеня 2011 года, калі я працаваў навуковым супрацоўнікам у музеі народнай архітэктуры і побыту. Мы тады выправіліся ў вандроўку да калег, а па вяртанні я зрабіў у сваім дзённіку наступны запіс:

«Мне не так часта даводзіцца бываць ў беларускай правінцыі, таму я карыстаюся кожнай магчымасцю, каб па-новаму адкрыць для сябе новыя мясціны. Учора мяне занесла на Магілёўшчыну.

Магілёў — самабытны і прыгожы горад. Я ўяўляў сабе яго іншым, больш простым і менш цікавым. Дом урада — скапіяваны з мінскага аналага, тэатр і шматлікія ўтульныя вулачкі. Відаць, гэты горад апраўдана звалі даўней «маленькай Прагай».

Над горадам велічна ўзвышаецца нядаўна адбудаваная ратуша. У 1957 годзе сапраўдную ратушу ўзарвалі бальшавікі, а гэтую узнавілі па дакладных даных папярэдніцы. Аднак не толькі гарадская ратуша пацярпела, добрая частка магілёўскіх будынкаў была ўзарвана за савецкім часам, хацелі нават ўзарваць тэатр, але магілёўцы яго адстаялі.

Музей горада размяшчаецца ў ратушы. Неблагая экспазіцыя, кандыцыянеры, прыборы для вымярэння тэмпературна-вільготнаснага рэжыму. Усё зроблена для людзей. Першапачаткова планавалася, што на другім паверсе будуць праводзіцца паседжанні гарвыканкама, але чыноўнікі саступілі сваю тэрыторыю навукоўцам — і цяпер цэлы будынак ў распараджэнні музея.

Адной з адметнасцей горада з’яўляецца Свята-Мікольскі жаночы манастыр, заснаваны ў 1636 годзе. Упершыню мне давялося пабываць на тэрыторыі манастыра. Я заўсёды паважаў людзей веры, якія дабраахвотна адмовіліся ад мірскога жыцця.

Мсціслаў. Сам горад больш нагадвае ўтульнае мястэчка. Славутая гісторыя адлюстравана ў гарадскім музеі. Як і ў магілёўскім — усё новае, экспазіцыя, канешне, простая, але з густам. Паўсюль партрэты вялікіх князёў літоўскіх, харугвы, гравюры.

У Мсціславе дзве дзеючыя праваслаўныя царквы і адзін кармеліцкі касцёл. Ксёндз Роберт ласкава пусціў нас ўнутр. За часам бальшавікоў тут была база для захавання садавіны і гародніны, таму цяпер касцёл у жахлівым стане. Грошай на рэстаўрацыю няма. Удалося пабываць і ў яго сутарэннях. Уражвае, як у прыгодніцкіх фільмах.

Нельга не напісаць пра Пустынку. Гэта вёска на самым ускрайку Беларусі, праз пару кіламетраў пачынаецца Расія. Тут знаходзіцца мужчынскі манастыр, заснаваны ў 1380 годзе. У савецкі час тут былі навучальныя ўстановы. Манастыр амаль цалкам разбураны. Людзі, якія ў ім жывуць, — 4 манахі і 6 паслушнікаў, сапраўдныя людзі веры, што пражываюць у спартанскіх умовах. З архітэктурнага комплексу адноўлена толькі некалькі будынкаў. Манастыр мае і сваю адметнасць — нерукатворную выяву Збавіцеля. На сцяне ў адным з будынкаў знаходзіцца выява Хрыста, якая праявілася ў 2003 годзе, калі тут з’явіліся першыя жыхары.

Вынікам маёй вандроўкі стала цвёрдае разуменне таго, што наша краіна нічым не горшая за іншыя. Тут таксама можна знайсці сабе прыгоды, калі захацець. Трапляючы ў які-небудзь населены пункт, цяпер найперш буду шукаць мясцовыя музеі. Хочацца спадзявацца, што яны такія ж, як у Мсціславе і Магілёве.

Шчыра кажучы, гэтыя радкі я пісаў у той час, калі яшчэ не быў нідзе акрамя Беларусі. То бок, разважаў я тады пра тое, што «наша краіна нічым не горшая за іншыя», выключна гіпатэтычна. Але ўжо праз два месяцы я паехаў у Вільню, потым былі іншыя краіны Еўропы. І меркаванне маё не змянілася, хутчэй наадварот. Шмат у чым дзякуючы менавіта Магілёву і Магілёўшчыне. Я і цяпер люблю завітваць у горад, які мог стаць сталіцаю Беларусі.

Канстанцін КАСЯК

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».