Вы тут

Галоўныя модныя тэндэнцыі гэтай вясны


Ці прыйдзе сапраўдная вясна ў сакавіку, невядома, але нішто не перашкаджае пачаць новы модны сезон па календары. Падказваем, да чаго прыгледзецца ў крамах і якім рэчам з вашай шафы можна даць другое жыццё.


Ультрафіялет

Са­мы мод­ны ко­лер вяс­ны.

Галоўны колер гэтай вясны. На думку прадстаўнікоў Інстытута колеру Раntоnе, ён сімвалізуе арыгінальнасць, наватарства і будучыню з яе новымі тэхналогіямі і палётамі ў іншыя галактыкі. А яшчэ можа быць крыніцай натхнення для творчасці. Іншае пытанне, як удала ўключыць яго ў свой гардэроб, бо колер для носкі дастаткова складаны. Ён добра спалучаецца з жоўтым і каралавым (варыянт для тых, хто хоча выглядаць ярка), а таксама з бэжавым, белым і чорным (больш спакойны вобраз). Калі не ўпэўнены, што ўльтрафіялет вам пасуе, выберыце аксесуар гэтага адцення ці спадніцу, а не блузку: так колер будзе знаходзіцца далей ад твару і не надасць яму стомлены выгляд. Зусім не падабаецца? Тады прыгледзьцеся да іншых модных у гэтым сезоне колераў — яркага жоўтага, шакаладнага, халоднага зялёнага, тонаў «памідор чэры» і «ружовая лаванда».

Плашчы на любы густ

Калі ў вашай шафе няма трэнча (двухбортнага дажджавога плашча з поясам), ёсць добрая нагода яго купіць. Бяспройгрышны варыянт — аб'ёмны бэжавы даўжынёй па калена. Трэнч спалучаецца і са строгімі нагавіцамі, ствараючы дзелавы вобраз, і з паўсядзённымі джынсамі. А яшчэ дызайнеры прапануюць зноў прыгледзецца да чырвонага скуранога плашча. Насіце яго з гольфам і спадніцай спакойных адценняў, каб збавіць градус экстравагантнасці.

Даўгія махры

Імі могуць быць дэкарыраваныя спадніца, сукенка, кашуля і нават паліто. У модзе — цяжкія, пушыстыя і шматслойныя махры. Спадніца з такім аздабленнем добра будзе глядзецца ў камплекце са світарам буйной вязкі. А куртка — з джынсамі і грубым абуткам. У першым выпадку атрымаем рамантычны вобраз, у другім — смелы і бунтарскі.

Асноўнае правіла пры носцы махроў: астатнія рэчы на вас мусяць быць максімальна простымі і лаканічнымі. І памятайце, што такі дэкор дадае фігуры аб'ёму.

Пластык

Звычайна дызайнеры аддаюць перавагу натуральным тканінам. Але бываюць выключэнні. Для нашага дажджлівага надвор'я рэчы з пластыку — тое, што трэба. У наступным сезоне гэты матэрыял будуць выкарыстоўваць і пры вырабе абутку, і пры пашыве адзення. Наколькі ў гэтым камфортна — пытанне адкрытае. Але плюсы адназначна ёсць. Так, празрысты пластыкавы плашч дазволіць прадэманстраваць адзенне пад ім не толькі ў памяшканні, але і на вуліцы. А ў сумцы з такога матэрыялу нішто не зможа згубіцца.

Паеткі

Хочаце, каб ваша з'яўленне на вечаровым мерапрыемстве было бліскучым? Выбірайце сукенку ў паеткі. Яшчэ нядаўна такі дэкор лічыўся безгустоўнасцю, а гэтай вясной — зноў на піку моды. Каб паеткі былі дарэчы ўдзень, спалучайце гэтыя аксесуары з грубымі чаравікамі, звычайнымі трыкатажнымі вадалазкамі, джынсамі. Хоць прыкоўваць увагу будзеце ў любым выпадку.

Сумкі на пояс

Па­яс­ныя сум­кі —  гэ­та як мі­ні­мум зруч­на.

Той момант, калі гандляры на рынку і турысты на экскурсіі нечакана трапілі ў трэнд. Зрэшты, так сапраўды больш зручна. Па форме модныя паясныя сумкі розныя: спартыўныя, падобныя да касметычак, звычайныя міні-мадэлі, якія дагэтуль насілі цераз плячо. Моцным аргументам у абарону новай тэндэнцыі можа стаць тое, што такія аксесуары мільгалі на паказах Guссі і Vаlеntіnо.

Мінімалізм

Простыя сілуэты, адзін-два колеры ў вобразе, адсутнасць дэкору. У цэнтры ўвагі — крой рэчаў і вы самі. Прымерайце такі варыянт: штаны-дудачкі, кашуля і даўгі пінжак у тон. У гэты стыль добра ўпішуцца сумка-канверт і туфлі-лодачкі.

Мінімалізм — не пра сум і адсутнасць фантазіі, а пра элегантнасць, шык і густ. Можна дадаць упрыгажэнне, але толькі адно — шалік, моназавушніцу, брошку.

Жывёльны прынт

Чарговы раз «леапард» вяртаецца ў моду. Самы час навучыцца насіць яго правільна. Няхай гэта будуць свабодныя сілуэты (а не да таліі) і арыгінальная расфарбоўка (чырвоная, зялёная гама, напрыклад). Упісаць гэты прынт у паўсядзённы гардэроб можна ў выглядзе абутку. Бярыце прыклад з прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй, якая дапаўняе дзелавы касцюм леапардавымі лодачкамі. Папулярнымі будуць таксама ўзоры а-ля тыгр і зебра.

Джынс з ног да галавы

Па­пу­ляр­ны­мі бу­дуць джын­са­выя кам­плек­ты.

Вобраз з дэніму будзе вельмі актуальны. Прынамсі, Оsсаr dе lа Rеntа і Tоm Fоrd, якія прэзентавалі на паказах джынсавыя касцюмы, у гэтым не сумняваюцца. Дызайнеры раяць прыгледзецца да «варонак» і штаноў, пашытых нібы з дзвюх розных па колеры пар. Фасоны — простыя, не перагружаныя лішнімі дэталямі. А вось ірваныя джынсы пакіньце ў шафе да лепшых часоў: у гэтым сезоне яны страчваюць папулярнасць. Пры куплі джута спыніцеся на мадэлі «оверсайз» з аб'ёмнымі накладнымі кішэнямі.

Шырокі абцас і змяіная скура

Ужо каторы сезон галоўным патрабаваннем да абутку застаецца практычнасць. Таму рабіце стаўку на туфлі на шырокім абцасе. Яны ўніверсальныя і лёгка ўпішуцца ў любы гардэроб. Дызайнеры «рэанімавалі» таксама абцас-кілішак. Насіце яго са штанамі даўжыні 3/4, спадніцамі-аловак, сукенкамі па калена і адчувайце сябе гераіняй рэтра-фільма. З чым такую мадэль лепш не спалучаць, дык гэта з аб'ёмнымі рэчамі: такі ансамбль «з'есць» ваш рост. На што яшчэ варта звярнуць увагу? Падказваем: туфлі са скуры пад змяю, батфорты і грубыя чаравікі.

Поп-арт

Прынт «поп-арт» для іра­ніч­ных асоб.

Каб быць бліжэй да сучаснага мастацтва, неабавязкова ісці ў музей. Адзявайце кашулю з выявамі коміксаў і карцін Эндзі Уорхала і, як той казаў, нясіце культуру ў масы. Рэч у духу поп-арт павінна быць цэнтральнай у вашым вобразе: астатнія няхай будуць аднатоннымі і паўтараюць адзін з колераў, што ёсць у прынце. Што яшчэ мусіць быць пры вас, дык гэта пачуццё гумару. І ўсё ж такі, пэўна, давядзецца схадзіць у мастацкі музей, бо, каб іранізаваць над сучаснай культурай, трэба пра яе ведаць.

Скураны берэт

Не спяшайцеся пазбаўляцца вясной ад галаўных убораў. Тым больш ёсць столькі цікавых варыянтаў. Хочаце запісацца ў шэрагі модніц — купляйце чорны скураны берэт. Насіць яго можна ссунуўшы на патыліцу ці набок, з паліто ці плашчом. Сумняваецеся ў сучаснасці гэтага галоўнага ўбору? Паглядзіце паказы Dіоr — там дрэннага не параяць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Ярка, зручна, іранічна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Асноўная задача — захаваць біялагічную сям'ю

Асноўная задача — захаваць біялагічную сям'ю

«Звязда» звярнулася па каментарыі аб рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта № 18 да старшынь профільных камісій абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі.

Грамадства

Аповед жанчыны, якая здолела вярнуць дачку з сацыяльнага прытулку

Аповед жанчыны, якая здолела вярнуць дачку з сацыяльнага прытулку

Жанчыну, якая здолела не толькі вярнуць дзіця з прытулку, але і далей выхоўвае яго, знайсці аказалася не проста. 

Грамадства

Чаму зараз варта далей трымацца ад вадаёмаў?

Чаму зараз варта далей трымацца ад вадаёмаў?

Люты больш нагадвае пазачарговы вясновы месяц.

Грамадства

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі».