22 Верасень, субота

Вы тут

«Бум культурных стартапаў стане новым вітком эканомікі»


Некалькі месяцаў таму адна з найпапулярнейшых сталічных вуліц Кастрычніцкая ўзбагацілася на яшчэ адно «тусовачнае» месца. Памяшканні Мінскага завода Кастрычніцкай рэвалюцыі сталі культурным інкубатарам і культурным акселератарам «Ок16», дзе ўжо сёння праводзяцца канцэрты акадэмічнай музыкі, адукацыйныя мерапрыемствы і падзея гэтых дзён — фестываль пластычнага тэатра «ПлаSтформа». Новую для сябе прастору набыў Белгазпрамбанк, вядомы сваёй карпарацыйнай калекцыяй з творамі Марка Шагала і Хаіма Суціна, фінансаваннем тэатральнага фестывалю «ТЭАРТ», стварэннем краўдфандынгавай пляцоўкі «Вулей» — адным словам, актыўнасцямі ў культурнай сферы краіны. Адкрыццё «Ок16», з аднаго боку, пацвярджае пэўныя сталічныя тэндэнцыі, з другога, новае месца выступае з унікальнай канцэпцыяй, пра якую мы распыталі ў кіраўніка праекта Георгія ЗАБОРСКАГА.


— Выкарыстанне заводскіх памяшканняў — ужо не новая практыка, і адкрыццё культурных прастор у Мінску стала пэўнай тэндэнцыяй. Значыць, калі адкрываецца новая незалежная пляцоўка, яна павінна прапанаваць нешта, што ніхто іншы пакуль не прапанаваў. Што прапануе «Ок16» з таго, чаго не стае Мінску?

— Для адказу трэба раздзяляць «Ок16» сёння і «Ок16» праз тры-чатыры гады, калі поўнасцю скончыцца рэканструкцыя. Наша ключавое адрозненне ў самой геаметрыі прасторы: вельмі высокія столі і адсутнасць калон дазваляюць пераўтварыць памяшканне ў тэатральную залу ў адрозненне ад многіх лофтаў, цудоўных у якасці галерэй і для арганізацыі хэпенінгаў, невялікіх канцэртаў і кірмашоў. Аб'ектыўна толькі ў нас прастора дазваляе гледачу бачыць сцэну з любога месца, таму мы можам стаць пляцоўкай для альтэрнатыўнага эксперыментальнага тэатра. Да таго ж «Ок16» — гэта вялікая інфраструктура: не проста зала і не проста шэраг памяшканняў, а вялікі кавалак нерухомасці, які дазваляе правесці фестываль на пяць тысяч чалавек — падзею гарадскога маштабу, культурную, адукацыйную альбо ў сферы ІT.

— Тут можа змясціцца пяць тысяч чалавек?

— У суме ва ўсіх залах. Мы адкрываем іх па адным, пакуль мы можам ахапіць пяцьсот чалавек, з першага сакавіка будзе змяшчацца ўжо каля паўтары тысячы, с першага верасня — дзве з паловай тысячы і гэтак далей. «Ок16» — не адна зала, а дваццаць памяшканняў, у якіх паралельна могуць адбывацца розныя рэчы, таму ІT-канферэнцыю можна ў перспектыве пераўтварыць у цэлы ўніверсітэт. Яшчэ адным нашым адрозненнем з'яўляюцца механізмы, якія дазваляюць кансультаваць і развіваць праекты. Напрыклад, фестываль «ПлаSтформа» прыйшоў да нас з невялікімі бюджэтам і сцэнічным актывам, але, калі праект нам цікавы, наша сістэма дазваляе знайсці дадатковыя фінансаванне, абсталяванне, акцёраў, мы можам арганізаваць лекцыі. Прычым у нас няма ўласнага мастацкага альбо тэатральнага густу ў адрозненне ад лофтаў з канкрэтнай эстэтычнай арыентацыяй, мы ўлічваем погляды розных экспертаў, нават калі яны радыкальна розныя, таму ўсё, што можна развіваць, мы будзем развіваць. Цікава таксама паэксперыментаваць — паказаць у «Ок16» нешта масавае і таго ж гледача захаваць для ўльтраканцэптуальных рэчаў, зрабіць так, каб ён іх убачыў, растлумачыць, як глядзець гэты авангард. Лофтавае поле Мінска цудоўнае, але гэта закрытыя суполкі (першапачаткова і ў Маскве, і ў Берліне так было). Калі ты належыш пэўнай субкультуры, то заходзіш у лофт і адчуваеш сябе добра, а калі ты, умоўна кажучы, пенсіянер, які любіць класічныя музеі, — табе няўтульна, на цябе ніхто не звяртае ўвагі і не тлумачыць, якія тут правілы паводзін. Мы, наадварот, імкнёмся стаць сучаснай альтэрнатыўнай культурнай пляцоўкай, але для кожнага.

— Пяць тысяч наведвальнікаў — гэта, канешне, добры план, але як вы плануеце прыцягнуць такую колькасць гасцей, улічваючы, наколькі актыўна ў нас у прынцыпе наведваюцца культурныя мерапрыемствы?

— У першую чаргу праз падрыхтоўку публікі. Мы ўпэўнены, што сучаснае мастацтва і сучасныя тэхналогіі могуць быць цікавымі масам, калі прапаноўваць спосабы іх разумець. На «ПлаSтформу» прыйдзе шмат гледачоў, якія ніколі не бачылі пластычны тэатр, але мы праводзім лекцыі, забяспечваем інтэрнэт-публікацыі, якія тлумачаць, як тут што працуе. А яшчэ праз дружалюбнасць. У сваёй першай прасторы «Месца» я на ўваходзе сустракаў кожнага наведвальніка і расказваў, што тут можна рабіць. За кошт гэтага лофт станавіўся дружалюбным той публіцы, якая б іначай там згубілася. Для мяне добрым паказчыкам з'яўляецца тое, што людзі з асяроддзя маіх бацькоў ходзяць у «Ок16» на класічныя канцэрты, то-бок гэтая прастора можа падысці для розных пакаленняў, а значыць, прыцягнуць пяць тысяч вельмі розных людзей. Трэба проста выйсці за рамкі арт-субкультуры, якая прызвычаілася хадзіць па лофтах. Гэта, дарэчы, ужо адбываецца паўсюль: на адкрыцці «ПлаSтформы» ў прасторы «Верх» я бачыў шмат людзей, якія са здзіўленнем глядзелі на рэвіталізаваны завод, але прыйшлі з адкрытай да яго цікавасцю. Недзе дваццаць працэнтаў з іх у «Фэйсбуку» напісалі жорсткія каментарыі, затое астатнія адгукнуліся станоўча.

— Растлумачце, калі ласка, азначэнні «культурны інкубатар» і «культурны акселератар», якімі вы характарызуеце «Ок16».

— Гэта тэрміны з бізнес-свету, свету стартапаў. У інкубатары вялікай колькасці маладых камандаў даецца шанц з нуля на льготных умовах стварыць, напрыклад, свой бізнес. Акселератар — месца, куды прыходзіць ужо жывы праект, каб вырасці ў якасці, памерах і эфектыўнасці. «Ок16» — і інкубатар, і акселератар культурных праектаў. Мы хочам стаць своеасаблівай пясочніцай, куды можна прыйсці са сваёй камандай і з нуля нешта стварыць, але асноўная наша мэта — дапамагчы праектам, якія ўжо існуюць, вырасці за рамкі маленькіх незалежных прастор, з аўдыторыі ў некалькі дзясяткаў чалавек да некалькіх сотняў. Наступным мы запусцім фінцех-інкубатар, то-бок інкубатар праектаў, звязаных з фінансавымі тэхналогіямі. Нам гэта цікава, таму што фінцех вельмі цесна ўзаемадзейнічае з культурай, напрыклад, на краўдфандынгавай пляцоўцы «Вулей» большасць праектаў — культурныя, толькі з дапамогай «Вулля» яны атрымліваюць сродкі для рэалізацыі. Мы разумеем, што культура мае патрэбу ў новых інструментах, а новыя інструменты маюць патрэбу ў новым рынку, да таго ж культура здольная паскараць тэхналагічнае развіццё, таму мы ўпэўнены, што бум культурных стартапаў стане новым вітком эканомікі.

Фота Мікалая Васільева з архіва «Ок16».

— Чаму вы ў гэтым упэўнены?

— У гонку ўступаюць розныя бачанні наступнага этапа: тэхналогіі і дроны альбо культура і пошук сэнсу жыцця. Добрым прыкладам з'яўляецца так званы «фіндэсьекль» — перыяд, што ахоплівае канец ХІХ і пачатак ХХ стагоддзя і пачынаецца з ультратрадыцыйнай віктарыянскай Англіі, а заканчваецца рускім авангардам. Тэхналогіі рванулі наперад, але яшчэ мацней рванула культура, што карысталася тэхналагічным прагрэсам, але яго апярэджвала, у тым сэнсе, што асвойвала свет і рыхтавала яго да будучыні. Прыкладна за пяцьдзясят гадоў жывапіс ад рэалізму прыйшоў да абстракцыянізму, Кандзінскага і «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча, а калі б не было «Чорнага квадрата», уся тэхналагічная гісторыя ХХ стагоддзя была б іншай. Мы б не маглі карыстацца сімваламі на экране смартфона, калі б нехта не навучыў нас, што нерэалістычная выява можа быць каштоўнай. Калі б мы па-ранейшаму малявалі паненак у крыналінах, не было б смартфонаў: уменне ўспрымаць абстрактныя вобразы зарадзілася ў матэматыцы ды мастацтве, а вырасла пасля ва ў тым ліку лічбавую рэвалюцыю. Мы верым, што пачынаецца нешта падобнае, але ўжо са сваім парадкам дня. Даводзіцца зноў шукаць адказы на пытанні, што мы тут робім альбо як змераць поспех — аўтамабілем, магчымасцю вандраваць ці смачным флэт уайтам з раніцы? У ХХ стагоддзя была вялікая амерыканская мара: уласны дом у прыгарадзе, аўтамабіль і доступ да культурных імпрэз. Ультрапоспех — гэта пентхаус у цэнтры горада, тры аўтамабілі, адзін з якіх спартыўны, яхта і самалёт. Такі дакладны крытэрый поспеху рана ці позна прыходзіць да крызісу. Сённяшні работнік працуе, як правіла, у сферы абслугоўвання альбо ў ІT-сферы, гэта значыць, што ён увесь час камунікуе з людзьмі альбо глядзіць у манітор. Ці ўсцешыць яго дом з тэлевізарам? Нехта кажа, што новым крытэрыем з'яўляецца магчымасць вандраваць — працаваць на Балі і траціць грошы ў Нью-Ёрку. Ёсць трэці варыянт: моцныя перажыванні. Адказы на гэтыя пытанні дае толькі культура, адкрыцці ў тэатры, літаратуры, фэшн-індустрыі. І мы ў «Ок16» збіраемся іх шукаць.

— Вы плануеце арыентавацца на мерапрыемствы, якія ўпішуцца не толькі ў беларускі кантэкст, але і сусветны...

— Так, і сувязь павінна ісці ў два бакі — імпарт і экспарт. Раз на два месяцы са свету да нас пры дапамозе суполкі «Artemp» прыходзяць канцэрты сучаснай акадэмічнай музыкі з шырокай геаграфіяй музыкантаў і кампазітараў. Адбываюцца нават сусветныя прэм'еры. Гэта наш спосаб нанесці «Ок16» на карту аматараў культуры старэйшых пакаленняў і на карту замежных творцаў, таму што рэзананс ад гэтых канцэртаў у прафесійных колах свету куды большы, чым у мінскага масавага гледача. У той жа час сумесна з «Аrt соrроrаtіоn» мы ставім спектаклі, якія паказваюцца адборшчыкам і маюць магчымасць быць адабранымі на міжнародныя форумы. Больш за тое, на фестывалі «ТЭАРТ» плануецца прыбраць такія катэгорыі, як замежныя і беларускія пастаноўкі. Калі спачатку ён імкнуўся абараніць маладых, магчыма, не вельмі вопытных, аўтараў, то за два гады працы акселератара мы ўзмоцнім беларускіх пастаноўшчыкаў настолькі, што яны змогуць смела суседнічаць з Хайнэрам Гёбельсам у агульнай праграме. Калі гэта адбудзецца, беларускі тэатр актыўна пачне паказвацца ў свеце.

— Вы сказалі, што рэзананс ад канцэртаў класічнай музыкі ў «Ок16» у свеце куды большы, чым у Мінску. Як вы гэта заўважаеце?

— Па заяўках. Спачатку да нас звярталіся толькі беларусы, але ў арт-колах добра працуе сарафаннае радыё, пост у інтэрнэце менш эфектыўны, чым рэкамендацыя ў кулуарах. Гэты кулуарны працэс ідзе як адзін з вынікаў — хутка ў нас будзе сусветная прэм'ера шведскага сучаснага тэатра. Звяртаюцца і музыканты з акадэмічнага поля, маўляў, у нас ёсць цікавы твор, ва Усходняй Еўропе мы яго яшчэ не ігралі, давайце мы за свае грошы прыедзем з Нью-Ёрка і зробім канцэрт.

— З тых, хто прыйдзе да вас з надзеяй на комплексную дапамогу, каго вы выбераце, а каго адсееце?

— Па-першае, гэта павінен быць праект, які па зразумелых прычынах не падыходзіць для незалежных пляцовак меншага памеру, нам важна не выпальваць поле вакол. Па-другое, ён павінен быць дастаткова ўніверсальным у сэнсе мовы і тэматыкі. Мы не супраць лакальных беларускіх ідэй, але мы ведаем, што для іх ёсць інфраструктура, а наша задача — пераадольваць межы. Па-трэцяе, хочацца бачыць патэнцыял да сінергіі паміж рознымі напрамкамі, якія мы развіваем: нам спадабаецца тэатр, што інтэгруецца з тэхналогіяй VR, выстаўка з цікавай эканамічнай мадэллю падтрымкі мастакоў, галерэйны праект з выкарыстаннем класічнай музыкі, карацей, розныя дзіўныя ўзаемадзеянні. Але ўсё папярэдняе можа перакрыць толькі адна ўмова — прызначанасць менавіта для нашага завода з высокімі столямі, старымі сценамі і жалезнымі бэлькамі. Калі праект можа гэты антураж асэнсаваць і пераўтварыць у творчы альбо адукацыйны акт, то, канешне, ён наш, таму што першапачаткова народжаны для гэтага месца.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.