Вы тут

Ганна Гуськова стала алімпійскай чэмпіёнкай у лыжнай акрабатыцы


З моманту старту Алімпійскіх гульняў у Паўднёвай Карэі прайшоў роўна тыдзень. Кожны дзень у душах беларускіх балельшчыкаў цеплілася надзея. Спачатку яна ўскладалася на каманду па біятлоне, а калі ў барацьбу ўступілі фрыстайлісты, перайшла на іх. Перайшла нездарма, бо падапечныя Мікалая Казекі ўжо 20 гадоў запар не пакідаюць краіну без алімпійскіх медалёў. Аляксей Грышын, Дзмітрый Дашчынскі, Антон Кушнір і Ала Цупер прывозілі медалі «белых» Гульняў у мінулыя гады, учора залатымі літарамі ў гэты спіс сваё імя ўпісала Ганна Гуськова.


У чацвер беларускі добра прайшлі кваліфікацыю, паказаўшы складаныя скачкі і дапусціўшы няшмат памылак, Ганна Гуськова з першай жа спробы прайшла адбор, а Ала Цупер зрабіла гэта другім скачком. Ужо ўчора ў першай спробе вырашальнага этапу Ганна паказала найлепшы вынік — 94,15 бала, у другой пры прызямленні дакранулася рукой да схілу, дзякуючы чаму яе абышлі дзве кітаянкі Сінь Чжан і Фаньюй Кун. Аднак у вырашальнай спробе Гуськова зноў прадэманстравала свае найлепшыя якасці, зарабіўшы залатую адзнаку — 96,14. Алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 Ала Цупер, на жаль, спынілася за крок ад п'едэстала, заняўшы 4-е месца з вынікам 59,94 бала. Пасля таго, як арганізатары вывелі на экран ацэнку і месца беларускі, Аня не змагла стрымаць слёз і выстаяць на нагах.

«Зараз няма ніякіх думак у галаве, яшчэ не ўсведамляю, што я алімпійская чэмпіёнка. Я проста выйшла і зрабіла ўсё, што ўмею. Напэўна разуменне прыйдзе крыху пазней. Скачкі сёння атрымаліся цудоўныя, я проста абстрагавалася ад усяго. Мікалай Іванавіч абяцаў мне свой заплечнік за медаль, а за залатую ўзнагароду — не ведаю, як ён будзе разлічвацца», — у сваім жартаўлівым стылі пракаментавала Гуськова.

«Аня зрабіла ўсё шыкоўна. Яна доўга ішла да гэтай перамогі, шмат працавала, асабліва ў апошнія гады, таму яе поспех заканамерны, — расказвае галоўны трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле Мікалай Казека. — Мы маглі заваяваць і яшчэ адну ўзнагароду. Ала Цупер выконвала вельмі складаныя скачкі, але ў той момант, калі памылілася, я не даваў дазволу на пачатак выступлення, паказваў гэта знакамі, аднак дырэктар спаборніцтваў уключыў таймер, і Ала вымушана была пачынаць. Калі б трохі пачакалі, то, улічваючы памылкі кітаянак, маглі заваяваць яшчэ адну ўзнагароду».

Ганна Гуськова нарадзілася ў Мінску, бацькі прывялі яе ў фрыстайл у сем гадоў, мама Гуськовай займалася мастацкай гімнастыкай, таму верагоднасць таго, што дачка абярэ менавіта гэты від спорту была вялікая, аднак тата Ані здолеў настаяць менавіта на фрыстайле. Праз два гады заняткаў Гуськова стала рабіць перавароты ў паветры над вадой, яшчэ праз год дзяўчына скакала ўжо на снег. «Мяне так зацягнула, што ні пра што акрамя фрыстайла я і не думала», — прызнавалася неяк Гуськова ў сваім інтэрв'ю «Звяздзе».

Першы алімпійскі вопыт быў для Ганны Гуськовай у Сочы, аднак тады ён стаў няўдалым, дзяўчына не змагла адабрацца ў фінал спаборніцтваў і заняла толькі 21-е месца. «Калі шчыра, я не хачу нават успамінаць пра яго, тады я ўпала яшчэ ў кваліфікацыі і выбыла з барацьбы. Таму толкам не зразумела, што гэта за спаборніцтвы і паспрабавала не зацыклівацца на іх, ведала, што наперадзе новыя адказныя старты», — расказвала Аня.

Нягледзячы на такі невысокі вынік пасля 2014-га, менавіта Гуськову сталі называць першым нумарам беларускай жаночай зборнай па фрыстайле. Аднак хутка адбылася чарговая няўдача — паўсталі праблемы са здароўем, Аня перанесла дзве аперацыі на калене і прапусціла практычна ўвесь леташні сезон.

А вось у цяперашнім спартыўная форма дзяўчыны набірала абароты з кожным новым стартам. Спачатку яна ўпэўнена выйграла летні турнір у Швейцарыі, а потым з перамогі стартавала і на розыгрышы Кубка свету па лыжнай акрабатыцы ў кітайскім Сакрэт-Гардэне. У агульным заліку Кубка свету Гуськова стала другой, саступіўшы толькі кітаянцы Сю Ментаа. Ці думала яна тады, што галоўная перамога чакае яе ў Пхёнчхане?..

А калісьці Гуськова марыла стаць журналісткай. «Чамусьці вырашыла, што даволі камунікабельная, лёгка знаходжу агульную мову з чужымі людзьмі. І, значыць, мне цалкам падыдзе гэтая прафесія. Праўда, апошнім часам стала заўважаць, што, даючы інтэрв'ю на камеру, з цяжкасцю падбіраю словы з-за хвалявання. Але задаваць пытанні, думаю, змагла б», — расказвала Гуськова.

Фота БЕЛТА

Яшчэ Ганна асоба досыць творчая, яе цела ўпрыгожваюць татуіроўкі, на адной руцэ адлюстравана кветка з пяром, на другой — мандала і пума. Першы нацельны малюнак дзяўчына зрабіла ў 17 гадоў. Акрамя гэтага цяпер ужо алімпійская чэмпіёнка любіць фатаграфаваць і марыць шыць адзенне. «Я ўжо нават швейную машынку купіла, але пакуль няма часу. Яшчэ вельмі падабаецца фатаграфаваць, гэта нейкага роду мастацтва. Калі ты захоўваеш моманты проста вачыма, гэта, вядома, крута, але нешта ў жыцці павінна заставацца надоўга. Адзіны спосаб захаваць гэта — фатаграфіі. Потым пераглядаю іх і захапляюся, бо немагчыма ўсё ўкласці ў памяць. Наогул, у жыцці мяне цікавяць многія рэчы, шмат чым я хацела б займацца, але на цяперашні момант аддаюся толькі спорту, фрыстайл для мяне гэта ўсё, гэта маё жыццё».

Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды па фрыстайле Ганну Гуськову з заваяваннем залатога медаля на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане.

«Абараняючы спартыўны гонар краіны, ты падарыла беларусам сапраўднае свята. Сёння ўсе з заміраннем сэрца сачылі за яркім, самаадданым выступленнем, якое прынесла нам першае, такое доўгачаканае золата Алімпіяды ў Пхёнчхане», — гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, паказаўшы непераўзыдзены ўзровень майстэрства і пацвердзіўшы высокі клас беларускай школы фрыстайла, спартсменка стала аўтарам перамогі ўсёй краіны.

Аляксандр Лукашэнка таксама павіншаваў Ганну Гуськову з прысваеннем ганаровага звання «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь» і ўзнагароджаннем ордэнам Айчыны ІІІ ступені.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Першы. Доўгачаканы. Залаты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».