Вы тут

Аляксандр Лукашэнка здзейсніў рабочую паездку ў Слуцк


Беражлівае, ашчаднае стаўленне да свайго жытла, да родных і блізкіх людзей, да ўласнай справы — гэта, падаецца, вельмі простыя, агульначалавечыя рэчы. І калі б кожны іх прытрымліваўся, глядзіш, і свет бы стаў лепшы. Гэта датычыцца не толькі таго, што напрамую залежыць ад кожнага з нас, але і рэчаў глабальных — улады, сацыяльнай сферы, эканамічнага стану. Калі не даеш хабар — тым самым не дазваляеш развівацца карупцыі, трымаеш у парадку двор побач з уласным домам — робіш прыгажэйшым не толькі яго, але і горад, і краіну ў цэлым. Крыху намаганняў — а колькі карысці можа быць. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заклікаў падчас рабочай паездкі ў Слуцк усіх грамадзян актыўна праяўляць сябе і ў грамадскім, і ў жыццёвым плане.


Дастойная плата за добрую работу

Учора кіраўнік дзяржавы наведаў дражджавы завод і цукрарафінадны камбінат, што на Случчыне, пасля чаго сустрэўся з супрацоўнікамі прадпрыемства цукровай галіны. Галоўны пасыл беларускага лідара падчас сустрэчы — працаваць пільна, з павагай і акуратнасцю ставіцца да здабытага і імкнуцца для родных мясцін зрабіць больш, чым проста прыехаць і агледзець іх.

Адной з першых тэм, якую Прэзідэнт закрануў падчас наведвання Слуцкага цукрарафінаднага камбіната, стала заработная плата. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, каб разрыў паміж зарплатай у снежні 2017-га і першымі месяцамі гэтага года быў мінімальны і паступова розніца, калі і была, выраўноўвалася. Асобна кіраўнік дзяржавы закрануў тэму зарплаты педагогаў: «Па настаўніках будзем разбірацца самым сур'ёзным чынам. Трэба за будучую пяцігодку і астатні час заработную плату настаўнікам падвойваць. І гэта не папулізм! Настаўнік сёння застаўся галоўным звяном у вёсцы, у малых гарадах, раённых цэнтрах».

На жаль, невысокія зарплаты атрымліваюць і работнікі дзіцячых садкоў, медсёстры і санітаркі, хоць работа ў іх каласальная, таму Прэзідэнт адзначыў, што плату за іх працу трэба паступова падымаць. Увогуле, што датычыцца росту зарплаты, то ён, перш за ўсё, павінен адбывацца за кошт прадукцыйнасці працы, каб чалавек быў загружаны, але і атрымліваў за зробленае належным чынам. Таксама рост зарплаты будзе стымуляваць і ўнутраны попыт, адзначыў беларускі лідар.

Будзе інфраструктура — будуць і людзі

Аляксандр Лукашэнка заклікаў усіх да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці краіны. Перш за ўсё — у добраўпарадкаванні малой радзімы. Сёлета кожны мусіць штосьці зрабіць, каб яшчэ больш прыгожай стала Беларусь. Нельга забывацца на неперспектыўныя вёскі, але ўпор на аграгарадкі будзе рабіцца і надалей. «Мы нікуды ад гэтага не дзенемся і аграгарадкі будзем развіваць, за імі будучыня нашай беларускай вёскі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, калі ў іх будзе добрая інфраструктура, то моладзь пацягнецца і на вёску, бо па-за горадам лягчэй расціць дзяцей, лепшыя экалагічныя ўмовы для жыцця. У той час як у горадзе не заўжды так лёгка знайсці работу, як можа падацца на першы погляд. І, калі малады чалавек вырашыць пераехаць, напрыклад, у невялікі горад, то тут для яго адным з галоўных стымулаў можа стаць больш даступнае жыллё.

Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў усіх схадзіць на выбары, якія адбудуцца ўжо заўтра (сёння яшчэ можна прагаласаваць датэрмінова). «Ногі не адваляцца», — па-народнаму сказаў кіраўнік дзяржавы і растлумачыў, што хоць сістэма мясцовых Саветаў дэпутатаў сапраўды патрабуе рэформы, але на цяперашнім этапе яна не такая шматлікая, як гэта было раней, і абсалютная большасць абраннікаў народа нават не атрымлівае за працу зарплаты (толькі старшыні). Да таго ж, у выпадку канфлікту ці надзвычайнага становішча менавіта мясцовыя ўлады будуць выступаць сувязным звяном паміж людзьмі і вышэйшымі ўстановамі.

У любым выпадку выбары — гэта праяўленне грамадскай актыўнасці, палітычнай культуры насельніцтва, да якой варта прывучаць з дзяцінства. Таму беларускі лідар прапанаваў браць з сабой на ўчасткі дзяцей, прывіваючы ім тым самым адчуванне свята ў дзень выбараў, фарміруючы іх станоўчы вобраз.

Ёсць карупцыя — няма партфеля міністра

Адзін з супрацоўнікаў цукровага камбіната запытаў Прэзідэнта аб адстаўцы міністраў спорту і лясной гаспадаркі. Кіраўнік дзяржавы пагадзіўся растлумачыць, чаму было прынята такое рашэнне. «Вы мае выбаршчыкі, і я абавязаны перад вамі даваць тлумачэнні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — З першых прэзідэнцкіх выбараў я дакладна народу сказаў, што карупцыі ў Беларусі быць не можа». Так, кіраўнік дзяржавы папярэдзіў міністраў, што калі раптам у іх сферы будзе выяўлена карупцыйная схема, то партфеляў давядзецца адразу ж пазбавіцца.

Напрыклад, кіраўнік Палаца спорту браў хабар ад гандляроў, якія размяшчаліся ў будынку. А дайшло да таго, што калі манахіні прыйшлі прасіць дазвол на продаж, ён і ад іх папрасіў «грашовай падзякі». «Я не веру, што міністр пра гэта не ведаў», — сказаў Прэзідэнт. Што датычыцца лясной сферы, то тут выявілі крымінальную схему: у адну з краін Еўрапейскага саюза якасную драўніну прадавалі, выдаючы яе за некандыцыю, каб не плаціць пошліны. «Ад мяне літасці не чакайце, ніхто. Не таму, што я крыважэрны, а таму, што карупцыя губіць усё», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Вераніка ПУСТАВІТ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Асабістая адказнасць абавязвае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.