Вы тут

«Бедаваць — бедавалі, але пра жарты не забывалі»


Фота mikashevichi.ru.

З Фундамінкі Буда-Кашалёўскага раёна, дзе наша сям'я ў час вайны знаходзілася ў бежанцах, мы вярнуліся ў родныя мясціны, у Чачэрск, ушчэнт знерваваныя, з цяжэнным камянюкам на душы: замест хаты — папялішча, пасярод якога сумна і адзінока тырчалі абгарэлыя рэшткі пячной трубы. У бацькі і маткі адразу ж роспачна зашкраблося ў галаве: дзе прытуліцца? Як жыць? З аднагадовай хворай Марусяй сем чалавек нас. У вялікай трывозе Андрэевіч і Кірылаўна пабрылі па вуліцы ў разведку. А там — воку няма як зачапіцца за якуюсь будыніну. Бо ўсё — мёртвае. У шэрым і чорным попеле, у галавешках. І зусім, нечакана ўжо (от радасць!) побач з высокай разгалістай ліпай — домік. Стаіўся, схаваўся і на свет як бы горда і здзіўлена паглядвае: маўляў, вось я! Нашых бабы Мар'і і яе другога мужа дзеда Майсея (першы, Кірыл, ад якога мая маці, загінуў у час Першай сусветнай вайны) домік. Цалюсенькі!

Не буду распавядаць, якой цёплай была сустрэча з роднымі, як мы ўладкаваліся там, але зазначу наступнае. У домік-хатку набілася каля трыццаці чалавек. І ўсё — радня. Спалі хто дзе: на ложках, на лавах, на печы, а больш за ўсё — покатам, бокам у бок, на падлозе. У цеснаце, ды не ў крыўдзе. Тое ж самае, ведаю, было і ў іншых ацалелых хатах: гора аб'ядноўвала, згуртоўвала народ, выкоўвала ў людзях цярплівасць, спачуванне, дабрыню, павагу адзін да аднаго.

Названай вышэй катэгорыі люду, вядома ж, пашанцавала. А колькі ж было гаротнікаў, у якіх ні хаты, ні радні, ні кала, ні двара! Многа!

У спешцы закопваліся яны ў зямлю, ладзілі там жытло. Сырое, вільготнае, няўтульнае, але ўсё ж жытло. З бясконцай надзеяй на будучае. На лепшае.

Тая ж надзея цяпліла душы і нашай сям'і, якая да вайны (бацькі расказвалі) займала прасторны, з прыгожым і вясёлым фасадам на вуліцу, дом. Пасярод агарода, на самым высокім месцы яго, засталася недабудаваная, дзядзькі Конкі, хаціна. Яна была з франтонамі пад дахам і нават са столлю. Немцы ўсцягнулі на яе гармату і абстрэльвалі адтуль пазіцыі чырвонаармейцаў. Да вайны дзядзька некалькі гадоў вадзіў у Ленінградзе трамваі, пакуль пад яго колы не трапіла адна жанчына. Якая віна яго ў гэтым была, мы не ведалі, але, хоць справа да суда тады не дайшла, ён вымушаны быў сабраць манаткі, вярнуцца на радзіму і ўзяцца за тое будаўніцтва. А потым ён, халасцяк, апынуўся на фронце. Ва Украіне трапіў у палон, з якога ўцёк да партызанаў, а праз некаторы час — зноў палон, з групай народных мсціўцаў. Як фашысты ні катавалі іх, як ні прымушалі прызнацца, дзе базіруецца іх атрад, але так нічога ні ў кога не здабылі. І тады партызанаў загналі ў лазню, забілі акенцы і дзверы ў апарню і пад пагрозай расправы загадалі гаспадару падворка паліць і паліць у печы, што той і рабіў. Раніцай выявілася, што ад чаду там усе і паатручваліся. Пра гэта нашаму бацьку ў пісьме паведаміў той чалавек, пасля чаго Андрэевіч зразумеў, што трэба брацца за гэту хату самому, бо яна ўжо — наша. А пакуль жылі ў бабы і дзеда.

Аб апошнім маю ахвоту даць некалькі штрышкоў, бо асоба гэта даволі каларытная. Высачэзны, размашысты ў плячах, з адной чамусьці завушніцай. І яшчэ. Указальны палец яго левай рукі тарчмака ўссядаў на сярэдні палец. Але, нягледзячы на гэта, дзед быў адмысловым майстрам сталярнай і цяслярнай справы. Калі народ пачаў адбудоўвацца, ён быў нарасхват. У мае абавязкі ўваходзіла насіць яму гарачыя абеды, і тады бачыў я яго моц. Пры распілоўцы на спецыяльным прыстасаванні бярвенняў ён заўсёды стаяў уверсе і падганяў таго мужыка, што быў унізе: давай-давай! У абед без часнаку не абыходзіўся, а калі, было такое, гаспадар падносіў работнікам чарку, ён ніколі не адмаўляўся ад яе. Адзін глыток — і няма цэлай шклянкі самагонкі. Яго ж кампаньёнам такое было не пад сілу. Дзед Майсей пайшоў на той свет на дзясятым дзясятку, намнога перажыўшы бабу. Людзі дзівіліся: усе зубы ў яго былі цалюткія, пэўна, ад таго часнаку, а вось вочы яго ўжо нічога не бачылі. Пэўна, ад той празмернай натугі, якая выпала на яго долю.

Дзед дапамог прывесці нашу хату ў парадак, і мы ўлезлі ў яе куды раней, чым іншыя. Яна была на дзве палавіны, з прыбудаванымі пасля ўжо талакой сенцамі і хлявамі.

Часцяком доўгімі асеннімі і зімнімі вечарамі, калі ззаду заставалася заўважна менш хатніх і калгасных спраў, у нашым доме сабіралася цэлая гурба людзей, да дваццаці і больш жанчын і мужыкоў з зямлянак, бліндажоў і незакончаных халодных будынін, дзе ўжо з горам папалам можна было туліцца. Сярод іх: сват Міхась з калматымі, як у Брэжнева, брывамі, які прыхопліваў з сабой жонку Куліну і (добра памятаю) на народзе нязменна называў яе «асінавая папірашка», і яна на гэта ні грама не крыўдзілася і толькі кудлачыла яго чупрыну; а таксама наш дзядзька Санька з ціхенькай і прыветнай «палавінкай» Лісаветкай. Усе ўсаджваліся на лаўкі і нетаропка дзяліліся навінамі, вялі рознага роду размовы, лушчылі гарбузовыя семкі, а іншым разам напаўголася спявалі.

Бацька ж, яго сябар з дзяцінства Люха, Васіль Малец і Іван Сэкун, якога заўсёды суправаджала здаравенная нямецкая аўчарка Рэкс, займалі месца за сталом. Гэтая заядлая чацвёрка азартна рэзалася ў «тысячу», а некалькі разявак-балельшчыкаў, прымасціўшыся на чым-небудзь збоку або проста стоячы, цікавалі за карцёжнікамі.

Мужыкі смакталі самакруткі, смярдзючыя і тытунёвыя дымы якіх ірванымі аблачынкамі плылі да столі і туманілі памяшканне. Жанчыны маўчалі да таго часу, пакуль, здавалася, не было ўжо чым дыхаць, і пачыналі выказваць свае прэтэнзіі: майце сумленне. Хто-небудзь з мужыкоў прыадчыняў дзверы ў сенцы, і скразнячок рабіў сваю справу. А курцы зноў смалілі, і зноў паўтаралася тое ж самае.

Нярэдка гульня заканчвалася апоўначы. І ніхто раней гэтага не разыходзіўся. Бо наперадзе, ведалі, цікавая інтрыгуючая развязка. І вось яна, жаданая. Пераможца громка называе імёны аўтсайдараў і раіцца з публікай, з чаго пачынаць?

— З гаўкання! — дружна чуецца ў адказ.

Лідар заганяе першага няўдачніка пад лаву, дзе прымасціліся жанчыны, і загадвае:

— Пакажы, што робіць Хведзькава сучка, калі зашчэміцца ў Пракопавым плятні.

І той танюсенькім дыскантам то скуголіць, напускаючы на гледачоў-слухачоў сумныя матывы, то нібы заліваецца енкам-плачам з усімі прыдуманымі ім нюансамі. І гэтак паўтараецца столькі разоў, колькі «балаў» не дабраў няўдачнік.

— А ну ўяві сабе, што ты Рэкс, — дае каманду лідар другой «ахвяры».

Той становіцца на карачкі, і з яго вырываецца такі громкі і грозны бас, што прыкімораны пад сталом Рэкс усхопліваецца з месца і сваімі разумнымі вачыма пачынае шукаць «калегу»-канкурэнта.

А трэці «артыст» так выводзіць у комінкавую трубу нудную піліпаўскую воўчую песню, што Рэкс натапырваецца і нервова б'е хвастом па падлозе.

А то яшчэ разыгрывалася камедыя «Язда на жарабку». Пераможца, пераўвасобіўшыся ў Аляксандра Македонскага ці Чапаева, залазіў на «каня» і рыссю ці галопам пускаўся на ім ад акна да парога і назад, размахваючы «кап'ём» ці «шабляй», а другой рукой ухапіўшыся за чупрыну ці вуха няўдачніка. Зацугляная «жывёліна» то адчайна падбрыквала, то скубла траўку, то прыпадала «пысай» да вадзіцы, то спрабавала ўкусіць ездака за нагу, то падала ў знямозе, каб адпачыць. Усё залежала ад каманды лідара і фантазіі самога аўтсайдара.

Ці трэба казаць, паважаныя чытачы, які рогат стаяў у хаце ад гэтых вясёлых, гумарных відовішчаў, як узнімаўся настрой людзей, хоць няхай сабе і на кароткі час, прэч адганяючы ад іх клапотныя думкі нялёгкай пасляваеннай паўсядзённасці.

З тым і разыходзіліся, каб праз некалькі дзён зноў сысціся тут і трохі падурэць-пашуткаваць. Настроіць сябе на аптымістычны лад.

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.