Вы тут

Незнаёмае праз знаёмае


Незнаёмае праз знаёмае

Імя Ігар Усеваладавіч Мажэйка мала каму штосьці скажа. А вось іншае — Кір Булычоў — ведаюць. Ён з тых сямідзясятнікаў, у якіх звычайна мала што цямяць.

Усе ведаюць яго Алісу Селязнёву, і нашмат менш ведаюць, хто такі Доктар Паўлыш. Уладзіслаў Уладзіміравіч Паўлыш працуе ў далёкіх касмічных экспедыцыях у якасці лекара. Існуе цыкл твораў, дзе мільгае гэты персанаж. Дзесьці ён апавядальнік, дзесьці — галоўная дзеючая асоба, дзесьці ўзнікае як другарадны персанаж. Цыкл не з’яўляецца гісторыяй аднаго героя. Гэты цыкл — гісторыя космасу і касмічных прыгод, якая закранула гэтага героя, закранула — і прайшла міма, зачапіла толькі краем адзення. А мы будзем ведаць яе ўсю. А праз яе — Доктара Паўлыша.

Я вырашыла спыніцца на рамане «Пасёлак». Аднойчы на чужой планеце пацярпеў крушэнне зямны касмічны карабель. Людзі паспрабавалі выжыць у тым асяроддзі, дзе ўсё інакш, але ёсць атмасфера. У іх атрымалася. Так узнік Пасёлак. І яны — вучоныя, даследчыкі — жывуць тут, вымушана адкінутыя на шмат стагоддзяў назад — туды, дзе трэба зноўку вынаходзіць кола, паветраплаванне і паравую машыну. Але для таго, каб гэта ўсё вынайсці, трэба пракарміць сябе і выжыць. Калі вы спрабуеце зрабіць апошнія дзве рэчы, то на вынаходніцтва не застаецца ні часу, ні сіл.

«У целе была пустата і звычайнасць, хоць сам ад сябе ён чакаў хвалявання, можа, страху. Бо пяцьдзясят на пяцьдзясят — вернешся ці не вернешся. А калі пяцьдзясят у квадраце? Павінна быць заканамернасць, павінны быць табліцы, а то вечна вынаходзіш велісапед. Дарэчы, усё збіраўся спытаць Старога, што такое велісапед. Парадокс. Велісапеда няма, а Стары дакарае ім, не задумваючыся пра сэнс фразы».

З кожным годам людзей старэйшага пакалення застаецца ўсё менш. Перад Пасёлкам стаіць выбар: злучыцца з гэтым светам, стаць дзікунамі ці імкнуцца выбрацца. Для старэйшага пакалення гэтая планета — часовы прыстанак, але іх дзеці ніколі не ведалі альтэрнатывы. І кожны раз, як сыходзіць снег, невялікія групы ідуць да перавалу, дзе ляжыць разбіты карабель, — спачатку для таго, каб прывезці паперы і ежу, а потым каб наладзіць сувязь. Дзікая планета забірае людзей аднаго за адным, быццам забіраючы сваю плату.

«— Выратаваць! — Маці адарвала позірк ад Алега. — Ты дзяўбеш пра выратаванне. А сам у яго верыш? Тры разы людзі хадзілі ў горы, колькі вярнулася? З чым?

— Тады мы былі яшчэ неспрактыкаваныя. Мы не ведалі тутэйшых законаў. Мы ішлі, калі на перавале быў снег. Цяпер мы ведаем, што ён растае толькі напрыканцы лета. За любое веданне прыходзіцца плаціць».

Ніякіх дасканалых стылістычных прыёмаў. Але ці патрэбныя яны тут? Па-другое, простыя вобразы герояў: аўтар выкарыстоўвае монарысы, у вобразах няма падвойнага дна. Гэта лёгка, зразумела, несупярэчліва. Галоўныя героі — гэта новае пакаленне, выпісанае больш выразна. Тут супрацьстаянне розуму і сілы, спалучэнне розуму і сілы, растварэнне іх аднаго ў адным. Алег і Дзік, Марышка і Ліз супрацьпастаўляюцца як розум і сіла, розум і пачуцці. Казік — гэта герой, які становіцца злучэннем гэтых рыс: дзікунства, першабытнасці новага пакалення і вострага розуму той Зямлі, да якой імкнецца Стары.

Тут вельмі выразна прамалявана «да» і «пасля» ў жыцці людзей: як людзі змяняюцца падчас трагедыі і ці змяняюцца, і як успрымаюць трагедыю тыя, хто не ведаў, што бывае інакш. Гэта напісана рэзкімі, грубымі мазкамі, як і ўвесь твор. Але гэта хутчэй падкрэслівае тыя думкі, якія падкідвае нам аўтар.

«Надзея, якая жыла ў старэйшых, для другога пакалення не існавала — яна б толькі замінала жыць у лесе, але не перадаць ім надзею было немагчыма, таму што нават смерць чалавеку не так страшная, калі ён ведае аб працягу свайго роду. Смерць становіцца канчатковай ў той момант, калі з ёй прападаеш не толькі ты, але і ўсё, што прывязвала цябе да жыцця».

Тут ёсць некалькі рамантычных ліній. Пры першым чытанні мяне цікавіў сюжэт у большай ступені, чым нейкія малазразумелыя ўзаемаадносіны. Пры другім прачытанні сюжэт мяне таксама хваляваў значна мацней, чым малазразумелыя — па-ранейшаму — адносіны. Тут няма выверанага псіхалагізму — усё тымі ж рыскамі. Пачуцці, любоўныя перажыванні — толькі фон для больш глабальных праблем, якія цяпер стаяць перад гэтымі людзьмі. У рамантычных лініях не заўсёды зразумела, адкуль яны з’яўляюцца, якім чынам яны рэалізуюцца. Гэта напісана, але не адчуваецца, гэта можа быць асэнсавана лагічна, але не эмацыйна. Эмацыйна тут выцягваюць твор іншыя тэмы: бацькоў і дзяцей, сталення і станаўлення, пазнання, «што ёсць прыгажосць».

«— Вы можаце думаць пра пабочныя рэчы. Вы вельмі стрыманы, Слава. А я зараз памру ад агіды.

— Вы толькі падумайце, якімі агіднымі мы здаемся гэтым істотам ... »

Што сапраўды неверагоднае ў гэтым творы — свет. Аўтар стварае чужую нам прыроду, чужы для нас лад жыцця звыклымі словамі, дадаючы яркія штрыхі іншага жыцця. Свет атрымліваецца настолькі жывым, тэкстава візуалізаваным, што хочацца глынаць ўсё новыя і новыя дэталі, якія скупа падкідвае аўтар. Ён досыць шмат тлумачыць, запавольваючы апавяданне, але гэта не раздражняе. Ты чытаеш не таму, што ты хочаш уцячы з персанажамі далей па сюжэце, ты хочаш зразумець гэтую планету, як гэтага хацеў Паўлыш.

«Пасёлак» Кіра Булычова — гэта рабінзанада, «мяккая» навуковая фантастыка. Маленькі крок да разумення іншых і крок да пазнання.

Святлана КУРГАНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».