Вы тут

Ужо каторы год жыхары змагаюцца супраць агульнай паркоўкі ў двары


Дом нумар 28 на сталічным праспекце Незалежнасці мае некалькі безумоўных выгод. Побач Палац Рэспублікі, парк Горкага, Дом афіцэраў. За некалькі крокаў — толькі вуліцу перайсці — Белдзяржцырк. Вось толькі падчас прадстаўленняў і масавых мерапрыемстваў жыхары аказваюцца літаральна забарыкадзіраванымі ва ўласным двары машынамі «чужакоў»...


Нават пажарная не пад'едзе

Гаспадары двара расказваюць, што раней тры заезды ў двор перакрывалі дэкаратыўныя металічныя вароты, унутр аўтамабілі маглі трапіць толькі праз вялікую арку з боку вуліцы Янкі Купалы. Але гадоў 15 таму вароты адчынілі.

Большасць прыпаркаваных пад вокнамі аўтамабіляў належыць не гаспадарам, што маюць тут кватэры, а прыезджым з другіх раёнаў Мінска, а то і рэгіёнаў і нават краін. Зразумела, тут нават гаворкі пра свабоднае перамяшчэнне на сваім аўто быць не можа. Калі пашанцуе, можна патэлефанаваць па нумары, які пакінуў пад шклом уладальнік машыны. Калі не — давядзецца выклікаць таксі альбо ісці да бліжняга прыпынку грамадскага транспарту.

— Уздоўж праспекта і вуліц устаноўлены дарожныя знакі «Спыненне забаронена», найбліжэйшыя платныя паркоўкі знаходзяцца побач з Палацам Рэспублікі і «Прэзідэнт-атэлем». Наведвальнікі цырка звычайна прыязджаюць па лініі метро. Там таксама ёсць паркоўкі ў крокавай даступнасці, але ж не ўсякі згодны перасесці на «падземку», калі можна даехаць да самага ўвахода на ўласнай машыне, — дзеліцца назіраннямі Аляксандр, мясцовы жыхар, які канфлікт паміж «сваімі» і «чужымі» аўтамабілістамі бачыў, лічы, з самага пачатку. Па яго словах, сітуацыя стала крытычнай яшчэ гадоў дзесяць назад. Па-першае, у мінчан павялічыўся аўтапарк, а па-другое, было забаронена паркавацца побач з Домам афіцэраў.

— Калі б паркоўка «побач з танкам» аднавілася, няхай і на платнай аснове, ахвотных пакінуць там аўто было б даволі. Горад атрымліваў бы грошы, а мы — палёгку, — разважае Генадзь, яшчэ адзін з тых жыльцоў, што вырашылі адстойваць свае правы на парковачнае месца і ўнутрыдваровую бяспеку.

Летам мінулага года на чацвёртым паверсе ў першым пад'ездзе здарыўся пажар. Сусед вывеў жыхароў з кватэры, а пажарнікі вымушаны былі шукаць, якім чынам пад'ехаць да месца здарэння, бо пажарная машына праціснуцца скрозь «калідор» легкавікоў не магла. Але гэта — асаблівы выпадак. Нават вываз смецця са звычайнай паслугі ператвараецца ў выпрабаванне. Бывае, смеццявоз проста не можа даехаць да пляцоўкі з кантэйнерамі, пакеты і дробнае смецце вецер разносіць па акрузе.

Ад няправільнай паркоўкі пакутуюць не толькі нервы, але і маёмасць жыльцоў. У цеснаце лёгка падрапаць як сваю машыну, так і аўто прыезджага. Адсюль — сваркі, пагрозы, грашовыя растраты, пастаянныя размовы з ДАІ. Некаторыя з жыльцоў ставілі самаробныя металічныя слупкі, нацягвалі паміж імі тросік і такім чынам выгароджвалі лапік для свайго аўтамабіля. Перыядычна з ЖЭСа прыходзілі патрабаванні дэманціраваць незаконныя загароды, але пасля яны ўсё роўна з'яўляліся.

— Мы добра ведаем адзін аднаго і пастаянна трымаем сувязь. Калі мне, напрыклад, не трэба сёння на працу, я тэлефаную суседу і кажу, што ён можа мяне «запіраць». А калі перад маёй машынай прыпаркуецца «чужак», то гадаеш: прыёхаў ён сюды на гадзіну, дзень ці тыдзень? — рэзюміруе Аляксандр.

Такую карціну бачаць увечары жыхары дома на праспекце Незалежнасці, 28.

Праезд скразны ці тупіковы?

Супрацьстаянне інтарэсаў доўжылася гадамі, пакуль у жыльцоў не з'явілася надзея — пастанова Мінскага гарадскога выканкама № 2786, якая спрашчала ўсталяванне шлагбаума пры заездзе ў двор літаральна да трох крокаў.

— Па правілах, праводзіць усталяванне шлагбаума можна, калі з гэтай працэдурай згодныя больш за палову жыхароў. На агульным сходзе было сабрана каля 80 працэнтаў подпісаў, «за» выказваліся нават тыя, хто не мае машыны, — успамінае Аляксандр. — Мы выбралі запорны механізм, аплацілі распрацоўку праекта, нанялі прадпрымальніка, які б выканаў установачныя работы...

Аднак узнікла нечаканая перашкода. Пры разглядзе заявы ў гарвыканкаме палічылі, што двор на Купалаўскай мае скразны праезд і падпарадкоўваецца іншым правілам карыстання, якія не дазваляюць усталёўваць перашкоды для транспарту. Жыхары з такім вердыктам не згодныя і вось ужо дзесяць гадоў вядуць перапіску з рознымі інстанцыямі. Лістоў і адказаў на іх сабраўся цэлы стос, прычыны для адмовы ўзнікалі розныя, а справа так нікуды і не зрушылася.

У лютым пытанні ўпарадкавання аўтамабільнага руху ў дварах абмяркоўвалі падчас прэс-канферэнцыі прадстаўнікі зацікаўленых арганізацый. Напрыклад, Сяргей Масляк, старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, адзначыў, што тэма парковак адна з пастаянных, хоць і не асноўная для яго супрацоўнікаў:

— У межах гэтай праблемы намі была ініцыіравана пастаянная акцыя «Я паркуюся, як...» На першым этапе з жыхарамі праводзяць інфармацыйную кампанію разам з мясцовымі органамі ўлады, ЖКГ Мінгарвыканкама, мясцовымі ЖРЭА і супрацоўнікамі ДАІ. Адміністрацыя раёна прапануе грамадзянам некалькі рашэнняў па парковачных месцах. Аднак трэба разумець, што, каб іх ажыццявіць, патрэбны фінансавыя выдаткі, 80 працэнтаў якіх кладуцца на жыхароў. Пасля першага этапу няправільна прыпаркаваныя аўтамабілі вывозім з дапамогай эвакуатара і ў прысутнасці работнікаў ДАІ. Парушальнікі могуць атрымаць штраф.

Па назіраннях старшыні камітэта, прыкладна 95 працэнтаў мясцовых ініцыятыў заканчваюцца на этапе мітынгу. Аднак Галіна Гілевіч, намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка», адзначае, што мінчане сталі не толькі актыўней выказваць меркаванні па добраўпарадкаванні прыдамавой тэрыторыі, але і прапаноўваць добраўпарадкаванне за кошт уласных сродкаў.

У «архівах» некаторых жыльцоў можна адшукаць адказы службаў на запыты яшчэ з 2007 года.

Праект даражэйшы за шлагбаум

Атрымліваецца, гараджане гатовыя плаціць за паслугу, калі яна зробіць жыццё больш камфортным. І тут трэба згадаць яшчэ адну дэталь. Набыццё і ўсталяванне шлагбаума аплачвае той, хто падае заяву. Ён жа павінен прафінансаваць распрацоўку праекта — гэта абавязковая ўмова для правядзення зямельна-будаўнічых работ. Уся праблема ў тым, што гатовы праект часам каштуе ўдвая больш, чым сам шлагбаум.

— Знайсці патрэбны запорны механізм цяпер не перашкода. Можна падабраць даўжыню, тып дзеяння, хуткасць пад'ёму. Іншая рэч, што праект, кошт тэхнікі, яе ўсталяванне для многіх жыльцоў стануць значнымі выдаткамі, — разважае Сяргей Сахар, дырэктар кампаніі — афіцыйнага прадстаўніка італьянскага вытворцы тэхнікі. — Таксама хацеў бы сказаць пра этап узгаднення ўсталявання шлагбаума. У нашу кампанію тэлефануюць кліенты, якія сутыкнуліся з цяжкасцямі. Было б зручна вырашаць усе пытанні не выходзячы з аднаго будынка, каб службы маглі пракансультаваць заяўніка ў непрадбачаных выпадках.

Яскравая лічба: 800 тысяч транспартных сродкаў зарэгістравана ў Мінску, па даных ДАІ. У далейшым колькасць машын наўрад ці паменшыцца, так што методыка, якую прапанаваў Алег Ляшчынскі, дырэктар ДУ «Паркоўкі сталіцы», падаецца асабліва цікавай. Яе сутнасць — адпрацоўка абароны прыдамавых тэрыторый, дзіцячых дашкольных, медыцынскіх устаноў, што размяшчаюцца побач з платнымі аўтамабільнымі паркоўкамі. Напачатку ўсе дваравыя тэрыторыі на выбраных вуліцах трапляюць у зону інфармавання. Уладальнікаў аўтамабіляў папярэджваюць пра пачатак мерапрыемстваў праз інфармацыйныя лісты. За два-тры тыдні грамадзяне павінны паведаміць, хто жыве або працуе непадалёку. Сфарміраваны «спіс доступу» ўзгадняецца з адміністрацыяй раёна, пасля чаго дваравыя тэрыторыі абазначаюцца забараняльнымі дарожнымі знакамі, усталёўваецца сістэма фіксацыі парушальнікаў. Апошнія могуць займець непрыемнасці з ДАІ.

— Наша методыка сябе апраўдала. У мінулым годзе мы адпрацавалі па прывакзальнай плошчы ў раёне вуліц Бабруйскай і Кірава, па вуліцы Чкалава ад вуліцы Варанянскага да Авакяна, і цяпер ідзе інфармаванне ўладальнікаў транспартных сродкаў па вуліцы Карла Маркса. Арыенціровачна, асноўная работа там пачнецца з сакавіка гэтага месяца, — такі прагноз даў Алег Ляшчынскі.

***

Што ж, дом па праспекце Незалежнасці, 28 дзеліць агульны двор з будынкамі па вуліцах Янкі Купалы і Карла Маркса. Магчыма, у сакавіку жыхары нарэшце адчуюць палёгку і ім не спатрэбіцца дабівацца ўстаноўкі шлагбаума... А пакуль пажывём — убачым.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА і з асабістых архіваў жыхароў

Загаловак у газеце: Не праехаць і яблыку не ўпасці

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.