Вы тут

Што пасеяць у лютым?


Люты — самы зручны час для пасеву гваздзіка Шабо і лабеліі. Для вырошчвання расады лепш карыстацца гатовым універсальным грунтам для кветак.


Пасеў на расаду гваздзіка Шабо

Насенне перад пасевам варта замачыць на дзве гадзіны ў стымулятары росту. Латок з гатовым зямельным субстратам трэба праліць цёплай адстоянай вадой і раскласці па паверхні глебы насенне. Занадта густа сеяць не варта — усходы будуць расці вельмі блізка і перашкаджаць адзін аднаму развівацца. Пасля пасеву насенне трэба прысыпаць пяском або глебавай сумессю, злёгку ўшчыльняючы верхні пласт. Далей латок трэба накрыць шклом або плёнкай і змясціць у досыць цёплае месца.

Дзён праз 10 насенне дасць усходы. У гэты час плёнку або шкло варта перыядычна здымаць для праветрывання. Паліваюць расаду ўмерана. Тэмпература паветра павінна быць не больш за 15 °С, каб расада не выцягвалася.

Для атрымання моцнай расады з буйным кветканосам маладыя расліны лепш пікіраваць двойчы: у фазе дзвюх семядоляў і калі з'явіцца пяць пар сапраўдных лістоў. Высаджваць у адкрыты грунт расаду гваздзіка Шабо трэба ў маі. Расліна не пераносіць моцнае заглыбленне пры пасадцы і адкрытых месцаў з моцнымі вятрамі.

Як вырасціць лабелію з насення

У лабеліі насенне настолькі маленькае, што нагадвае пыл. Таму высейваюць яго трэба альбо адразу высыпаючы з пакуначка на паверхню глебы, альбо змешваючы з пяском і размяркоўваючы па субстраце.

Латкі з глебай перад пасевам варта праліць вадой. Насенне трэба раўнамерна рассеяць на паверхні грунту і апырскаць растворам стымулятара росту. Прысыпаць зямлёй пасевы не трэба, дастаткова проста накрыць латкі плёнкай або шклом.

Для прарошчвання насення патрабуецца цяпло. Неабходна перыядычна здымаць шкло ці плёнку для праветрывання. Праз тыдзень можна назіраць з'яўленне шапкі маладых дружных усходаў. Паліваць расаду трэба асцярожна, лепш за ўсё апырскваць, каб далікатныя парасткі не палеглі.

Прыкладна праз месяц з дапамогай палачкі або алоўка невялікі пучок расады трэба акуратна дастаць з зямлі і пікіраваць у асобныя ёмістасці. Паліваць пасля пікіроўкі трэба ўмерана.

Высаджваюць у грунт расліны ў канцы мая. Пры пагрозе зваротных замаразкаў маладыя кветкі пажадана хаваць. Занадта блізка лабеліі высаджваць не варта — расліна моцна разрастаецца і займае вялікія пляцоўкі.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?