Вы тут

Колькі лап у пеўня?


Зусім нядаўна ў школе быў вечар сустрэчы з былымі вучнямі, з выпускнікамі розных гадоў. Глядзела я на іх, былых хлопчыкаў ды дзяўчатак, і столькі ўсяго ўспомніла...


Урок матэматыкі. Тэма «Лік і лічба 2».

— Дзеці, — звяртаюся да класа, — прывядзіце прыклады, дзе пры лічэнні сустракаецца лік два.

— Дзве рукі, дзве нагі, два вухі, дзве лапы ў пеўня, — гучыць наперабой.

Цягнецца ўгору і рука Міхася.

— А ў нашага пеўня чатыры лапы!

— Няпраўда, так не бывае, — абураюцца дзеці.

— А вось і бывае, — настойвае хлопчык.

Каб прымірыць, кажу:

— Міхась, а давай, калі скончацца ўрокі, мы з табой сходзім ды паглядзім на вашага пеўніка.

— Не, вы яго ўжо не ўбачыце. (Міша ніжэй апускае голаў.) Учора яму тата зрабіў «сякір-башка»!

Шкадую птушку, даю дзецям заданне, каб дома палічылі, колькі лап у іх пеўняў. Раптам яшчэ недзе ёсць — на чатырох і жывы?

* * *

Адкрыты ўрок чытання (на ім было шмат настаўнікаў). Тэма — «Гук і літара Ж».

Усё як заўсёды: дзеці чытаюць, адказваюць на пытанні.

— Калі ласка, — прашу, — прывядзіце прыклады, дзе ў словах чуецца «Ж».

— Жолуд, жораў, жаба, «Жыгулі»...

Зноў той жа Міша трасе рукой. Ну як яго не выклікаць?!

— Ж...а, — выдае свой прыклад хлопчык.

Бянтэжыцца не выпадае.

— Правільна, — працягваю ўрок я, — у гэтым слове таксама чуецца гук «Ж».

...Думала, мае калегі потым зробяць заўвагу, што не паспавядала вучня. А яны мяне нават пахвалілі, што не разгубілася.

* * *

Урок чытання. Тэма «Гук і літара Ф».

Дзеці (на ўроку прысутнічаў завуч) за 45 хвілін навучыліся чытаць і выдзяляць «Ф». Званок на перапынак. Завуч, выходзячы з класа, бярэ ўказку, паказвае «пройдзеную» літару на фізічнай карце, што вісіць на сцяне, пытае:

— Дзеці, дык якая гэта літара?

Тыя ледзь не хорам:

— Фэ! Фэ!..

Завуч:

— А ну стройцеся па два. Я вас зараз завяду і пакажу, дзе «фэ»...

Толькі адна дзяўчынка сказала:

— Гэта «эф», а не «фэ»!

Выручыла, карацей, і настаўніцу, і астатніх дзяцей ад паходу туды, дзе «фэ».

Сафія Атрохава, в. Селішча, Слуцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?