Вы тут

Да ХХV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі амаль падрыхтаваныя


Да правядзення ХХV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу падрыхтоўка амаль скончана.


— Практычна, да яе мы ўжо падрыхтаваныя на 95 працэнтаў, засталося дашліфаваць некаторыя грані. Я спадзяюся, што сёння-заўтра на сайце міністэрства будзе апублікавана праграма мерапрыемстваў, — расказала падчас прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава.

Выстаўка-кірмаш будзе працаваць з 28 лютага па 4 сакавіка ў адміністрацыйным комплексе на праспекце Пераможцаў, 14. На 20 лютага заяўкі на ўдзел прыйшлі ад 32 краін, сваю прысутнасць пацвердзілі 34 пісьменнікі з 21 краіны.

— Гэта надзвычай добры для нас паказчык, бо за апошнія чатыры гады не магу ўспомніць такой колькасці зацікаўленых гасцей. З улікам прадстаўнікоў ад пасольстваў, можна разлічваць, што на міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час» будзе каля 50 удзельнікаў, — адзначыла Алена Паўлава.

З замежных краін вельмі актыўнымі паказалі сябе пасольствы Расіі, Італіі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Германіі. І хоць плошча пляцоўкі, дзе будзе праходзіць выстаўка, не зменіцца, насычанасць цікавымі сустрэчамі абяцае быць на вышыні. Штодзень арганізатары абяцаюць каля 60 мерапрыемстваў, так што знайсці нешта на свой густ зможа кожны наведвальнік. Тым больш, што ўваход на выстаўку, як і ў мінулыя гады, поўнасцю адкрыты і бясплатны.

Асаблівы госць сёлетняй міжнароднай выстаўкі — Рэспубліка Сербія, акрамя прадстаўнікоў улады гэтай краіны, Беларусь наведаюць чацвёра пісьменнікаў-сербаў. З нашага боку адбудзецца прэзентацыя некалькіх выданняў, прысвечаных літаратуры гэтай краіны, а беларускія літаратурныя часопісы выпусцілі з такой нагоды тэматычныя нумары.

Што датычыцца айчынных кніг, то для наведвальнікаў ужо падрыхтавалі сваю прадукцыю такія знакавыя выдавецтвы, як «Мастацкая літаратура» і «Беларуская Энцыклапедыя», цікавую прэзентацыю абяцае сёлета паказаць Нацыянальная бібліятэка. Дарэчы, пабываць на выстаўцы — добрая нагода сустрэцца з беларускімі аўтарамі, сёлета Саюз пісьменнікаў Беларусі будзе прадстаўляць не толькі вядомыя кнігі і заслужаных дзеячаў. Чытачы пазнаёмяцца з творчасцю літаратараў з абласных аддзяленняў СПБ.

Калі хто не паспеў на ўрачыстасці, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, той мае шанц падхапіць «апошні акорд» на выстаўцы-кірмашы. На цэнтральнай выставачнай пляцоўцы пройдзе прэзентацыя ўсіх знакавых выданняў, прысвечаных гэтай тэме. Будзе там і друкарскі станок ХVІ стагоддзя, які экспануецца ці не апошні раз для шырокай публікі.

Па словах Алены Паўлавай, галоўныя тэмы ў праграмах беларускіх удзельнікаў, акрамя 500-годдзя кнігадрукавання, раскрыюць перад наведвальнікамі яшчэ і асаблівасці малой радзімы, як яе бачаць майстры слова. «Беларусь — разгорнутая кніга» і «Мастацкае слова — сяброўства без межаў» стануць слоганамі мерапрыемства.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Загаловак у газеце: Кніга чакае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».