Вы тут

Твой прыпынак наступны


Алесь Замкоўскі
нарадзіўся 5 жніўня 1984 года ў Полацку. Скончыў факультэт беларускай філалогіі і культуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Друкаваўся ў часопісах, газетах, калектыўных зборніках і альманахах. Паэт, літаратар.


Твой прыпынак наступны

***

падарункамі космасу

сыплюцца з неба

Геменіды.

я мог бы наплесці карункаў,

што гэта табе нечаканая радасць

на каляды і штучны новы год,

і нават мог бы

выкупіць

адзін

метэор ці балід

у фірме для разводу дурняў,

але не буду.

хай працінаюць прастору па раскладзе.

яны і дзень аздабляюць гэтак жа.

мы, сляпыя, не бачым.

непатрэбная праўда нам захінае ўсё.

хай заліваюць ніжнюю колбу сусвету.

я гэтыя моманты больш не фіксую,

бо корпацца

ў сэнсах

таксама

нішто сабе справа.

здаецца, што я неблагі

прадстаўнік сям’і гамінідаў.

хоць Кастар і Палукс зусім не браты мне.

(хай светла ім будзе адвеку).

а шчасце тваё

ў віно перакоціцца

знічкай.

глытай.

я буду глядзець і бяздонне

трымаць плячыма.

я буду ляцець да вачэй тваіх

крохкіх —

нязмушаных знакаў.

 

***

дзяўчынка без капелюша

лыжкай з алюмінію

рытмічна чэрпае

брудны снег.

кавалак налева, кавалак направа,

кавалак налева, кавалак направа,

налева, налева, направа, направа,

кавалак, кавалак, кавалак...

яна шчыра корміць

прымерзлых да лёду катоў,

памерлае лісце бярозы,

маму і тату, што ўночы на кухні лаюцца,

сябровак па сярэдняй групе,

прырослых да смартфонаў,

і пяшчотнага вожыка, які спіць

пад вялікай таполяй.

(ну дзе знойдзеш у горадзе дуб?)

заварвае кашку, грэе супчык, пячэ піражкі

аж да самай цемры.

збірае сняжынкі ў калекцыю

разам з пластыкавымі коркамі

і магнітамі ад ёгуртаў.

a калі клічуць з-пад жоўтай лямпачкі

жыць у брудны пад’езд,

яна вымярае шлях сантыметрамі,

тупае прамоклымі боцікамі,

грэе нос ў шаліку,

усміхаецца толькі вачыма і вуркоча:

hello, hello, hello, how low?

адпачні, мілае калючае стварэнне.

 

***

не знаходжу вокнаў

не знаходжу дотыкаў

тваіх вуснаў у калодзежы ветру

флюгер крычыць

не знойдзеш

і прапелерам знікае ў лабірынце голля

я шукаю ахвярнік і ахвяру

камень кавалак струхлелага стаўбура

ці курган лісця

збітую котку парваны бот з кожзаму

або недакурак у ружовай памадзе

і ўсё гэта ёсць

ды няма агню

і ўсё гэта ёсць

ды няма агню

каленкі гуляюць у хованкі

локці скачуць танец маленькіх качанят

не прыдуманы цыгарэты freedom

а шкада

недзе было дома

пад ложкам

паміж скарбонкай старых

баваўняных шкарпэтак

і сумкай сімак

забытых нумароў

апошні флакон гаючай атруты

вып’ю і памру ў асалодзе

а ты глядзі ў фортку

 

***

празрыстая плёнка

глыбокай дзвінскай вады,

салёнай ад крыві гісторыі,

вострай ад кавальскага жалеза.

пад гэтай плёнкай

я ляжу і здымаю выключна рухомае,

натую тое, што дрыжыць нада мной.

гукі і рухі

наўкола.

унутры — цішыня.

і рыбы казычуць тонкімі хвастамі

пяткі, хрыбет і патыліцу.

зрэдку побач слізгае паплавок,

яшчэ радзей — човен,

хоць заўсёды ў ім адны і тыя ж:

бацька, маці, іх сын, ягоны сабака.

я падміргваю хлопцу — ён мазолістай

далонню б’е па вадзе.

я кажу — і словы ў бурбалках

ціхмяна лятуць наверх.

паветра іх раздзірае,

забірае да сябе.

я не ведаю, колькі часу ляжу,

але ведаю, што не ўзнімуся.

бо святло без дзвінскай плёнкі

спапяляе вочы і сушыць голас.

бо ўжо ледзь чутна

песня сабакі,

шоргат стырна,

рогат хлопчыка,

замова маці.

 

***

як партызан што ночыў

ля малога вогнішча

ў вырытай наспех зямлянцы

часам я выходжу з лесу

расхінаю рукамі калючае голле елак

іду смела

да бліжэйшай чыгункі

да рэек якія вабна гудуць

калі цягнік імчыць яшчэ далёка

спяваюць хэнгамі

рэзануюць каб ухапіць хоць крыху

ад музыкі сусвету

ад божага голасу

я ціха сяджу каля рэек

і запісваю ў нотны сшытак

ледзь чутныя гукі

 

***

скончыўся травень. яму надышла finita.

я думаю, як гэта — быць траўнем?

адчуваць, што табе канец

праз кожныя дванаццаць месяцаў…

ён больш за мяне разумее,

што такое сансара, божае ўратаванне,

ведае, як гэта — жадаць нірваны на крыжы.

усё жывое ў траўні гэта разумее.

пад ветрам варушыцца першы лісток —

усе разам яны размаўляюць

толькі ім патрэбнай тэхнікай жэстаў.

галубы ствараюць броўнаўскі рух

у пагоні за хлебам і самкамі.

у розных накірунках і ўзроўнях плывуць

і пераплятаюцца статкі аблокаў.

мне не ўсвядоміць гульні гэтыя.

не атруціцца траўнем,

не вытрываць

вясенняга

апакаліпсіса.

 

***

у «хуткіх дапамогах» якія жарсна гудуць

у аўтобусах якія супыняюцца і мінаюць

у задушлівых маршрутках

у трамваях што ззяюць іскрамі

у жоўта-чорных саламандрах таксі

ды іншых назаўжды незнаёмых аўто

бачу сваё адлюстраванне

мігценне памкненне нараджэнне

і скон

бачу крыва і крыху крывава

спакойна і тужліва

бачу і пазнаю

не хачу пазнаваць але бачу

тысячы (не)сваіх жыццяў

подыхаў-позіркаў

невылічальную колькасць рухаў

я жадаў дакрануцца да аднаго

а мне закрычалі куды ты прэш

ідыёт

здаецца так

не паспеў занатаваць

бо прачнуўся ад шэпту

твой прыпынак

наступны

 

***

...і акіян стаў адзіным сябрам

і бацькам

і апошнім ваяром

як абранніца

як верная спадарыня

як звар’яцелая каханка

ты прыходзіш да яго

на сустрэчу

на млоснае спатканне

на споведзь

і нічога не чакаеш

а толькі бачыш

як хваля і хваля і хваля

абдымаюць тонкае кволае цела

як вецер прымацоўвае крылы

каб урэшце даляцець

толькі слухаеш

адзіную песню стомленага і мужнага звера

стогны і шэпты бязлітаснага палюбоўніка

толькі адчуваеш

свой дзень

свой сон

акіян — твой

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.