Вы тут

Статыстычна‐суб’ектыўнае адчуванне тэатральнага працэсу


Паводле айчынных крытыкаў.

Няма больш няўдзячнай справы, чым спроба складаць рэйтынгі. Асабліва паводле апытання: кожны называе тое, што падаецца цікавым на яго асабісты густ. А калі гаворка пра тэатр, то пра густы спрачаюцца вельмі часта: надта складаны сучасны творчы працэс, нездарма яго вынікі, што выходзяць на сцэну, выклікаюць спрэчкі. Нават у беларускай, здавалася б, даволі ціхай і добразычлівай тэатральнай атмасферы. Таму жаданне нейкім чынам з дапамогай лічбаў адлюстраваць цікавасць да айчынных (і не толькі) пастановак вартае павагі. Чацвёрты раз апытанне па выніках тэатральнага года правялі куратары інтэрнэт-праекта «Тэатральная Беларусь» Алена Мальчэўская і Аляксей Стрэльнікаў.


Беларускія крытыкі, арт-журналісты і блогеры, што адсочваюць тэатральнае жыццё, вызначалі найлепшыя спектаклі за 2017 год — кожны адзначаў прэм’еры мінулага года на свой густ, вызначыўшы пяць адметных пастановак. Свае адказы далі 26 удзельнікаў апытання, у спісе фігуравалі 27 спектакляў. Лічбы суміраваліся і далі пэўную колькасць балаў, згодна з якой атрымаўся ўмоўны рэйтынг. Нават два: больш поўны адлюстроўвае багатае тэатральнае жыццё Беларусі, у якое былі ўключаны паказы спектакляў замежных калектываў. Але трэба аддаць належнае нашай тэатральнай супольнасці: айчыннае мастацтва аказалася ў прыярытэце (некаторыя ўдзельнікі наогул не называлі замежныя пастаноўкі).

Такім чынам, якія рэжысёры (ці тэатральныя з’явы) найбольш запомніліся і выклікалі цікавасць тэатралаў? Як ні дзіўна, але з вялікай адлегласцю ад іншых апынуліся два спектаклі, і, што адметна, абодва набралі аднолькавую колькасць першых месцаў паводле галасавання. Але на першым месцы (згодна з рэйтынгам айчынных спектакляў і агульнай колькасцю балаў) пастаноўка Яўгена Карняга «Бетон» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. З невялікім адставаннем у рэйтынгу — «Войцэк» рэжысёра Юрыя Дзівакова (неардынарная пастаноўка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы ішла на сцэне непрацяглы час, але вельмі хутка сышла з рэпертуару згодна з рашэннем мастацкага кіраўніка тэатра М. Пінігіна). Абодва спектаклі вылучаюцца асаблівай стылістыкай і эстэтыкай. Відаць, не кожны глядач здольны прыняць такое мастацтва. У дзясятцы найлепшых таксама названыя наступныя спектаклі: «Быў у пана верабейка гаварушчы» (Беларускі свабодны тэатр), «Сіняя-сіняя» Магілёўскага абласнога тэатра лялек, «Пансіён Belvedere» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, «Сіндром Медэі» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, «Новая зямля» Брэсцкага тэатра лялек, «Anti[gone]» Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», «Mann ist Mann» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, «Калгаснікі» Цэнтра беларускай драматургіі. Недалёка ад дзясяткі таксама прыкметныя работы мінулага года: «Камедыя Бдзіфі» Гродзенскага абласнога тэатра лялек і «Кар’ера доктара Рауса» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, што выклікала гарачыя спрэчкі. І гэта добра: наш тэатр дае падставы думаць і разважаць. А гэта значыць, ён хоча быць розным. Нездарма ў апытанні фігуравалі пастаноўкі як дзяржаўных, так і недзяржаўных калектываў, прыватных, праектных тэатраў (сёння гэта прастора адкрытая для развіцця).

Таксама крытыкам прапанавалі вызначыць асоб, якія паўплывалі на тэатральнае жыццё ў мінулым годзе, хто мог бы насіць умоўнае званне «Герой года». Часцей за ўсё згадвалі імя Юрыя Дзівакова, аўтара найбольш рэзанансных пастановак. Таксама ў пяцёрцы самых адметных асоб адзначалі рэжысёра і кіраўніка Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандра Марчанку, рэжысёра і кіраўніка Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Таццяну Траяновіч, італьянскага рэжысёра Матэа Сп’яцы, які за год паставіў у Мінску два спектаклі, і двух адметных мастачак Таццяну Нерсісян і Таццяну Дзівакову. Але асоб, важных для айчыннага тэатра, значна больш. І гэта тое, што дае спадзеў надалей: будзе што глядзець.

 Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.