Вы тут

Паветраны шар


У суботу мае сябры пабраліся шлюбам. Прапанову сваёй каханай Алесь рабіў над Дзвіной. Яны былі першыя, хто ўзняўся на паветраным шары над Віцебскам.


Пасля вянчання маладыя паехалі фатаграфавацца. Для гасцей жа замовілі вялікі аўтобус, на якім мы павінны былі дабрацца да рэстарана. Усю дарогу я пазірала ў акно. Раптам маю ўвагу прыцягнуў рознакаляровы паветраны шар. Як высветлілася, гэта Алесь з Юляй падрыхтавалі для нас такі незвычайны сюрпрыз. Усе госці змаглі ўзняцца на тым шары на вышыню сяміпавярховага дома. «Для нас гэты дзень незвычайны, — казалі потым маладыя, — і нам захацелася зрабіць яго незвычайным і для сваіх блізкіх».

14 лютага я паехала на Камароўку, каб купіць мужу ў падарунак арэхі. У пераходзе сустрэла з дзясятак прадаўцоў аднолькавых цюльпанаў, чырвоных шарыкаў у форме сэрцайкаў ды плюшавых мішак. І ўявіла, як тысячы дзяўчат горада атрымаюць вось такія прадказальныя «сюрпрызы»...

На днях сяброўка расказала гісторыю пра трох сваіх прэтэндэнтаў на руку і сэрца. Адзін з іх патэлефанаваў у Дзень закаханых і быццам бы ў сваё апраўданне сказаў, што не прызнае гэтага свята. І віншаваць нікога не збіраецца. Другі прынёс вялізныя завушніцы з каштоўнымі камянямі. «Паглядзі на мяне, — дзяўчына паказвае свае сціплыя сярэбраныя «цвічкі», — я ж такія пафасныя ўпрыгажэнні не нашу». Затое трэці падарыў квіткі ў тэатр оперы і балета — якраз на пастаноўку, якой сяброўка трызніла апошнім часам.

Вы скажаце, галоўнае ж не сам падарунак, а знак увагі. Але, як па мне, гэты знак павінен быць індывідуальны. Пагадзіцеся, нашмат прыемней атрымаць падарунак, які рыхтаваўся з думкамі менавіта пра ЦЯБЕ!

Што датычыцца вяселля, то магу падказаць некалькі арыгінальных ідэй. Сваёй сяброўцы і яе абранніку мы з дзяўчатамі ў свой час падарылі 32 кілаграмы солі, якую змясцілі ў ільняны мех, пашыты ўласнаручна. Маўляў, каб спазнаць адно аднаго трэба не адзін пуд солі з'есці. Прыяцелька распавядала, што яе тата напярэдадні вяселля Максіма і Ксеніі Мірных замовіў у бондара вялізную драўляную бочку і напоўніў яе мёдам. Падарыў з пажаданнем, каб «мядовы месяц» ніколі не заканчваўся. Нам з мужам сябры прэзентавалі самаробных лялечак-неразлучнікаў, звязаных паміж сабой адной ніткай. Як сімвал трывалага шлюбу, каб муж і жонка падтрымлівалі адно аднаго па жыцці. Мы ж сваім віцебскім сябрам у ліку іншага падарылі на вяселле сертыфікат на фотасесію ў Строчыцах у нацыянальным убранні. А таксама дзве беларускамоўныя кнігі — «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» (на дзяўчынку) ды «Пітэра Пэна» (на хлопчыка) з іменнымі аўтографамі перакладчыкаў. Уручылі з пажаданнем, «каб буслікі вам у хатку кожны год прыносілі па немаўлятку».

Што датычыцца дзетак, то галоўны падарунак, які яны могуць атрымаць ад бацькоў (акрамя жыцця, вядома), — гэта далёка не матэрыяльныя рэчы...

...Аднойчы маленькі хлопчык заблукаў. Ён доўга шукаў дарогу дадому, але так і не змог выбрацца з лесу. І раптам убачыў дзядка з сівой барадой. Хлопчык узрадаваўся і кінуўся да яго: «Мне так страшна тут! А яшчэ я вельмі хачу есці. Дапамажы мне». Стары паглядзеў на малога і моўчкі пайшоў далей сваёй дарогай. Хлопчык пабег за ім, паўтараючы: «Я хачу есці...» Але дзядуля, здаецца, яго не чуў... Праз некаторы час стары пачаў збіраць ягады і падымаць з долу арэхі. Малы стаў паўтараць за ім. Дзядуля добра ведаў, як выжыць у глухім лесе, і хлопчык шмат чаму навучыўся ў яго. У прыватнасці, здабываць сабе ежу, будаваць жыллё... Стары навучыў яго гэтаму, замест таго, каб узяць адказнасць за дзіця на сябе.

Недарэмна мудрыя людзі кажуць: «Калі ты хочаш дапамагчы чалавеку, то прапануй яму не рыбку, а вуду. Хай ён сам яе зловіць...»

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.