Вы тут

Як пасол Румыніі па Беларусі падарожнічае


Карэспандэнт «Звязды» з'ездзіла на экскурсію «Па мясцінах Дуніна-Марцінкевіча», якую арганізавала кампанія «Куфэрак падарожжаў». У турыстычнай групе быў і Надзвычайны і паўнамоцны пасол Румыніі ў Беларусі Віярэл Машану з жонкай.

Трэба сказаць, у сям'і Машану ўжо стала традыцыяй адзначаць дзень устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Румыніяй і Беларуссю (14 лютага) падарожжамі па нашай краіне. У мінулым годзе сям'я пасла наведала музей Хаіма Суціна ў Смілавічах.


Княжацкі дом пад апекай каледжа

Першым аб'ектам падарожжа быў сядзібны дом Друцкіх-Любецкіх у пасёлку Новае поле. Друцкія – княжацкі род рускага паходжання, адна з галін Рурыкавічаў. У Беларусі яго прадстаўнікі вядомыя як польскія чыноўнікі высокага рангу. Князь Францішак-Ксаверый Друцкі-Любецкі быў міністрам фінансаў у Каралеўстве Польскім.

Сядзібны дом Друцкіх-Любецкіх у Новым полі

Сядзібу ў Новым поле Друцкіх-Любецкіх набылі ў пачатку XIX стагоддзя, але жылі пераважна ў сталічных гарадах. У Новае поле прыязджалі два-тры разы на год, каб праверыць, як ідуць справы ў маёнтку.

У канцы стагоддзя ў арыстакратычных колах стала модна перабірацца ў загарадныя дамы. Друцкія-Любецкія жылі ў сваёй сядзібе да 1920 года, а ў 1921 годзе Новае поле стала тэрыторый Савецкай Беларусі. Сядзібны дом Друцкіх-Любецкіх заняў атрад памежнікаў, а княжацкая сям'я была вымушана пераехаць у Ракаў, які ў той час быў у складзе Польшчы. Маладая князёўна Крысціна вельмі сумавала па Новым полі і часта шпацыравала вярхом на кані да польска-беларускай мяжы, каб паглядзець на свой былы дом. «Аднойчы савецкія памежнікі схапілі дзяўчыну, паздзекаваліся з ёй, а потым забілі. Цела Крысціны падкінулі на тэрыторыю суседняга – Негарэльскага пагранатрада. Напэўна, была б Крысціна звычайнай князёўнай, усё б сышло з рук. Але яе дзядзька Казімір займаў пасаду намесніка міністра замежных спраў Польшчы, а маладой савецкай краіне міжнародны скандал не быў патрэбен, – распавядаў Антон Астаповіч, старшыня грамадскай арганізацыі «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры», намеснік дырэктара «Куфэрка падарожжаў». – У выніку ўвесь асабісты склад Негарэльскага пагранатрада быў расстраляны. У маці беднай дзяўчыны ледзь не пакламуціўся розум, жыццё яе скончылася трагічна». На могілках у Ракаве захавалася капліца, у якой пахавана князёўна Крысціна Друцкая-Любецкая.  

Восенню 1937 года ў доме Друцкіх-Любецкіх размяшчаліся войскі НКУС, а пасля Вялікай Айчыннай вайны тут асталяваўся сельскагаспадарчы тэхнікум. Сёння дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж мае тыпавы будынак, але і стары княжацкі дом на балансе навучальнай установы, і дзякуючы гэтаму ён знаходзіцца ў нядрэнным стане.

Сталіца кантрабандыстаў і радзіма Іды Разэнталь

Наш наступны пункт – аграгарадок Ракаў. Спачатку турысты наведалі невялікую крынічку з каплічкай. Калі верыць легендзе, вада тут цудатворная. Кажуць, сляпому старцу прыйшла ў сне Маці Божая і паказала месца, дзе ёсць крыніца вады. Там выкапалі крынічку, стары памыўся і стаў бачыць. Да крыніцы часта прыязджаюць мінчане.

 Ракаў. Спаса-Праабражэнская царква

Зараз Ракаў – аграгарадок, а калісьці гэта быў вялікі горад, у якім працавалі мануфактуры, пільня, цагельня, вадзяныя млыны, ганчарныя майстэрні. Ды што казаць! Ракаў меў Магдэбургскае права!

З 1921 па 1939 год савецка-польская мяжа праходзіла недалёка ад Ракава. Тады горад ператварыўся ў сталіцу кантрабандыстаў. Тут золата мянялі на прамтавары, а ў 94(!) рэстаранах ігралі музыкі. Каб даведацца пра жыццё горада ў той час, раім пачытаць раман Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». Аўтар і сам быў кантрабандыстам і агентам некалькіх спецслужбаў адначасова. Але ў турме апынуўся за разбой. Там ён пачаў пісаць літаратурныя творы. Дзякуючы згаданаму раману, Сяргея Пясецкага датэрмінова вызвалілі з турмы, а ў 1938 годзе нават намінавалі на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

Яшчэ адна легендарная персона – Іда Разэнталь прынесла Ракаву сусветную славу. У 1930-х гадах жанчына была ўжо ў эміграцыі ў Амерыцы і арганізавала там прадпрыемства па пашыве бюстгальтараў. Менавіта яна з’яўляецца стваральніцай гэтага атрыбуту жаночага бялізны ў звыклым нам выглядзе.

Цяпер у Ракаве можна прайсціся па слядах кантрабандыстаў, убачыць цудоўны неагатычны касцёл Маці Божай Ружанцовай і Святога Дамініка. Захавалася ў Ракаве і Спаса-Праабражэнская царква. Тут ёсць каталіцкія, праваслаўныя і яўрэйскія могілкі. Да Вялікай Айчыннай вайны ў мястэчку пражывала каля 1000 яўрэяў, у 1942 годзе ўсе яны былі знішчаны ў гета.

Ракаў і сёння даволі цікавае месца, у якім дзіўным чынам захоўваецца старасвецкі дух. Тут праводзіцца шмат культурных мерапрыемстваў, напрыклад, «Ракаўскі фэст».

Драматург, чыноўнік і... фальсіфікатар

Імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча мы памятаем па школьных уроках літаратуры: ён быў аўтарам першай беларускай оперы «Ідылія». Але мала каму вядома, што знакаміты драматург вёў таемную дзейнасць: будучы чыноўнікам, ён добра зарабляў тым, што падрабляў дакументы на прывілеі мясцовай шляхты. Падробка дакументаў пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, паўстання 1830-31 гадоў была ў пэўным сэнсе вымушанай справай. Дакументы губляліся, а расійскія ўлады патрабавалі пацвярджаць прыналежнасць роду да дваранства. Атрымаць дакументы з Дэпартамента Герольдыі ў Санкт-Пецярбургу – цяжка і вельмі дорага. Прасцей замовіць мясцоваму ўмельцу камплект дакументаў. Дарэчы, гэтая паслуга добрых грошай каштавала. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч доўгі час жыў у вёсцы Малая Люцынка, а пахаваны ў Падневічах. Там яго магіла побач з капліцай-пахавальняй роду Жаброўскіх.

Надзя і Віярэл Машану

Цікавая гісторыя, сказаў Віярэл Машану. – Наогул, вельмі пазнавальная паездка. Добра ведаць краіну знаходжання гэта абавязак дыпламата. А наша сям'я любіць падарожнічаць, знаёміцца ​​з новымі месцамі, таму вельмі рады, што знайшлі час на экскурсію.

А я скарысталася магчымасцю пагаварыць з паслом аб румынска-беларускім гуманітарным супрацоўніцтве.

Нам вельмі цікавыя такія праекты, у якіх магчымы ўдзел двух бакоў. Магу сказаць, што Дзяржаўная акадэмія музыкі, Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І. Глінкі, Цэнтр Марка Шагала ў Віцебску, Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, Музей гісторыі Мінска, галерэя Міхаіла Савіцкага, Белдзяржфілармонія і Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» нашы добрыя партнёры, – падзяліўся Віярэл Машану. – Мы ганарымся супрацоўніцтвам у галіне літаратуры. Упершыню ў вашай краіне быў выдадзены зборнік вершаў румынскага нацыянальнага паэта Міхая Эмінэску на беларускай мове, а часопіс «Полымя» прысвяціў леташні лістападаўскі нумар сучасным румынскім паэтам і празаікам.

Цяпер мы рыхтуемся ўпершыню ўзяць удзел у Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску. Наша Пасольства ў асноўным экспануе кнігі па мастацтве і музыцы. Жамчужынамі экспазіцыі будуць калекцыі кніг, прысвечаных даследаванню творчасці сусветна вядомага скульптара румынскага паходжання Канстанціна Брынкуша; нотныя сшыткі класіка румынскай кампазітарскай школы, аднаго з найбуйнейшых музыкаў першай паловы XX стагоддзя, Джорджэ Энэску; а таксама паэзія румынскага нацыянальнага паэта Міхая Эмінэску у перакладзе на беларускую мову. Падчас працы выставы мы запросім усіх наведвальнікаў на свята Мэрцышор, якое ўнесена ў спіс аб'ектаў культурнай нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Мэрцышор гэта самабытная народная традыцыя, якая ў розных інтэрпрэтацыях аб'ядноўвае добрую палову ўсяго балканскага свету. У першы дзень вясны мініяцюрныя чырвона-белыя бутаньеркі дораць адзін аднаму жыхары гэтых краін, а мы з задавальненнем уключым у гэтае кола і беларусаў.

Чырвоны і белы касцёлы

Івянец. Чырвоны касцёл

Далей наш шлях накіроўваецца ў райцэнтр Івянец. Тут мы спыняемся каля касцёла святога Аляксея. Гэтае імя здаецца нязвыклым для католікаў. Касцёл назвалі ў гонар сына расійскага імператара Мікалая II, які даў у 1904 годзе дазвол на будаўніцтва храма. Пабудавалі чырвоны касцёл у стылі неаготыкі, асвяцілі ў 1907 годзе. Па словах Антона Астаповіча, у Беларусі ў 1946-49 гадах улады актыўна зачынялі касцёлы. Шэдэўры архітэктуры прыстасоўвалі пад складскія і прамысловыя памяшканні. Добра захаваліся толькі тыя, якія выкарыстоўваліся ў гуманітарных мэтах. Так, у чырвоным івянецкім касцёле з 1949 па 1990 год было кнігасховішча бібліятэкі імя Леніна. Упершыню Антон Астаповіч пабываў у памяшканні касцёла ў канцы 80-х гадоў і кажа, што яго вельмі ўразілі кніжныя стэлажы, вышыня якіх даходзіла да вежаў. У 1991 годзе касцёл вярнулі вернікам.

Яшчэ адно ўпрыгожванне Івянца – белы касцёл, пабудаваны ў першай палове XVIII стагоддзя. Тут жа была і мясціна францысканцаў. Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага будынак касцёла перадалі праваслаўнай царкве. У 1920 годзе зноў каталікі сталі гаспадарамі святыні. Пасля Другой сусветнай вайны ў касцёле была нарыхтоўчая кантора і крама.

Івянец. Белы касцёл

Цяпер тут дзейнічае невялікі кляштар францысканцаў. Тэрыторыя добраўпарадкаваная, ёсць невялікі заапарк, дзіцячая і спартыўная пляцоўкі і кавярня «У францысканцаў». Белы храм у Івянцы – цэнтр духоўнага жыцця, мясцовы ксёндз ладзіць музычны фестываль, працуе з дзіцячай суполкай скаўтаў.

Ксяндзы аддалі жыцці за парафіян

Наш апошні прыпынак – вёска Пяршаі. Тут галоўная славутасць – касцёл святога Юрыя. Гэта адносна новы будынак, касцёл быў асвячоны ў 1933 годзе.

Вёска Пяршаі. Магіла ксяндзоў Ахілеса і Германа

«У 1943 годзе ў гэтых месцах нямецка-фашысцкія захопнікі правялі вялікую карную аперацыю «Герман», падчас якой загінула 15 тысяч чалавек, – распавядаў Антон Астаповіч. – У планах акупантаў быў расстрэл 150 закладнікаў – жыхароў вёскі Пяршаі. Даведаўшыся пра гэта, мясцовыя ксяндзы Іосіф Ахілес Пухала і Караль Герман Стэмпень прапанавалі карнікам свае жыцці ў абмен на жыцці вернікаў. Ксяндзы прынялі пакутніцкую смерць, фашысты іх катавалі, потым расстралялі і падпалілі цяла. Карнікі стрымалі абяцанне: вяскоўцаў не забілі, а адправілі ў Германію на прымусовыя работы. Пасля вайны ўсе жыхары вёскі вярнуліся дадому. Яны знайшлі месца гібелі ксяндзоў каля суседняй вёскі Баравікоўшчына і пахавалі іх парэшткі каля касцёла. У чэрвені 1999 года Папа рымскі Ян Павел II абвясціў благаславёнымі Пяршайскіх ксяндзоў Ахілеса і Германа.

Антон Астаповіч на фоне капліцы-пахавальні роду Жаброўскіх

Па дарозе ў Мінск спытала ў Віярэла і Надзі Машану, ці спадабалася ім падарожжа.

У Беларусі ёсць вельмі папулярныя турыстычныя аб'екты, на якія запрашаюць замежнікаў. Гэта вельмі цікава, але там прыём дэлегацый – гэта звыклая праца людзей і яны добра выконваюць яе. Менавіта ў такіх нефармальных паездках ёсць магчымасць больш даведацца пра краіну, – сказаў Віярэл Машану. –. Ваша краіна мае багатую і цікавую гісторыю, па зразумелых прычынах у пэўны час шмат чаго не папулярызавалася. Але цяпер, калі ёсць магчымасць больш даведацца і ўбачыць, людзі рознага ўзросту едуць у такія вандроўкі, і гэта вельмі добра.

Аксана ЯНОЎСКАЯ, фота аўтара

уаnоvskауа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.