Вы тут

У госці да беларусачкі


Васьмігадовая мадэль са Жлобіна любіць катацца на цягніку. А ў вольны час лепіць з бабуляй калдуны.

Кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Другакласніца Сафія ТРОЦКАЯ, пераможца нашага конкурсу «Беларусікі», умее рабіць нататнікі сваімі рукамі, круціць сабачак і пчолак з шарыкаў, ляпіць калдуны. Але галоўнае яе хобі — быць мадэллю. Дзяўчынка наведвае мадэльную студыю ў родным Жлобіне і ў свае восем гадоў тройчы ўдзельнічала ў паказах Беларускага тыдня моды. Мы завіталі да будучай зоркі ў госці і даведаліся, якая ў яе любімая страва, чаму ёй падабаецца ўдзельнічаць у паказах (паверце, справа зусім не ў прыгожым адзенні) і навошта трэба вучыцца ў школе.


У Со­ні­ным парт­фо­ліа — ка­ля сот­ні фа­та­гра­фій.

Што ў «працоўным» гардэробе?

Соня сустракае нас пры поўным парадзе: у белай кашулі, цёмным сарафане, з падфарбаванымі вейкамі і ружовымі вуснамі. Шустрая, непасрэдная, вясёлая. Пакуль мама Святлана накрывае на стол, дзяўчынка прапануе паказаць нам сваё партфоліа. Дастае з паліцы некалькі папак і раскладае на канапе, напэўна, сотню здымкаў.

— Фатаграфавацца любіш?

— Люблю. У месяц у мяне бывае па чатыры фотасесіі. Магу паказаць вам выйгрышныя позы (ускоквае). Каб добра атрымацца на здымку, нельга да камеры падэшву выстаўляць і локцем паварочвацца. А калі даўгія валасы, можна заплесці коскі і закруціць іх вакол шыі.

На вешалцы каля акна — Соніна адзенне для здымак. Сёлета, паколькі праходзіць зімовая Алімпіяда, многія ладзяць фотасесіі на тэму спорту, таму ў «працоўным» гардэробе юнай мадэлі ёсць гімнастычны купальнік і гоначная куртка. Прыгожая сукенка з белых карункаў — падарунак ад дызайнера.

— Гэта твой пакой? — пытаемся ў Соні.

— Тут толькі мой куток, — усміхаецца дзяўчынка, ківаючы на пісьмовы стол. — Пад свой пакой я б хацела заняць залу, там шмат месца. Паклеіла б аранжавыя шпалеры (гэта мой любімы колер), паставіла б шафкі для адзення, павесіла мае фатаграфіі, гадзіннік. І тэлевізар абавязкова, люблю яго глядзець. Не, не мульцікі — камедыйныя серыялы.

У будучай мадэлі ёсць ужо свая старонка ў Інстаграме, але вядзе яе мама. Што рабіць: хочаш, каб запрашалі на паказы, зарабляй папулярнасць. Сям'я ў Соні, дарэчы, самая звычайная. Тата працуе дальнабойшчыкам, мама — медсястрой у дзіцячым санаторыі. Старэйшы брат вучыцца на эканаміста.

— Хадзем на гарбату! — кліча Святлана.

За сталом Соня цягнецца да шакаладных вафляў.

— Мадэлям салодкае можна?

— А чаму нельга? — здзіўляецца ў адказ дзяўчынка.

Та­кіх са­ба­чак з ша­ры­каў дзяў­чын­ка до­рыць сяб­рам.

Прыгожа хадзіць — для дзяўчат не лішняе

— Даўно ў мадэльнай школе займаешся?

— З пяці гадоў. Хаджу кожную нядзелю. Заняткі доўжацца дзве з паловай гадзіны. У нас тры прадметы: дэфіле, харэаграфія, а трэці — кожны раз новы. Напрыклад, вучым правілы этыкету, як у розных краінах вітаюцца, складваем калажы з адзення ў пэўным стылі. Макіяж праходзілі — гэта маё самае любімае.

— Соня, калі прыйшла, была самай маленькай, — дадае мама. — Узялі з-за высокага росту. Дачка сціплая такая была. Крыўдзілі яе спачатку: і штурхалі, і крыўляліся. А цяпер Соня з усімі пасябравала.

— Чаму вырашылі аддаць дачку ў мадэлі? — пытанне Святлане.

— Я заўсёды любіла модна адзявацца. Мне падабаецца ўсё прыгожае, гламурнае (смяецца). Часопіс «Касмаполітан» з маладосці чытаю. Няма дзе нумары складаць: яны ж цяжкія, паліцы абваляць. Таму захоўваю выпускі толькі за апошнія тры гады. Соня любіць праглядаць старыя часопісы моды. Дызайнераў пакуль не запамінае, але выхоўвае густ. Калі ідзем з ёй па горадзе, адзенне мінакоў лёгка можа прааналізаваць: ці спалучаюцца рэчы па колерах, які гэта стыль.

— Адразу ў дачкі ўсё атрымлівалася?

— Не, дома часта трэніравалася. Яны ж у мадэльнай школе экзамены два разы на год здаюць. Мне здаецца, Соня там загартавалася. Дый умець прыгожа хадзіць і фарбавацца для любой дзяўчыны, думаю, будзе карысна. Хоць тата казаў, лепш бы на таэквандо аддалі.

— Соня, калі ў паказах удзельнічаеш, хвалюешся?

— Не-а.

— Ні грама, — пацвярджае Святлана. — Яна смелая. Гэта ў мяне, калі ў зале сяджу, каленкі трасуцца і далоні становяцца мокрыя.

— Якое б адзенне сама стварала?

— Што-небудзь летняе. Шорты, топік.

— У адзенні яна зусім не капрызная. І я яе прывучаю да таго, што ў дызайнераў сваё бачанне моды: якую рэч скажуць паказаць на подыуме, у такой і пойдзеш.

Май­стар-клас па па­зі­ра­ван­ні.

— Падабаецца быць мадэллю?

— Так. Люблю і паказы, і фотасесіі. Але больш паказы, бо я на іх на цягніку езджу. У дарозе мы з сяброўкай чыпсы ядзім, малюем у вадзяных альбомах. Заліваеш у фламастар ваду, праводзіш ім па старонцы і там праяўляецца ілюстрацыя. Не ведаеце такога? Давайце прынясу пакажу (выбягае ў іншы пакой і вяртаецца з альбомамі).

— Іх потым можна высушыць на батарэі і зноў выкарыстоўваць, — тлумачыць мама. — У дзяцей неяк вады не было з сабой, дык яны кока-колы залілі ў фламастары. І нічога, не сапсавалі размалёўку.

— Вялікая канкурэнцыя сярод мадэляў? — звяртаюся да Святланы.

— У іх узроставай катэгорыі — так. За ўдзел у паказах яшчэ і плаціць трэба. На кастынгах звяртаюць увагу, як дзяўчаты ходзяць, як трымаюць сябе, ці не замкнёныя. Знешнасць цяпер любяць нестандартную. Вядома, калі жывеш у Мінску, прасцей — шмат дзе можаш паспець паўдзельнічаць. Хоць Соня ўжо таксама здымалася ў некалькіх рэкламах — для каталога Жлобінскай швейнай фабрыкі, крамы ў нашым горадзе, гандлёвага цэнтра ў Гомелі.

Са­фій­ка гу­ляе ра­зам з ма­май Свят­ла­най у бе­ла­рус­ка­моў­ную «на­стол­ку», якую атры­ма­ла за пе­ра­мо­гу ў кон­кур­се «Бе­ла­ру­сі­кі».

— Прыгожы чалавек — гэта які? — цікавімся ў юнай мадэлі. — (задумваецца.) Такі, на якога звяртаюць увагу, калі ён ідзе насустрач.

Любімыя прадметы — маляванне і АБЖ

— У школу табе падабаецца хадзіць?

— Не. У некаторыя дні бывае пяць урокаў, дык я не люблю столькі сядзець, стамляюся. Падабаецца толькі маляванне. Ну, яшчэ матэматыка і АБЖ.

— Яна няўседлівая. Хутка ўсё робіць. Нават заданне з дошкі ўважліва не перапіша, не пераправерыць, — уздыхае Святлана.

— Як думаеш, навошта трэба хадзіць на заняткі?

— Каб атрымліваць новыя веды. Напрыклад, вы заблукалі ў лесе. Што неабходна зрабіць? Крычаць «Агу!», «Ратуйце!», «На дапамогу!». Табліца множання таксама ж спатрэбіцца.

— Цяпер многія дзеці замест казак глядзяць па інтэрнэце скарочаны змест. Мы чытаем цалкам. Калі я не паспяваю, Соня з бабуляй за кніжкай сядзіць. Летам стараемся праходзіць штосьці з праграмы.

— Да якога казачнага персанажа хацела б быць падобнай?

— Да прынцэсы Сафіі. Гэта гераіня з набору для творчасці, які мне брат падарыў. Там трэба было ёй пацеркі і бліскаўкі клеіць на сукенку. Чаму Сафія падабаецца? Яна прыгожая, сочыць за модай.

— Чым любіш пасля ўрокаў займацца?

— Клеіць, маляваць. Падарункі сваімі рукамі раблю сябрам, нататнікі, напрыклад.

— Мы не паспяваем фарбы купляць! Былі б у Соні грошы, яна ўсё патраціла б на ручкі, фламастары, шкатулачкі. У яе нажніц ры́фленых штук сем, напэўна. А вось лялек у дачкі няма, не цікавіцца імі. Любіць настольныя гульні: даміно, нарды — ёй тата самаробныя падарыў.

— Па доме дапамагаеш?

— Так, я часта сталы выціраю, посуд мыю. І чайнік стаўлю.

— Можа і гатаваць ужо ўмееш?

— Ну, калі толькі бліны. З бабуляй яшчэ калдуны лепім — гэта нялёгка.

— Бульбу любіш?

— Я яе абажаю! Асабліва пюрэ. Усё ем з бульбай — мяса па-французску, сасіскі, рыбу.

— У Мінск не збіраешся пераехаць?

— Не, тут застануся. У Мінску неяк нязвыкла. Я там шмат куды хадзіла, толькі на коле агляду ніколі не была.

— А кім хочаш стаць?

— Мадэллю. Я і так мадэль. Буду хадзіць на паказы, рэпетыцыі, ездзіць па свеце. Хачу ў Парыж — там класна. Абавязкова сфатаграфуюся на фоне Эйфелевай вежы.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

г. Жлобін

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.