Вы тут

У пракат выйшла новая работа аднаго з найлепшых рэжысёраў сучаснасці


Падчас прагляду фільмаў Пола Томаса Андэрсана заўсёды аказваешся ў дзіўным становішчы: ты не разумееш, што для рэжысёра галоўнае, а калі разумееш — здзіўляешся, чаму з такой дэталёвасцю прапісана так шмат негалоўнага і да чаго гэта ўсё вядзе.


Напрыклад, «Майстар» з Хаакінам Феніксам і Філіпам Сеймурам Хофманам — аб рэлігійным кульце або страчаным пасля вайны Фрэдзі Куэле? «Нафта» з Дэніэлам Дэй-Льюісам у галоўнай ролі — аб паспяховым нафтаздабытчыку або рэлігіі як бізнесе? А пра што наогул «Прыроджаны парок»? І ці пра каханне «Каханне, што збівае з ног»? Надзвычай нетыповая драматургія чарговы раз расцяклася маляўнічым сіропам у новым фільме Андэрсана «Прывідная ніць», дзе галоўную ролю зноў сыграў Дэніэл Дэй-Льюіс, які пасля гэтага праекта чамусьці вырашыў скончыць акцёрскую кар'еру.

Карціна распавядае аб паспяховым лонданскім куцюр'е Рэйнальдсе Вудкаку. Разам з сястрой Сірыл ён стварыў модны дом, у які прыходзяць графіні і прынцэсы, цалкам падначалены патрэбам і працагалізму свайго таленавітага гаспадара. Грунтоўнасць рэжысёра спрацавала належным чынам: с самага пачатку трапляць у гэты дом з яго распарадкам, каменным тварам Сірыл, бездакорнай далікатнасцю паміж гаспадарамі, супрацоўнікамі і кліентамі дарагога каштуе. Тут ствараюцца найпрыгажэйшыя сукенкі, графіні ператвараюцца ў каралеў, а Рэйнальдс па-майстэрску ацэньвае работу згодна з толькі яму вядомымі крытэрыямі. Халоднасць гэтай прасторы, як і яе прыцягальнасць, так і льецца з экрана. Але як вядома, наладжаны расклад у кіно — прыкладна тое ж самае, што чэхаўскае ружжо. Не можа не разбурыцца.

Аднойчы на засяроджаным твары Вудкака з'яўляецца ўсмешка: у кафэ ён бачыць маладую афіцыянтку Альму, якую ў выніку запрашае на вячэру. Некалькі пачуццёвых эпізодаў, погляды, размова ў паўзмроку загараднага дома, — і Альма становіцца мадэллю, памочніцай і, нарэшце, жанчынай Рэйнальдса Вудкака.

Для ролі каханай Вудкака Альма на дзіва звычайная (яе сыграла акторка з Люксембурга Вікі Крыпс) і нічым, здавалася б, не пераўзыходзіць папярэднюю жанчыну, якую мы ўбачылі ахвярай халоднага інтэр'ера толькі ў адным эпізодзе. Альма трапляе ў такі ж распарадак — гучна не есці, «я не прасіў гарбату», «ты сыдзеш, а раздражненне застанецца», — то-бок перад капрызным Вудкакам у яе няма прывілеяў. Так, запрашэннем у свой дом ён аўтаматычна вылучыў яе, але наколькі гэта адрозніваецца ад стасункаў з кабетамі, якіх у выніку сястра куцюр'е вымушана была выправадзіць, невядома.

Тым не менш гэтая гісторыя, хочацца верыць, кахання — прыгожая, а ў некаторых момантах надзвычай пачуццёвая. Пачуццёвасць у Андэрсана асаблівага кшталту — здаецца, цэлы фільм існуе дзеля належных эмоцый у пэўных эпізодах. Часам такое здараецца: ты разумееш, што адна сцэна варта цэлага кантэксту, які ў гэтым выпадку займае дзве гадзіны. Дык вось, пакуль Дэніэл Дэй-Льюіс выпісваў засяроджанага на рабоце, патрабавальнага, непрыступнага мужчыну з рэдкімі праявамі пачуццяў, а Альма цярпела яго халоднасць, знявагу і капрызы, ствараўся фундамент для вельмі пяшчотнай сцэны на навагоднім балі, куды Рэйнальдс прыйшоў па сваю пакрыўджаную каханую.

Дагэтуль незразумела, ці было яго каханне глыбокім ад пачатку, бо карціна Андэрсана была б занадта простай, калі б распавядала пра нейкія безумоўныя пачуцці, але здаецца, што прызначаныя гісторыі перыпетыі вырашыла менавіта жанчына, прычым вельмі своеасаблівым спосабам. «Прывідная ніць» дзіўная тым, што пасля фільма з кінатэатра ты выходзіш са шчаслівай усмешкай, хоць галоўная гераіня ў ім наўмысна атручвае свайго мужчыну грыбамі. Каб ён быў слабы, пяшчотны і належаў толькі ёй.

Баюся, многія ўспрымуць гэта як лайфхак, бо ў карціне Андэрсана ён аказаўся дзейсным: Альма вырвала Рэйнальдса з рабочых будняў, павярнула распарадак гэтага дома (што Вудкак сам прызнаў у размове з сястрой) і, можа быць, эгаістычна, але атрымала патрэбны ёй эфект. Як аказалася, прыемны не ёй адной.

Пол Томас Андэрсан у сваёй манеры быццам вырваў з маналіту часу пэўны яго кусок: «Прывідная ніць» распавяла, як жанчына скіравала свае стасункі ў належны кірунак, а яшчэ паказала дом куцюр'е, прадстаўнікоў вышэйшага свету, работу над сукенкамі і яшчэ дзесяць зусім невытлумачальна звязаных з асноўнай канвой эпізодаў.

Што тут галоўнае? — напэўна, нават не Рэйнальдс Вудкак, хоць у выкананні Дэніэла Дэй-Льюіса ён шыкоўны і шыкоўны, а бляклая Альма, якая не сабрала чамадан у крыўдзе (хоць я на яе месцы, здаецца, сабрала б яго пяць разоў), а пайшла ў грыбы.

То раздражняльна халодны, то надзвычай пачуццёвы фільм з выдатным музыкальным суправаджэннем і, магчыма, апошняй роллю непараўнальнага Дэніэла Дэй-Льюіса ідзе ў мінскім пракаце. Мяркую, што з кінатэатра вы будзеце выходзіць са шчаслівай усмешкай.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Схадзіць у грыбы — захаваць каханне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».