Вы тут

Карыстацца газам бывае смяротна небяспечна


Жудасная трагедыя здарылася днямі ў Гродне: шасцікласніца ўтапілася ў ванне, атруціўшыся чадным газам. Як мяркуе следства, яна ўключыла газавы воданагравальнік у ванным пакоі і страціла прытомнасць, паколькі ў дымаходзе калонкі і вентыляцыйным канале была недастатковая цяга. Медыкі рэанімавалі вучаніцу і ў цяжкім стане прывезлі ў бальніцу, аднак выратаваць яе не ўдалося. У аўторак дзяўчынка памерла...

Праз няспраўнасць газавага абсталявання, а таксама спробы нагрэць газам памяшканне гіне значна больш людзей, чым можна ўявіць. Перш чым пакой нагрэецца да камфортнай тэмпературы, пры няспраўнай калонцы вы спаліце ўвесь кісларод у ім і незаўважна пачняце засынаць, пасля чаго ўжо не падымецеся, папярэджвае Віталь ХЛАПЯНЮК, газавік з 33-гадовым стажам працы.


— Каб нагрэць газам памяшканне, трэба, каб халоднае паветра не заходзіла ў жыллё, інакш тэмпература не будзе падымацца. Так што людзі заканапачваюць, што называецца, усе дзіркі: зачыняюць наглуха вокны, яшчэ і шчыліну пад дзвярыма чым-небудзь прыкрыюць, — сведчыць спецыяліст. — Праўда, ніхто не думае, што для гарэння аднаго кубаметра прыроднага газу — метану — трэба 9 кубоў паветра. А каб спаліўся кубаметр звадкаванага газу — прапану — увогуле зрасходуецца 20—30 м3 паветра. Зразумела, што такім чынам з памяшкання выпальваецца ўвесь кісларод і людзі задыхаюцца. Прылягуць на канапу падрамаць ды там і застаюцца.

Асабліва вераломная газавая цеплыня на дачных участках, дзе замест дома па першасці стаіць бытоўка ці вагончык, якія, здаецца, вельмі проста напаліць, уключыўшы пліту. А многія яшчэ ставяць на яе цагліны, каб тыя нагрэліся. Газ пасля выключаюць, а цэгла працягвае працаваць як печ, пакуль астывае і аддае цяпло. Калі перакрыць газ у час, яно, можа, і нічога, аднак хто ведае, дзе тая мяжа, калі нагрэтае газам паветра яшчэ смяротнае? Тым больш што ў самой пліце хаваецца яшчэ адна небяспека.

Усе пліты, што выпускаюцца нашай прамысловасцю, разлічаны на ўжыванне метану, а не звадкаванага прапану, які прадаецца ў балонах. Прапан — гэта прадукт нафты, і яго ўласцівасці значна адрозніваюцца ад характарыстык прыроднага газу. Ціск прапану (300 мм ртутнага слупка) удвая вышэйшы, чым у метану (140 мм). Пры гэтым каларыйнасць прапану ўдвая больш, чым у прыроднага газу. Пры згаранні аднаго м3 прыроднага газу выдзяляецца прыкладна 10 тысяч ккал, а пры спальванні прапану — 22—28 тысяч. Менавіта таму газам з балона ваду можна закіпяціць удвая хутчэй, чым прыродным:

— Людзі не ведаюць, што трэба мадэрнізаваць пліту і адаптаваць яе абсталяванне пад ужыванне прапану, а не метану. Зрабіць гэта проста: дастаткова дастаць з канфорак жыклёры і паставіць на іх месца танчэйшыя, з удвая меншым дыяметрам, — раіць Віталь Хлапянюк. — Аднак амаль ніхто гэтага не робіць, і полымя працягвае гарэць пры жыклёрах з шырокім дыяметрам. У выніку мы бачым жоўтыя язычкі агню, якія пры нармальным гарэнні павінны быць блакітнымі. Такім чынам не толькі псуюцца каструлі, якія хутка чарнеюць, а яшчэ і расходуецца на трэць больш газу, чым трэба. Прычым гэтыя 30 % газу не згараюць, а выходзяць у памяшканне чадным газам. Атрымліваецца, што людзі не толькі выпальваюць з памяшкання кісларод, а яшчэ і напаўняюць яго ўзамен паветра чадам, і смерць можа наступіць яшчэ хутчэй.

Застаецца толькі дадаць: паглядзіце на колер агню на сваёй пліце і паклапаціцеся, каб ён быў правільны — блакітны. Ды замест небяспечнай газавай цеплыні выбірайце лепш хай сабе і ў прахалодзе, але жыццё.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Блакітныя і жоўтыя язычкі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».