Кіраўнікі дыпмісій Вялікабрытаніі, Румыніі і Ізраіля ў Беларусі падтрымалі паэтычны флэшмоб і прачыталі вядомыя вершы беларускіх класікаў. Выбар дыпламатаў спыніўся на творах Якуба Коласа і Пімена Панчанкі, а прэзентацыя відэаролікаў адбылася ў Дзень роднай мовы. Раней да флэшмобу ў рамках праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» далучыліся іх калегі з іншых замежных місій і таксама прачыталі беларускія творы.
Па прызнанні дыпламатаў — удзельнікаў флэшмобу — праект «Чытаем па-беларуску з velcom» вельмі важны для папулярызацыі беларускай культуры, неад'емная частка якой — нацыянальная мова. А вершы — гэта ўніверсальная форма, здольная коратка і арганічна раскрыць змест, перадаць настрой, намаляваць характар і выказаць пачуцці. Таму кожны з паслоў выбраў твор, які ярка дэманструе паэтычнасць беларускай мовы.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі, спадар Віярэл Машану, прачытаў верш Якуба Коласа «Надыход зімы», які адлюстроўвае эмоцыі, уласцівыя для гэтай пары года.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль Алан Шогам абраў іншы твор Якуба Коласа — «Многа слаўненькіх куточкаў...». Дыпламат таксама пераклаў паэтычныя радкі на родную мову, і вершы беларускага класіка прагучалі і на іўрыце.
Спадарыня Фіёна Гіб, кіраўнік пасольства Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, прачытала верш Пімена Панчанкі «Мала сказаць: ненавіджу...».
На пачатку зімы вершы беларускіх аўтараў ужо прачыталі прадстаўнікі дыпмісій Швецыі, Славакіі, Чэхіі, Фінляндыі, Кыргызстана, Італіі, ЗША, Рэспублікі Карэя і Украіны. Таксама да праекта далучыліся студэнты ўсіх факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія запісалі відэа з чытаннем беларускіх твораў.
Паэтычны флэшмоб праводзіцца ў падтрымку рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў сярод вучняў 7 і 8 класаў «Чытаем па-беларуску з velcom». Удзельнікі конкурсу з усёй Беларусі даслалі 2048 відэа з чытаннем твораў са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. З лютага па красавік праходзяць рэгіянальныя фіналы конкурсу, на якіх пераможцы першага этапу выступаюць перад журы ўжывую. Рэспубліканскі фінал конкурсу адбудзецца ў маі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.