Вы тут

Прэзідэнт сустрэўся з першым намеснікам Генеральнага сакратара ААН


Не самае прыемнае адчуванне, калі над табой відавочна дамінуе адна і тая ж асоба. Ці краіна. На сучасным этапе такую аднапалярную мадэль свету ўявіць складана. З цягам часу стала фарміравацца такое светаўпарадкаванне, як шматпалярнасць, — некалькі моцных цэнтраў, якія суіснуюць, але не перашкаджаюць развівацца адзін аднаму. Праўда, да гэтага планета пакуль толькі рухаецца. Аб гэтым, а таксама аб праблемах, з якімі сутыкаецца сучаснасць, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка казаў падчас сустрэчы з першым намеснікам Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Амінай Махамед.


Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што Беларусь будзе надзейнай апорай для ААН не толькі таму, што Прэзідэнт з павагай ставіцца да яе Генсакратара Антоніу Гутэрэша, і не толькі таму, што Арганізацыя — гэта тая пляцоўка, дзе можна адкрыта, шчыра казаць пра існуючыя праблемы. «Але яшчэ і таму, што вы, мы ўсе нацэлены на ліквідацыю нераўнамернага развіцця, на ліквідацыю беднасці, на стварэнне сапраўднага шматпалярнага свету», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідар выказаў надзею, што калі-небудзь існуючы сёння шматпалярны свет будзе прадстаўлены не трыма-пяццю дзяржавамі, а ўсімі краінамі, і тады ў пэўным сэнсе кожны чалавек на планеце будзе мець права быць у яго цэнтры. І менавіта Еўропа мусіць адыграць значную ролю ў вырашэнні праблем сучаснасці.

Наша краіна зрабіла нямала і каб заслужыць такую высокую сустрэчу, і каб даказаць прыхільнасць да Мэт устойлівага развіцця. «Мы цвёрда адданыя гэтай ідэі, як і вы, таму што ўпэўнены ў тым, што прычынай усіх непарадкаў, у тым ліку самай вялікай праблемы — тэрарызму, з'яўляецца менавіта нераўнамернае развіццё дзяржаў, што параджае перш за ўсё беднасць. Мы прытрымліваемся той формулы, што дай чалавеку працу — ён ніколі не возьме ў рукі зброю», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён вітаў правядзенне ў Мінску Рэгіянальнага форуму нацыянальных каардынатараў па Мэтах устойлівага развіцця. Гэта, па яго словах, дасць магчымасць абмеркаваць асноўны напрамак дзейнасці краін ААН на найбліжэйшую перспектыву — пытанні выканання парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года.

Аміна Махамед падкрэсліла: «Ваша лідарства цяпер запатрабавана як ніколі. Лідарства і той голас за шматпалярнасць, за шматбаковае вырашэнне праблемных пытанняў, якія падымае Беларусь на міжнароднай арэне». Яна сказала, што ў сучасным свеце вельмі многа канфліктаў і яны разнастайныя — у залежнасці ад таго рэгіёна, дзе яны адбываюцца. Менавіта таму катэгарычна не хапае талерантнага стаўлення да самых розных сітуацый і праяўленняў, лічыць яна.

* * *

Рэгіянальны форум каардынатараў па Мэтах устойлівага развіцця (МУР) працягваецца два працоўныя дні: 21—22 лютага. Напярэдадні першы намеснік генеральнага сакратара ААН Аміна Махамед сустрэлася са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаілам Мясніковічам і яго намеснікам Мар'янай Шчоткінай, якая з'яўляецца нацыянальным каардынатарам па дасягненні МУР.

На сустрэчы Мар'яна Шчоткіна прапанавала стварыць глабальную базу даных перадавога вопыту дасягнення МУР. На сёння няма абагульненай інфармацыі, як розныя дзяржавы да іх рухаюцца. Беларускі бок плануе звярнуцца да Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН падчас форуму, каб яна ўзяла на сябе гэту працу. Дарэчы, міжнародныя арганізацыі праявілі цікавасць да гэтага мерапрыемства. У Мінск прыехалі выканаўчы сакратар Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН Вольга Алгаерава, прадстаўнікі ЮНІДА, ФАА, Сусветнага банка, Еўразійскай эканамічнай камісіі, ЕБРР, а таксама агенцтваў сістэмы ААН і Еўрапейскага саюза.

На Рэгіянальным форуме нацыянальных каардынатараў па дасягненні МУР Мар'яна Шчоткіна адзначыла асноўныя прыярытэты развіцця Беларусі — інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя, моладзь і ў цэлым павышэнне якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва. І гэта супадае з мэтамі Парадку дня — 2030.

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей адзначыў, што пытанні ўстойлівага развіцця маюць безумоўную каштоўнасць самі па сабе, але іх найважнейшае прызначэнне — садзейнічаць стабільнасці і ўмацаванню эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі. Рэгіянальны форум па МУР адкрывае шэраг дыскусій, прысвечаных стабільнасці і бяспецы ў рэгіёне. Так, Уладзімір Макей паведаміў, што ў маі беларускі бок правядзе вялікую канферэнцыю па пытаннях бяспекі ва Усходняй Еўропе. Гэты дыялог будзе працягнуты на сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі ў Мінску восенню. Таксама ў кастрычніку ў сталіцы пройдзе канферэнцыя па пытаннях контртэрарыстычнай тэматыкі пад эгідай АБСЕ.

Вераніка ПУСТАВІТ, Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Апора для ААН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».