Вы тут

Колькі статусаў у хатняй гаспадыні?


Сёння нямала жанчын выбіраюць статус хатняй гаспадыні. Па сваім жаданні або вымушана, яны аддаюць перавагу не прафесійнай кар'еры, а клопатам пра сям'ю і свой дом. Аднак адным такое жыццё здаецца раем, другім – сапраўдным кашмарам.


... Алена атрымала дыплом юрыста. Але па сцецыяльнасцi не працавала – яшчэ студэнткай нарадзiла сына. I ўжо шосты год, як «засела» ў статусе хатняй гаспадыні. Работу па спецыяльнасцi знайсці не можа – каму патрэбны юрыст, якi не працаваў нi дня па спецыяльнасцi?

Раней ёй падабалася наведваць розныя клубы, падарожнiчаць. А што зараз? У мужа зарплата невялiкая, грошай ледзьве хапае на жыццё. Так што нават у кіно яны рэдка ходзяць. Пра падарожжы і марыць цяпер не даводзіцца. Гаворыць, што яна пачынае проста “броснець” (русск. “плесневеть”) ад хатняй руціны. Зрываецца на мужы, на сына крычыць. Алену гэта нават палохае: можа, ёй ужо трэба лячыцца?

Сёння на Беларусі выбар (усвядомлены або вымушаны) на карысць статусу хатнія гаспадыні зрабілі больш за 120 тысяч жанчын. Колькасць хатніх гаспадынь рэзка павялічылася ў 1990-я гады, калі скараціўся рынак працы. І гэтая тэндэнцыя захоўваецца ўжо другое дзесяцігоддзе.

Рыторыка ў дачыненні да незанятых на вытворчасцi жанчын сёння даволі лагодная. Iх усяляк усхваляюць за тое, што яны нарэшце знайшлi сваё "сапраўднае прызначэнне" і сталі "сапраўднымі жанчынамі". Але на справе стаўленне да жанчын – хатніх гаспадынь – не надта паважлiвае.

Спецыялісты па сямейных адносінах вызначаюць тры тыпы хатніх гаспадынь.

Першы – жанчына-мама. Калі яна ў дэкрэтным адпачынку, то звычайна хатняй гаспадыняй становіцца вымушана. Але і пасля заканчэння дэкрэтнага нярэдка маладыя маці не могуць знайсці работу. Усё жыццё такіх жанчын засяроджваецца на выхаванні дзіцяці. Для іх дзiця становiцца цэнтрам сусвету. Такія маці не толькі імкнуцца, каб дзіця заўсёды было сытым, апранутым, але і шмат робяць для яго развіцця. I іх намаганні нярэдка не праходзяць дарма – дзеці вырастаюць людзьмі рознабакова развітымі і працавітымі.

Другі тып – жанчына-гаспадыня. У бездакорным выглядзе, так бы мовіць. Яна таксама можа быць вымушанай беспрацоўнай. Такая дама проста зацыкленая на парадку ў доме. Яна ўвесь час нешта мые, чысціць і прыбірае. На абед – тры стравы плюс дэсерт, прычым кожны дзень – усё рознае. Ці атрымлівае яна задавальненне ад свайго служэння чысціні і парадку? Гэта ўжо, што называецца, пытанне на засыпку.

Трэці тып хатніх гаспадынь – жонкі забяспечаных мужоў. Іх выбар, як правіла, усвядомлены. Або мужы робяць за іх такі выбар. Гэтыя жанчыны звычайна абыякавыя да хатніх клопатаў. Нярэдка прадастаўляюць гэтыя клопаты прыслужніцы. Дзіцем займаецца няня. А інтарэсы такой жанчыны – крамы, пакупкі, нярэдка да гэтага спісу дабаўляюцца салоны прыгажосці, фітнес, курсы па ваджэнні аўтамабіля. Так бавiць час могуць сабе дазволіць жонкі вельмі забяспечаных мужоў, але іх няшмат...

Многія лічаць статус хатняй гаспадыні прывілеяваным. Быццам бы так яно і ёсць: чым круціцца на дзвюх працах, лічыць, ці хопіць грошай да зарплаты, куды больш прыемна ўскласці гэтыя клопаты на мужа.

Але! Псіхолагі запэўніваюць, што калі чалавека змясціць у закрыты бункер, то праз тры дні ён пачне блытаць дзень і ноч. Прыкладна тое ж адбываецца з хатняй гаспадыняй праз 1,5–3 гады «сядзення» дома. Медыкі дабаўляюць яшчэ і такі факт: працягласць жыцця хатнiх гаспадынь меншая за працягласць жыцця жанчын, якiя працуюць! Да таго ж кожная пятая з хатніх гаспадынь звяртаецца да псіхатэрапеўта, і яшчэ такой жа колькасці гэтая дапамога неабходная, але яны па яе не звяртаюцца. Неўрозы і дэпрэсіі – пастаянныя спадарожнікі хатніх гаспадынь. 80 працэнтаў антыдэпрэсантаў, якія спажываюць жанчыны, прыпадаюць менавіта на долю хатніх гаспадынь!

Дэфiцыт зносін, сацыяльная iзаляванасць падрываюць здароўе хатніх гаспадынь значна больш, чым руцінная хатняя праца.

Пакутуюць і родныя, і блізкія гэтых жанчын. "Зачыненая" дома жанчына альбо пачынае разборкі з мужам, альбо ўсталёўвае над ім татальны кантроль. У любым офісе лёгка вылічыць мужчыну, у якога жонка не працуе, – звычайна яна тэлефануе яму ў сярэднім кожныя дзве гадзіны.

Псіхолагi лічаць, што для большасці людзей праца – гэта своеасаблівы будзільнік, які дыктуе рэжым, прымушае засяродзіцца на галоўным, фарміруе рытуалы, якія трымаюць нас на плаве ў перыяды хандры. А галоўнае – праца вызначае жыццёвыя мэты і дае пачуццё запатрабаванасцi ў грамадстве. У хатніх гаспадынь гэты «будзільнік» ламаецца, таму яны хутка выбіваюцца з рытму, губляюць жыццёвыя арыенціры. А муж і дзеці часта неўсвядомлена пачынаюць успрымаць жонку і маці як нейкі хатні “прыбор”, які забяспечвае іхнi камфорт: «Ад чаго ты стамілася? Ты ж дома сядзіш!»

Сярэднестатыстычная жанчына 45 гадзін на тыдзень працуе на карысць грамадства і яшчэ 50 гадзін – для дома і сям’i. Пры гэтым заробак яна атрымлівае толькі за "на карысць грамадства", у той час як хатняя праца і догляд за дзецьмі лічацца яе жаночымі абавязкамі, за якiя плаціць не варта. Ну а большасць мужоў увогуле не разумеюць, што ж такога каштоўнага ў клопатах хатняй гаспадыні.

Што замінае сёння жанчыне заняцца любімай справай, працаваць, напрыклад, дыстанцыйна, не выходзячы з дому? Тут таксама не ўсё проста. Працаваць дыстанцыйна могуць толькі вельмі валявыя людзі. Бо для таго, каб працаваць у дамашніх умовах, чалавеку трэба прыкласці на парадак больш намаганняў, чым у офісе, на вытворчасці. Не ва ўсіх хапае сілы волі такія намаганні прыкладаць. Ды і аддаленай працы ў нас не надта шмат...

Але «рэанімаваць» хатнюю гаспадыню можна. Калі, вядома, яна сама гэтага жадае. Кропкі невяртання тут не існуе. Галоўнае – успомніць пра свае інтарэсы і захапленнi, паставіць іх, як мінімум, на другое, а не на апошняе месца. Так раюць псіхолагi.

Ды і стаць паспяховай і шчаслівай хатняй гаспадыняй магчыма! У гэтую катэгорыю трапляюць самыя таленавітыя, моцныя і арганізаваныя жанчыны. Звычайна яны творча падыходзяць да выхавання дзяцей – распрацоўваюць індывідуальную методыку развіцця іх здольнасцяў, нярэдка самі пачынаюць весці розныя навучальныя курсы. Актыўныя жанчыны становяцца валанцёрамі, а калі дазваляюць фінансавыя магчымасці – ствараюць дабрачынныя фонды, клубы па інтарэсах, распрацоўваюць маршруты паходаў выхаднога дня і г.д. Адным словам, гэтак жа працуюць, толькі не за грошы, а за «iнтарэс». Галоўнае – праявіць фантазію, вынаходлівасць і цярпенне. А гэта, дарэчы, таксама навука і таксама праца! Калі яна вам даспадобы, то і вы можаце стаць паспяховай і шчаслівай хатняй гаспадыняй, не замыкаючыся ў сценах свайго дома.

Як вы лічыце, быць хатняй гаспадыняй, працаваць на сваю сям’ю – вартая павагі грамадства справа? Ці з’яўляецца гэта актуальным у звыштэхнічным ХХІ стагоддзі?

Людміла КУСЛІВАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.