Вы тут

«Народны абраннік — гэта як рака паміж двума берагамі»


Пра асаблівасці дэпутацкай дзейнасці, працу з насельніцтвам і творчы настрой.

Кацярыну Бонкіну, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Ржаўскай базавай школы, два скліканні запар выбіралі дэпутатам Слаўгарадскага раённага Савета, апошні раз яшчэ і сельскага Савета. Сёлета яна вырашыла: хопіць. У сям'і расце двое прыёмных дзяцей, хочацца больш часу прысвяціць ім. Ды і сіл грамадская справа забірае нямала. Яна ж перш за ўсё — настаўніца, рыхтуе вучняў да конкурсаў і алімпіяд, а яшчэ разам з калегамі распрацоўвае розныя ініцыятывы. Ржаўская школа хоць і невялікая, але па ініцыятыўнасці і актыўнасці педагогаў можа даць форы любой гарадской установе адукацыі.


Ка­ця­ры­на Бон­кі­на ства­ры­ла з Ржаў­кі «вёс­ку сва­ёй ма­ры».

Хацела зрабіць вёску лепшай

Дзеля гэтага і падалася ў дэпутаты — вельмі вялікім было жаданне нешта змяніць.

— Адчувала, што энергіі хапае, — усміхаецца Кацярына. — Сама я мясцовая, нарадзілася ў вёсцы Прыволле. Тут мае бацькі жывуць, браты, сёстры. Праблемы надзённыя ведала не па чутках.

Але адна справа — хацець, а іншая — дзейнічаць. Калі яе выбралі ў райсавет першы раз, нават разгубілася: а што рабіць далей? Але падчас першай сесіі ўсё стала на свае месцы. Вельмі дарэчы прыйшоўся пакет з карыснай інфармацыяй, які ёй выдалі як дэпутату-пачаткоўцу. Там яна знайшла і тэлефоны, куды звяртацца, калі будзе такая патрэба, і каардынаты, па якіх шукаць сабе «памочнікаў» у вырашэнні грамадскіх праблем. Успамінае, як моцна хвалявалася, калі ўпершыню выступала ў якасці дэпутата перад аднавяскоўцамі. І гэта пры тым, што настаўніца, і кожнага жыхара не толькі ў твар, а і па імені ведала. А потым уцягнулася ў работу. Праўда, давялося мяняць свой графік і звычкі. Ездзіць на раённыя сесіі, якія перыядычна супадалі з яе ўрокамі ў школе. Дабірацца да месца прызначэння сваім ходам, бо вельмі часта адбываліся нестыкоўкі з раскладам руху грамадскага транспарту. Ну а землякі, здавалася, вырашылі перакласці на яе плечы не толькі актуальныя для населенага пункта пытанні, але і свае асабістыя. Адна жыхарка, напрыклад, патрабавала прымусіць суседзяў яе паважаць. Ты ж, маўляў, дэпутат — павінна дапамагаць тым, хто за цябе аддаў свой голас. А яшчэ заўсёды знаходзіліся людзі, якія лічылі, што нехта павінен даглядаць могілкі іх сваякоў, наводзіць парадак каля іх падворка, фарбаваць за дзяржаўны кошт іх агароджы.

Вельмі дапамагалі ў дэпутацкай справе зносіны з больш вопытнымі калегамі: яны падказвалі, накіроўвалі, падстаўлялі плячо. Вядома, што ўсе праблемы вырашыць немагчыма, бо патрэбны вялікія грошы. Калі іх няма — на той жа асфальт — то не трэба быць экстрасэнсам, каб прадбачыць: пытанні наконт дарогі будуць узнікаць пастаянна. Калі ўдарылі маразы, пачалі замярзаць калонкі на вуліцах, даводзілася арганізоўваць іх разагрэў. Не паспелі камунальнікі ад'ехаць, як з калонкай зноў праблемы. Трэба было каардынаваць работу, накіроўваць людзей да бліжніх пунктаў з вадой.

Каб людзі не хваляваліся

Не менш адказная задача для дэпутата — данесці да насельніцтва ўсё тое, пра што гаворыцца на дэпутацкіх сесіях, растлумачыць, чаму неабходна зрабіць менавіта так, а не гэтак. Тут таксама трэба быць дыпламатам.

— Народны абраннік — гэта як рака паміж двума берагамі, — разважае Кацярына Бонкіна. — Вось, напрыклад, наш аграгарадок адносіўся да чарнобыльскай зоны, а пазалетась у студзені яго рэабілітавалі. Народ не разумеў, чаму так, пачаў хвалявацца. За нашай Ржаўкай — зона адсялення, там ніводнай вёскі няма — усе пахаваныя. Таму пыталіся людзі: калі мы знаходзімся побач з зонай адсялення, дык чаму льготы нам адмянілі? У калгаснікаў гэта адразу ж адбілася на зарплаце... Што ім на гэта было сказаць? Звярталася да дэпутата Нацыянальнага сходу Таццяны Кананчук, якая дапамагла, выказала пазіцыю дзяржавы. Аказваецца, кожны хімічны элемент мае свой перыяд паўраспаду. Для Ржаўкі час небяспекі ўжо мінуў — у адрозненне ад некаторых іншых населеных пунктаў Слаўгарадскага раёна.

З газам і інтэрнэтам

У тым, што ў аграгарадок прыйшлі газ і інтэрнэт, лічыць суразмоўніца, ёсць і яе заслуга. Калі яна ўпершыню звярнулася з пытаннем да начальніка раённага вузла электрасувязі, пачула, што іх населены пункт ёсць у планах, але пакуль няма фінансавання. Праз пэўны час зноў пайшла на прыём, але безвынікова, у адказ усё тое ж «пацярпіце». І тады дэпутат стала дзейнічаць больш рашуча — звярнулася да раённых улад, старшыні райсавета дэпутатаў, і... пытанне вырашылася. «Сёння ў нас ёсць інтэрнэт, задаволены і моладзь, і пенсіянеры», — адзначае Кацярына.

Прыйшлося пазмагацца і за газіфікацыю аграгарадка. Людзі звярталіся да Бонкінай, а яна выходзіла на тых, ад каго залежала вырашэнне пытання. Тэрміны таксама адкладваліся, як ёй тлумачылі, з-за недахопу фінансавання. Ездзіла, нагадвала, патрабавала. Калі ў раён прыехаў губернатар (на той час гэта быў Пётр Руднік), запісалася да яго на прыём. І нарэшце, як той казаў, лёд крануўся. «Калі б не звярталіся, а сядзелі склаўшы рукі, невядома, быў бы ў нас газ ці не, — кажа суразмоўніца. — Мы паспелі трапіць пад чарнобыльскую праграму, а вось зараз блакітнае паліва каштавала б вялікіх грошай».

Дарэчы, як адзначыла старшыня Слаўгарадскага райсавета дэпутатаў Вольга Бычык, у раёне газіфікавана на сёння 14 населеных пунктаў, з іх — 8 аграгарадкоў. Газавікі ставяць умовы, каб у населеным пункце было не менш за 100 двароў. А гэта ўмова не ўсюды выконваецца. У Рудні, напрыклад, дзе вельмі хочуць падключыцца да газавай трубы, няма 100 двароў. У вёсцы Міхайлоў, дзе таксама мараць пра газ, іх яшчэ менш. Абодва населеныя пункты пры гэтым адносяцца да «чарнобыльскай зоны».

Цэнтр сусвету

— Школы ў вёсках — гэта цэнтры, дзе закручваецца жыццё,— сцвярджае Кацярына Бонкіна. Новая школа ў Ржаўцы адкрылася ў 2014 годзе.

— Мы прыйшлі сюды працаваць і вырашылі вёску крыху разварушыць. На базе школы быў створаны інфармацыйна-дзелавы цэнтр па павышэнні дзелавой актыўнасці сярод сельскай супольнасці ў рамках устойлівага развіцця. Яго ўзначаліла наш нязменны лідар Галіна Ермакова. І закіпела работа: мы пісалі ініцыятывы, змагаліся за гранты — і атрымлівалі іх. Вельмі натхняла нас у нашых шуканнях дырэктар школы Галіна Пятроўна Сівакова, — адзначае Кацярына Бонкіна. — За два гады разгарнуліся па поўнай праграме.

У выніку на тэрыторыі сельсавета за кошт міжнароднай дапамогі з'явіліся дзіцячыя пляцоўкі, у Ржаўцы адкрыліся дзве аграсядзібы, былі закладзены гадавальнікі дэкаратыўных раслін.

— Я была адным з ініцыятараў праекта «Вёска маёй мары», — расказвае Кацярына Бонкіна. — Пад яго мы атрымалі грант 18 тысяч еўра. Хацелі не толькі зрабіць добраўпарадкаванне, але і матэрыяльна падтрымаць народных майстроў.

Немагчыма пераацаніць карысць ад гэтых ініцыятыў і для самой школы. Дзякуючы праектам установа атрымала шмат карыснага абсталявання — два ноўтбукі, фліпчарт, мультымедыйную ўстаноўку, фотаапарат і іншае.

Не дубліраваць адно аднаго

У аграгарадку Ржаўка жыве крыху болей за 300 чалавек. Моладзь паціху з'язджае ў горад, насельніцтва старэе. А колькасць мясцовых дэпутатаў застаецца нязменнай. Кацярына Бонкіна лічыць, што гэта няправільна.

— На вёсках працуюць старасты, дэпутаты раённага і сельскага Саветаў — навошта нас столькі? — задаецца рытарычным пытаннем яна. — Калі на той жа ліхтар няма грошай, ніводны з дэпутатаў пытанне не вырашыць. Гэта асабіста маё меркаванне, але мне здаецца, дастаткова было б старшыні сельвыканкама і дэпутата райсавета. Усяго ж дэпутатаў на аграгарадок — чатыры сваіх сельскіх плюс яшчэ адзін — райсавета. І гэта на 300 чалавек!

У райсавеце згодны з тым, што іншы раз сапраўды адбываецца дубліраванне абавязкаў і нават крыху рэгулююць становішча.

— Пры фарміраванні акруг па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання мы зрабілі на дзве акругі менш, чым было раней. Было 33, а стала 31, — адзначыла Вольга Бычык. — Гэта значыць, што ў складзе райсавета будуць працаваць ужо не 33 дэпутаты, а 31 — 17 па горадзе, 14 — па вёсцы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».