Вы тут

Аўтакрама як сацыяльны праект спажыўкааперацыі


У Малы Краснік аўтакрама прыбыла па графіку. Пасля таго як кіроўца пасігналіў, з варот бліжніх дамоў выйшлі двое мужчын. Так, на гэты раз магазін на колах наведалі толькі два пакупнікі. Адзін з іх, Мікалай Дакімовіч, быў рады выпадку пагаварыць з людзьмі. Ахвотна расказваў нам, што раней у вёсцы на 30 двароў быў статак у 45 кароў: «А цяпер ні курыцы, ні пеўня, каб хоць ранкам пабудзіць. А жыхароў засталося ўсяго чацвёра».


Кі­роў­ца Ула­дзі­мір Шэль­вах.

Свой чалавек у вёсцы

Мужчыны купілі прадуктаў (сярэдні чэк каля 10 рублёў — Аўт.) ды разышліся па хатах. Прадавец Дар'я Казаку хуценька выскачыла з гандлёвага фургона, перасела ў кабіну, кіроўца Уладзімір Шэльвах закрыў вітрыну, і крама на колах пайшла далей. Я адразу прыкінула, колькі разоў за змену Дар'і даводзіцца вось так выскокваць-заскокваць, калі на адным маршруце, такім як сёння, 19 вёсак, у некаторых з іх гандлёвая машына робіць прыпынак тры разы. Ды і абслугоўванне пакупнікоў ва ўмовах фургона — працэс нялёгкі: узяць тавар, нахіліцца да акенца, падаць, потым разлічыць пакупніка. Ад гэтых паклонаў, відаць, спіна ўвечары гудзіць. Але Дар'я не скардзіцца, кажа, што прызвычаілася і работа ёй падабаецца.

У Вялікім Красніку на першым прыпынку машыну ўжо чакалі з паўдзясятка жанчын. Стараста вёскі Аляксандра Шарашовец сказала, што работай свайго перасоўнага гандлёвага пункта вяскоўцы задаволеныя. «Прадавец наша прыветлівая, усё, што просім, прывозіць». Старасту падтрымалі і іншыя. Антаніна Несцераўна Васіленка сказала, што сама адпрацавала ў сельскім гандлі больш за 30 гадоў, таму можа ацаніць работу калегі з веданнем справы. «Вось мне яна мазь для націрання прывезла. Гэта ж не яе работа — бегаць па аптэках у свой вольны час. Але ж каго нам папрасіць тыя лекі даставіць хутка, калі дзеці жывуць далёка? Значыць, Дар'я — сапраўдны работнік сельскага гандлю, добры і чулы».

Ганна Курыловіч, былая даярка, адзначыла такую якасць свайго прадаўца, як цярплівасць: «Тут жа ўсе старыя, не вельмі здаровыя, часам нястрыманыя. А яна ніколі голас не павысіць, усё па-добраму, з гумарам, з аптымізмам. Таму і хадзіць хочацца ды купляць».

У Вя­лі­кім  Крас­ні­ку.

У Вялікім Красніку аўтакрама робіць прыпынак тройчы. Потым разварочваецца і бярэ курс на наступны населены пункт. Усюды трэба паспець па графіку, бо на кожным яе прыпынку вісіць расклад прыбыцця. Дар'я Казаку расказала, што ўжо ўзяла для рэалізацыі штучныя кветкі, а таксама насенне, якое пачынаюць высяваць на расаду. Прадукты вяскоўцы купляюць самыя розныя. Апошнім часам папулярнасцю карыстаюцца паўфабрыкаты: катлеты, галубцы, каўбаскі свойскія, студзень у кантэйнерах. Сельскія жыхары купляюць і сала, а раней гэты прадукт у кожнага быў свой. Ну і традыцыйны набор: малако, хлеб, крупы.

Яшчэ цікава было назіраць, як пакупнікі заказваюць тавар. Напрыклад: «Даша, унучка-першакласніца на канікулы прыехала, дай каўбаскі такой, каб малая ела, і ёгурт для яе!» Альбо: «Батон сёння дай смачнейшы». І прадавец падае менавіта той прадукт, які патрабуецца.

Першы намеснік старшыні праўлення Пружанскага райспажыўтаварыства Ларыса Жуковіч, з якой мы суправаджалі аўтакраму, расказала, што на гэтым маршруце ў 19 вёсках пражываюць 660 чалавек.

— Аўтакрама даўно стала сацыяльным праектам сістэмы спажыўкааперацыі. Ніводная іншая служба не бывае два, а то і тры разы ў самай маленькай, самай аддаленай вёсцы. Таму і прывозяць нашы прадаўцы і мазі, і таблеткі, і ўсё, што просяць пакупнікі. Прадаўцоў усе ведаюць, і яны ведаюць сваіх пакупнікоў. Аднойчы мы вось так прыехалі ў вёску, каб праверыць работу аўтамагазіна, а бабулькі прадаўцу прыносяць гарачыя дранікі ў місачцы: «Ты ж цэлы дзень на колах, хоць перакусі». Было вельмі прыемна, нават кранальна. А сёлета перад Новым годам усім нашым пакупнікам, дзе ў вёсцы засталося менш за тры чалавекі, мы прывезлі навагоднія падарункі. Адзін дзядок нават абдымаць нас стаў, дзякаваць за ўвагу, — успамінае Ларыса Жуковіч.

Адкуль стратнасць

Старшыня Пружанскага раённага спажывецкага таварыства Дзмітрый КАРПЕЙ спачатку прыводзіць некалькі лічбаў:

— У Пружанскім раёне 245 населеных пунктаў, з іх 141 абслугоўваецца аўтакрамай. Колькасць аўтакрам змяншацца не будзе, хутчэй, наадварот, будзе расці. Бо кожны год насельніцтва раёна скарачаецца прыкладна на адну тысячу чалавек, большасць з іх — вяскоўцы. Акрамя таго, многіх пажылых жыхароў вёскі забіраюць гарадскія дзеці. Для нас гэта азначае закрыццё сельскіх магазінаў. Нагадаю, паводле сацыяльных стандартаў, можна пераводзіць на абслугоўванне аўтакрамай тыя вёскі, дзе менш за 200 чалавек. Але ў сваім раёне мы ставім пытанне аб закрыцці магазіна, калі застаецца значна менш за сотню жыхароў. І ёсць нагода палічыць страты. Крама ў вёсцы, як і гарадская, патрабуе персаналу, кругласутачнага расходу электраэнергіі для халадзільнага абсталявання, ацяплення, асвятлення, строгага выканання санітарна-гігіенічных нормаў.

Сёння аўтамагазін — таксама стратны праект, але ў меншай ступені, чым пастаянны гандлёвы пункт. І калі раней страты ад гандлю на колах мы кампенсавалі прыбыткам, які атрымлівалі ў горадзе, цяпер гэта рабіць больш складана.

Паглядзіце на наш райцэнтр! Тут прадстаўлены амаль усе вядомыя гандлёвыя фірмы. Наогул, ёсць такая інфармацыя, што па колькасці гандлёвых плошчаў на 1000 чалавек насельніцтва наша краіна ўжо перагнала Парыж. А вясковых жыхароў па-ранейшаму абслугоўвае толькі спажыўкааперацыя.

— Але ж некаторыя гандлёвыя фірмы заяўляюць аб сваёй гатоўнасці прыйсці ў вёску менавіта са сваімі аўтамагазінамі.

— Мы ўжо сто разоў упэўніліся, што гэта толькі словы, — працягвае Дзмітрый Карпей. — «Сельскай мясцовасцю» яны называюць буйныя прыгарадныя вёскі і аграгарадкі. Ніхто з іх не разглядае магчымасць абслугоўваць населены пункт за 40 кіламетраў ад горада, дзе засталося трое жыхароў, якія купляюць хлеб ды малако.

А ў нас для зручнасці сельскіх жыхароў на лінію штодня выходзяць восем аўтамагазінаў. Плануем купіць дзявяты. У кожнага з прадаўцоў даволі складаная работа. Гэта, па-першае, матэрыяльная адказнасць, па-другое, рабочая змена з ранку да вечара, дадайце сюды асаблівыя ўмовы працы. Таму супрацоўніку трэба забяспечыць дастойную зарплату, за іншую людзі проста не пойдуць працаваць. Па выніках мінулага года сярэдняя зарплата прадаўца нашых аўтакрам перавысіла 900 рублёў. І самае галоўнае — пакупнікі задаволеныя абслугоўваннем.

Да­р'я Ка­за­ку.

Асаблівасці гандлю

Дзмітрый Пятровіч расказаў нядаўнюю гісторыю, што адбылася ў вёсцы Ялова. Там пражывае каля 70 чалавек, туды прыехалі праводзіць сход аб закрыцці сельскай крамы. Прадавец выйшла на пенсію, не выявіла жадання працаваць далей, а чалавека на яе месца знайсці не ўдалося. Вядома, рэакцыя людзей спачатку была вельмі негатыўнай. Ды і не дзіва, бо апошні сацыяльны аб'ект прыехалі закрываць. Але ж нідзе не дзенешся, закрылі. Пусцілі аўтакраму. А праз паўгода знайшлася жанчына на месца прадаўца, аб'явілі аб адкрыцці ранейшага гандлёвага пункта. Толькі людзі... рашуча выказаліся супраць. Аўтакрама робіць тры прыпынкі ў названай вёсцы, такім чынам, прадукты многім падвозяць пад хату. І пажылыя вяскоўцы не пажадалі нічога мяняць.

Яшчэ адзін выпадак з практыкі гандлю на колах, які дэманструе асаблівасці работы. Дзмітрыю Карпею патэлефанаваў старшыня аднаго з сельскіх Саветаў. Маўляў, вяскоўцы скардзяцца, што аўтакрама не абслужыла палову вёскі і пайшла далей. Пакуль звязаліся з прадаўцом, машына была ўжо за 15 кіламетраў ад дадзенага пункта. Загадалі вярнуцца. Аказалася, што адзін пакупнік забыўся бутэльку віна купіць. Цяпер там смяюцца: «Для цябе — персанальная дастаўка». Для вёскі жарт, а для рабочай змены канкрэтнага аўтамагазіна — сарваны графік, які паўплываў на якасць абслугоўвання іншых.

На шчасце, такія казусы здараюцца не часта. «А для аддаленых, невялікіх вёсак асабліва па вясновым ці асеннім бездарожжы, наш прыезд ледзь не адзіная сувязь са светам», — гавораць работнікі спажыўкааперацыі. Апошняе можа засведчыць і аўтар гэтых радкоў. Не раз за апошнія гады даводзілася пісаць пра адзіных жыхароў асобных вёсак. Каля іх падворкаў абавязкова вісіць расклад прыезду аўтакрамы.

Як паведаміў старшыня праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза Леанід ЯНКОВІЧ, на 1 студзеня гандлёвае абслугоўванне 1239 населеных пунктаў, у тым ліку 1079 тых, што не маюць стацыянарнага гандлёвага пункта, ажыццяўляецца 75 аўтакрамамі аблспажыўсаюза. На працягу населеных пунктаў аўтамагазіны робяць ад двух да шасці прыпынкаў.

Фургоны аўтамагазінаў аснашчаны халадзільным абсталяваннем нізка- і сярэднетэмпературнага рэжыму захоўвання тавараў з аўтаномнымі крыніцамі сілкавання (генератарамі), бакавымі вітрынамі для выкладкі тавараў. Плацежнымі тэрміналамі аснашчаны 40 аўтамагазінаў.

У названых гандлёвых пунктах рэалізуецца асартымент харчовых і нехарчовых тавараў. Акрамя таго, у аўтамагазінах праводзіцца продаж тавараў па папярэдніх заказах насельніцтва.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: З малога Красніка — у Вялікі і яшчэ ў 17 вёсак за дзень

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».