Вы тут

Гандаль на вёсцы: ці будуць улічаныя інтарэсы сельскіх жыхароў?


Абслугоўванне насельніцтва сельскай мясцовасці патрабуе асобнай увагі ва ўмовах абвастрэння канкурэнцыі ў гандлі ў раённых цэнтрах. Да такой высновы прыйшлі прадстаўнікі Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі і праўлення Белкаапсаюза падчас выязнога пасяджэння ў Паставах, падрыхтаванага Пастаяннай камісіяй Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. У цэлым, па словах старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча, абслугоўванне вяскоўцаў патрабуе комплекснага падыходу.


Рынак свабодны, але ўмовы няроўныя

Белкаапсаюз — адна з найбуйнейшых арганізацый, якая займаецца гандлем на вёсцы, нарыхтоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі, аказвае шэраг паслуг і пры гэтым арыентуецца на экспарт. Яна займаецца абслугоўваннем насельніцтва на працягу доўгага часу і мае шэраг традыцыйных кірункаў. Разам з тым у спажыўкааперацыі сёння ёсць некаторыя складанасці з канкурэнтамі. Гаворка ідзе не пра тое, што арганізацыя канкурыраваць не ўмее, а хутчэй пра тое, што працаваць па-старому ў новых рынкавых умовах не атрымаецца.

— Пытанне разглядаецца не толькі з пункту гледжання гандлю. Гаворка ідзе і аб закупках лішкаў сельгаспрадукцыі ў насельніцтва, перапрацоўцы гэтай прадукцыі, аказанні бытавых паслуг. Гандаль пры ўсіх складанасцях — самая прыбытковая частка. Усё трэба разглядаць комплексна, — падкрэсліў падчас пасяджэння Міхаіл Мясніковіч. Паводле яго слоў, у гандлёвым абслугоўванні сельскага насельніцтва намецілася сур'ёзная канкурэнцыя. На вёску прыходзяць сеткавыя гандлёвыя кампаніі, замежныя індывідуальныя прадпрымальнікі.

— Акрамя таго, мы не супраць, каб і нашы партнёры па ЕАЭС гандлявалі з намі... На жаль, буйныя кампаніі арыентуюцца на насельніцтва, якое мае больш высокія даходы і сканцэнтравана ў раённых цэнтрах, — дадаў спікер Савета Рэспублікі. Вось і атрымліваецца, што далёкім вёскам, дзе пражывае некалькі пенсіянераў, пакупкі якіх могуць каштаваць менш за кубак кавы ў цэнтры сталіцы, удзяляць увагу яны не гатовыя. Пры гэтым для дзяржавы інтарэсы сельскіх грамадзян застаюцца вельмі важнымі. «Прыход прыватных кампаній на рынак не павінен стварыць умовы, у якіх бы вяскоўцы заставаліся адны са сваімі праблемамі. Людзі не павінны быць забытыя і для іх важна стварыць усе ўмовы», — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Вызначыць сацыяльныя кірункі

З усіх неселеных пунктаў, якія абслугоўвае Белкаапсаюз ў Віцебскай вобласці, 18% маюць колькасць насельніцтва менш за 10 чалавек. І гэта вялікая нагрузка на Белкаапсаюз. Арганізацыя ў страту сабе выконвае сацыяльную функцыю па забеспячэнні насельніцтва. Выкарыстоўваюць аўтамагазіны, але па асобных напрамках іх «плячо дастаўкі» перавышае 70 км. Акрамя гэтага, супрацоўнікі спажыўкааперацыі аказваюць усе спецыфічныя паслугі, якія патрэбны сельскаму насельніцтву. У асобных рэгіёнах удзельная вага Белкаапсаюза ў тавараабароце складае звыш 50—60 %. Ім даюць ільготы па падатках, дапамагаюць па продажы незапатрабаванай маёмасці, уключаюць у шэраг праграм аблвыканкама. Але з улікам дэмаграфічнай сітуацыі і эканамічных момантаў патрэбкааперацыя Віцебскай вобласці адчувае складанасці. «За апошнія тры гады тэмпы рознічнага тавараабароту скараціліся практычна на 30 %. У асобных рэгіёнах удзельная вага скарацілася з 50 % да 10 % з-за надыходу канкурэнтаў. Маюць места сур'ёзныя страты — з-за сацыяльных функцый. Такім чынам, сродкаў на стварэнне сучасных крамаў няшмат: нарошчваюцца даўгавыя абавязацельствы, няма магчымасці прыцягваць крэдыты на мадэрнізацыю», — растлумачыла старшыня камітэта па эканоміцы Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна.

Варта таксама адзначыць, што зніжаецца і ўзровень нарыхтоўкі прадукцыі сельскай гаспадаркі. Людзі сёння менш займаюцца сваёй падсобнай гаспадаркай, а гэта адзін з асноўных артыкулаў продажаў у крамах Белкаапсаюза. Менавіта па сельскай прадукцыі арганізацыя застаецца найбольш канкурэнтнай. У сваіх крамах яна прадае яе па зручнай для ўсіх цане.

Удзельнікі пасяджэння выказвалі меркаванне, што дзяржаве неабходна часткова кампенсаваць выдаткі спажыўкааперацыі, звязаныя з абслугоўваннем насельніцтва ў аддаленых і маланаселеных вёсках. Датацыя такога ўзроўню некалькі «разгрузіць» арганізацыю ад выдаткаў і дасць магчымасць працаваць больш эфектыўна.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Папкоў, станоўча ацаніўшы работу спажыўкааперацыі ў раёне, падкрэсліў: неабходна шукаць магчымасці, каб яна больш гандлявала беларускімі прадуктамі.

«Спажыўкааперацыя павінна стаць пасярэднікам паміж вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі і рынкам. Трэба наладжваць цэхі перапрацоўкі, ствараць новыя працоўныя месцы, памяншаць кошт вырабленай прадукцыі», — адзначыў Аляксандр Папкоў.

Падчас візіту ўдзельнікі наведалі і ацанілі гандлёвыя аб'екты і прамыслова-перапрацоўчы комплекс Пастаўскага раёна, абмеркавалі развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемстваў спажыўкааперацыі, іх мадэрнізацыю і тэхнічнае пераўзбраенне.

— Прэзідэнт краіны ўжо прыняў цэлы шэраг дакументаў, накіраваных на разняволенне прадпрымальніцтва. Дэкрэты № 1 і № 7 з'яўляюцца базавымі дакументамі, якія дазваляюць казаць аб новых напрамках эканамічнага развіцця нашай краіны. Бягучы год з'яўляецца трэцім у пяцігодцы. Ён шмат у чым вызначальны, і мы павінны мабілізаваць усе сілы на павышэнне дабрабыту насельніцтва, — рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Гандаль на вёсцы...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.