Вы тут

Прыватнікі бачаць перспектывы ў аб'яднанні намаганняў


Прадстаўнікі бізнесу не лічаць, што формула «працуем толькі там, дзе выгадна» падыходзіць да ўсіх сітуацый. Па словах аперацыйнага дырэктара гандлёвай сеткі «Еўраопт» Уладлена Атрошкіна, прыватныя кампаніі гатовы сёння займацца сацыяльнымі кірункамі.


Названая гандлёвая сетка з'яўляецца адным з найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў краіны і ўжо мае добры досвед працы з анлайн-гандлем. Прычым «Еўраопт» — адна з нямногіх сетак, якая займаецца дастаўкай прадуктаў харчавання праз інтэрнет на большай частцы тэрыторыі краіны і робіць гэта сабе ў плюс. «Дастаўка таксама выступае сацыяльным праектам, бо мы дапамагаем у тым ліку і людзям з абмежаванымі магчымасцямі», — дадаў Уладлен Атрошкін. «Еўраопт» сёння мае 21 краму ў сельскіх населеных пунктах з колькасцю жыхароў ад 470 да 1800, ёсць свае аўтакрамы. «Бізнес на вёсцы можа быць прыбытковы, альбо мець хоць бы мінімальную рэнтабельнасць. Кожны маршрут аўтакрамы можа прыносіць грошы. Стратныя напрамкі таксама не выключаны, але ў цэлым на значнай тэрыторыі будзе адбывацца кампенсацыя стратаў, таму і бізнес тут рабіць можна», — адзначае аперацыйны дырэктар.

На яго думку, з прычыны недастатковай канкурэнцыі і вялікіх выдаткаў на інфраструктуру, якая патрабуецца, каб абслугоўваць населеныя пункты, жыхары вёсак часта адчуваюць нязручнасці. Цана на тую ж прадукцыю, што і ў гарадскіх крамах, можа адрознівацца, а асартымент — быць меншым. Пры гэтым ён лічыць, што гандаль у сельскай мясцовасці — гэта пытанне тэхналогій, інвестыцый і сацыяльнай адказнасці. Пры правільным разліку яго можна зрабіць максімальна зручным для грамадзян.

«Мы пачалі актыўную кампанію па перамовах з уладамі на мясцовым узроўні, са спажывецкай кааперацыяй, і прыйшлі да таго, што ўжо практычна прапрацоўваем праект па развіцці гандлёвых сетак у Аршанскім і Барысаўскім раёнах — і ў вёсках, і ў буйных гарадах», — расказаў Уладлен Атрошкін.

Ён лічыць, што аб'яднанне намаганняў, кааперацыя прыватнага бізнесу і Белкаапсаюза цалкам магчымыя, асабліва там, дзе ніша застаецца свабоднай. Якраз у двух названых раёнах Белкаапсаюзу сёння працаваць не зусім зручна, а «Еўраопт» здольны заняць гэтую нішу. «Мы разумеем, што сельскі жыхар можа атрымаць добрыя прадукты па зручных цэнах. Узровень сэрвісу будзе не горшы, чым для гарадскіх жыхароў. Не сакрэт, што коштавая дыстанцыя паміж прапановай у сталіцы і ў вёсцы ёсць, і пытанне заключаецца ў тым, каб яе скараціць. Пры падтрымцы ўладаў мы здольныя рэалізаваць такі праект. Сёлета плануецца адкрыць каля 200 магазінаў дробнага фармату. Заняць тыя нішы, дзе кааперацыя не спраўляецца», — растлумачыў прадстаўнік «Еўраопта».

У сваю чаргу старшыня савета дырэктараў кампаніі «Тытунь-інвест» Павел Тапузідзіс таксама лічыць, што жорсткая канкурэнцыя не з'яўляецца найлепшым выйсцем для гандлю. Бо яна прадугледжвае, што прыйдзе лепшы прадавец і зойме ўсе нішы, «пасунуўшы» з месца тых, хто не паспеў адаптавацца пад патрэбы грамадзян.

«Мы мала гаворым пра тое, што трэба супрацоўнічаць. Прыватнікі сапраўды выбудоўваюць гандлёвыя сеткі, арыентуючыся на буйныя гарады. Але чарга даходзіць і да малых населеных пунктаў. Мы паэтапна да гэтага прыходзім. Нельга падлічваць прыбытковасць і стратнасць канкрэтнай крамы, калі яна з'яўляецца часткай стратэгіі. У нас у чымсьці розны падыход у будаўніцтве крамаў і асартыменце, але людзей трэба прыцягваць умовамі і якасцю. Не варта забываць, што канкурэнцыю дзесьці можна замяніць на партнёрства», — дадаў Павел Тапузідзіс. На яго думку, прыватныя кампаніі таксама робяць немалы ўнёсак у развіццё раёнаў, ствараюць магчымасці для атрымання неабходных паслуг. Гэта таксама з'яўляецца сацыяльнай скіраванасцю. Пры гэтым ён лічыць, што спосабаў работы з насельніцтвам вёсак сёння нямала, важна пры гэтым кааперавацца з іншымі гульцамі рынку. У якасці прыкладу Павел Тапузідзіс прывёў праект па комплексным гандлёвым абслугоўванні насельніцтва ў сельскай мясцовасці, які «Тытунь-інвест» рэалізуе ў Шклоўскім раёне сумесна з Белкаапсаюзам. Праект прадугледжвае ўзвядзенне вялікага супермаркета плошчай каля 3 тыс. кв. м, а таксама будаўніцтва або замену каля 13 крамаў у аграгарадках. Чакаецца, што супермаркет у Шклове здадуць летам 2018 года. У выпадку паспяховай рэалізацыі гэтага праекта аналагічную схему можна будзе ў далейшым выкарыстоўваць па ўсёй краіне.

Павел Тапузідзіс адзначыў, што ў Белкаапсаюза ёсць добры досвед па рабоце з насельніцтвам у сельскай мясцовасці. Аб'яднаўшы намаганні, можна пераняць адпаведныя напрацоўкі і выбудаваць стратэгію па паляпшэнні работы з вяскоўцамі — як па сэрвісе, так і па цэнавай палітыцы.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Не канкурэнцыяй адзінай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».