20 Чэрвень, серада

Вы тут

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам


Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой

Як удаецца захоўваць ваенны нейтралiтэт, а таксама якiм бачыцца далейшае будаўнiцтва i развiццё армii, напярэдаднi Дня абаронцаў Айчыны i Узброеных Сiл Рэспублiкi Беларусь карэспандэнту «Звязды» расказаў мiнiстр абароны генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ.


Фота Уладзіміра Блінова.

— Андрэй Аляксеевiч, беларуская армiя i газета «Звязда» — амаль равеснiкi: свой векавы юбiлей грамадска-палiтычнае выданне адзначыла ў жнiўнi. У дачыненнi да Узброеных Сiл, што стаiць за гэтай прыгожай лiчбай, якой вымяраецца не адна эпоха?

— Гэта сур'ёзная дата асэнсаванага гiстарычнага перыяду. Створаная ў 1918 годзе Рабоча-Сялянская Чырвоная Армiя ў тых вельмi складаных, магчыма, жорсткiх, умовах пачатку XX стагоддзя па вялiкiм рахунку абаранiла i захавала беларусаў. У 1939 годзе яна ж уз'яднала Беларусь у адзiную дзяржаву. А калi пачалася «халодная вайна», i былыя саюзнiкi сталi галоўнымi ворагамi, яе пераемнiца, Савецкая Армiя, вытрымала парытэт i не дапусцiла ядзернай вайны.

У склад Савецкай Армii ўваходзiла i Чырванасцяжная Беларуская ваенная акруга, якая мела шматлiкiя традыцыi, заўсёды выпрабоўвала новыя вiды ўзбраення, прымала актыўны ўдзел ва ўсiх маштабных вучэннях Савецкага Саюза i краiн Варшаўскага дагавора. Падзеi мiнулых гадоў, якiя адбылiся з вырашальнай роляй тагачасных Узброеных Сiл, дазволiлi нам мець суверэнную дзяржаву, мiр над галавой i стабiльнасць, якiя сёння з'яўляюцца самымi галоўнымi каштоўнасцямi беларускага народа. Але свет не становiцца спакайнейшым: у больш як 400 кропках адбываюцца канфлiкты з прымяненнем зброi. Таму перад пакаленнем, якое цяпер служыць ва Узброеных Сiлах, стаiць не менш важная задача — працягваючы традыцыi папярэднiкаў, бездакорна забяспечваць ваенную бяспеку сваёй краiны.

— Беларуская армiя развiваецца iмклiвымi тэмпамi. На ўзбраенне паступае новая тэхнiка, у тым лiку айчыннай вытворчасцi, мадэрнiзуецца тое, што ёсць. Гэта «гонка ўзбраенняў» цi такая пазiцыя — лепш кармiць сваё войска, чым чужое?

— Казаць пра тое, што мы ўключаемся ў «гонку ўзбраенняў», якая назiраецца памiж тымi ж ЗША i Расiяй, НАТА i Расiяй, я не магу. Так, мы пераўзбройваем армiю, але па меры магчымасцяў i патрэбы: што стратэгiчна неабходна цяпер. Патэнцыйны працiўнiк яшчэ падумае, цi варта яму звязвацца з дзяржавай, у якой ёсць тое, што можа на яго сур'ёзна паўздзейнiчаць. Рэактыўная сiстэма залпавага агню «Паланэз», якую мы прынялi на ўзбраенне, з'яўляецца важкiм аргументам пры выкананнi баявых задач. Добра разумеючы, што хтосьці наўрад цi парушыць нашы межы на танку, развiваем сiстэмы разведкi паветранага працiўнiка i процiпаветранай абароны. Набываем радыёлакацыйныя станцыi айчыннай вытворчасцi «Раса-РБ» i «Усход-Д», расiйскiя «Працiўнiк-Г», «Сопка» i «Падлёт», атрымалi ад Расiйскай Федэрацыi чатыры дывiзiёны «С-300», папаўняем свой арсенал новымi зенiтна-ракетнымi комплексамi «Тор-М2», якiя лiчацца найлепшымi ў сваiм класе. Сёлета закупiм пятую батарэю, якая ўвойдзе ў склад сфармiраванага зенiтна-ракетнага палка. Мы кажам пра тое, што неабходна мець мабiльны высокападрыхтаваны кампанент Узброеных Сiл, якi мог бы iмгненна выканаць задачу, таму развiваем сiлы неадкладнага рэагавання, у тым лiку сiлы спецыяльных аперацый. Для таго каб павысiць агнявую моц апошнiх, набылi сiстэму 2Б23 «Нона», што да мая дазволiць сфармiраваць у дэсантных брыгадах два дывiзiёны. Сiлы неадкладнага рэагавання, механiзаваныя i танкавыя батальёны — тут мы iдзём па кiрунку абароны асабовага складу: гэта сучасныя бронекамiзэлькi, шлемы, iншыя элементы экiпiроўкi. У танкавых войсках мадэрнiзуем танкi да ўзроўню БМ-3, для сiл спецыяльных аперацый — БТР-70, iдзём па шляху вытворчасцi i прыняцця на ўзбраенне нашых лёгкабранiраваных аўтамабiляў тыпу «Кайман» i «V-1». Мы ўжо набылi восем самалётаў «Як-130», заключылi кантракт на пастаўку яшчэ чатырох, а таксама 12 самалётаў «Су-30СМ». Гэта шматфункцыянальны самалёт (i штурмавiк, i знiшчальнiк, i бамбардзiроўшчык), якi паказаў сябе з самага лепшага боку падчас баявых дзеянняў у Сiрыi. Некаторыя крытыкi кажуць, што ён дарагi. Можна набыць iншы, але ён будзе выконваць адну функцыю, а нам патрэбна тры. Зразумела, лiшнiх грошай няма, але ў фiнансаваннi беларускай армii адмаўляць нельга. У якiм аб'ёме — будзем ацэньваць абстаноўку.

— Падчас пасяджэння Савета бяспекi кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што сёння важна не толькi мадэрнiзаваць Узброеныя Сiлы, а i прыстасоўваць iх да магчымых баявых дзеянняў...

— Працэс будаўнiцтва i развiцця Узброеных Сiл бясконцы. Дзякуй кiраўнiку дзяржавы, што асабiста ўдзельнiчае ў iм, асаблiва гэта датычыцца пытанняў пераўзбраення i мадэрнiзацыi. Узброеныя Сiлы — гэта ж не толькi арганiзм, якi пастаянна развiваецца i нечага дасягае. Мы павiнны дзейнiчаць ва ўмовах тых выклiкаў i пагроз, якiя iснуюць на гэты момант. Калi сёння ёсць верагоднасць гiбрыднай вайны (размытых баявых дзеянняў), то ўжо цяпер мы павiнны быць да яе гатовымi.

— Улiчваючы нестабiльную абстаноўку ў свеце, як нам удаецца заставацца своеасаблiвым востравам бяспекi па меншай меры ў Еўропе?

— У якой яшчэ постсавецкай дзяржаве, акрамя Беларусi, за час сваёй незалежнасцi не было ўзрушэнняў са стральбой, вайной i ўсiм астатнiм? Гэта таксама свайго роду дасягненне. I Прэзiдэнта нашай краiны, i Узброеных Сiл, i ўсяго беларускага народа, якi настолькi напакутаваўся за сваю гiсторыю, што мiр на нашай зямлi ўзводзiць да найвышэйшай каштоўнасцi.

— Вайскоўцы, якiя служаць не першы год, шчыра прызнаюцца: таго, што адбываецца ў развiццi армейскай iнфраструктуры апошнiм часам, не бачылi за ўсю службу...

— Гаспадарка ў нас даволi вялiкая: ва Узброеных Сiлах 312 «арганiзмаў» — злучэнняў, аб'яднанняў, воiнскiх часцей, падраздзяленняў, устаноў, арганiзацый. I ў кожнага ёсць свая маёмасць: пачынаючы ад пяцi-шасцi будынкаў, заканчваючы ваеннымi гарадкамi з сотнямi пабудоў. Вядома, усё гэта трэба патрымлiваць у належным выглядзе. I ў гэтым нам дапамагае Дзяржаўная праграма ўладкавання ваенных гарадкоў, куды ўключаны чатыры армейскiя «арганiзмы»: 19-я i 120-я механiзаваныя брыгады, уладкаванне якiх мы ўжо завяршылi, працягнецца добраўпарадкаванне 72-га аб'яднанага навучальнага цэнтра i Ваеннай акадэмii. Ёсць патрэба прадоўжыць гэтую праграму яшчэ на пяць гадоў. Звычайны салдат пасля выканання службовых задач хоча памыцца, схадзiць у лазню, адпачыць. Магчыма, у эканом-варыянце, але мы максiмальна iмкнёмся гэтыя ўмовы стварыць. Што датычыцца афiцэраў, прапаршчыкаў i ваеннаслужачых па кантракце, якiя жывуць у ваенных гарадках, яны маюць патрэбу ў даху над галавой. Летась мы ўвялi ў строй два жылыя дамы на 290 кватэр. Дзякуючы кiраўнiцтву Вiцебскай вобласцi ўдалося правесцi рамонт у 70-кватэрным доме ў ваенным гарадку Заслонава, якi стаяў закансерваваны шмат гадоў. Цяпер там жывуць афiцэрскiя сем'i. Сёлета ў рознай стадыi пабудовы знаходзяцца чатыры жыллёва-будаўнiчыя спажывецкiя кааператывы на 990 кватэр для ваеннаслужачых. Узводзiцца ваенны гарадок у Астраўцы, куды мы перадыслакуем зенiтна-ракетны полк з Баранавiч. На чалавека, якi носiць пагоны, ускладзена задача пераносiць цяжкасцi ваеннай службы, усё астатняе мы павiнны яму забяспечыць.

Фота Сяргея Нікановіча.

— Андрэй Аляксеевiч, не будзем хаваць: у армii сёння вялiкiх грошай не заробiш, ды i абарона Радзiмы нi ў якiя часы не была справай прыбытку. Тым не менш цi прадугледжаны пэўныя матэрыяльныя заахвочваннi для тых, хто хоча звязаць сваё жыццё з войскам?

— Галоўнай матывацыяй пайсцi служыць для майго пакалення быў патрыятызм. Цяперашняе пакаленне больш прагматычнае, а гэта не вельмi добра для Радзiмы. Афiцэры iдуць у войска добраахвотна. Нават сувораўскае вучылiшча ў нас дае «свабодны» дыплом: хоча юнак стаць гiсторыкам — паступае ў БДУ, жадае насiць пагоны — у Ваенную акадэмiю або ў ВНУ iншых сiлавых структур, нават за межамi нашай краiны. Салдат жа тэрмiновай службы трапляе ў войска не па сваёй волi: згодна з Канстытуцыяй, гэта яго святы абавязак. У той час, пакуль ён атрымлiвае ваенна-ўлiковую спецыяльнасць, якая спатрэбiцца тады, калi ён будзе абавязаны стаць на абарону краiны, цывiльны чалавек выхоўвае дзяцей, сваёй дзейнасцю прыносiць дзяржаве карысць, плацiць падатак. Здаецца, i першы мае рацыю, i другi, але як матываваць салдата? Не першы год мы займаемся гэтай праблемай. Чалавек, якi адслужыў тэрмiновую службу, павiнен мець пэўныя прывiлеi: пры паступленнi ў навучальныя ўстановы, пры атрыманнi пакоя ў iнтэрнаце, пры паступленнi на дзяржаўную службу ў параўнаннi з асобамi, якiя не былi ў войску.

— Афiцэрская служба прываблiвае многiх, але не кожнаму па сiлах. Хто паўплываў асабiста на ваш прафесiйны выбар?

— Мая мацi. Я з самага дзяцiнства захапляўся зброяй, нават канструяваў самаробную. Аднойчы, прыбiраючыся ў пакоi, мама пачула па радыё, што ў Мiнскае сувораўскае ваеннае вучылiшча праводзiцца набор. Яна настолькi заразiлася гэтай iдэяй, што спытала, цi не хачу я паспрабаваць туды паступiць. Я пагадзiўся. Так i трапiў з вясковай школы ў сталiцу. Спачатку было цяжка. Гарадскiя хлопчыкi былi больш шустрыя, падрыхтаваныя, але ўжо другую чвэрць я скончыў на «выдатна». За тое, што стаў вайскоўцам, удзячны сваёй матулi. Бацька доўгi час не мог з гэтым змiрыцца. У яго была мара, каб сын працаваў ветурачом, прычым галоўным у раёне. Атрымалася не па яго... Калi я вучыўся на камандна-штабным факультэце Ваеннай акадэмii, дзесьцi за тры месяцы да сваёй смерцi ён сказаў: «Сынок, я так табой ганаруся...»

— Андрэй Аляксеевiч, вы нiколi не хаваеце, што нарадзiлiся ў вёсцы. У якой сям'i з'явiўся на свет будучы генерал?

— У самай звычайнай, сялянскай. Маё дзяцiнства прайшло на Вiцебшчыне, у вёсцы Равякi, што ў Бешанковiцкiм раёне. Паселiшча невялiкае — усяго сем хат, цяпер восем: на малой радзiме застаўся мой брат. Цяпер са сваёй сям'ёй там адзiн жыве: астатнiя, мы iх называем дачнiкамi (насамрэч, гэта дзецi аднавяскоўцаў), бываюць наездамi. Жыццё ў вёсцы было няпростае, у пастаяннай рабоце: як летам папрацуеш — так будзеш сябе адчуваць i зiмой. Увогуле, вясковае жыццё загартоўвае чалавека. I гэтая загартоўка ва ўсiх складаных сiтуацыях мне дапамагала. Калi вучыўся ў акадэмii, а потым служыў у Заслонаве, на малой радзiме бываў часцей, увесь час была работа: то пакасiць, то пераараць зямлю, то насекчы дроў... Цяпер жа ў сувязi са сваёй загружанасцю добра, калi i раз у паўгода заеду. Ды i, акрамя брата, больш няма да каго: мацi жыве са мною.

— Цi не прагадала яна, аддаўшы вас у сувораўскае вучылiшча?

— Праведзеныя там гады ў любым выпадку не былi дарэмныя. Вучылiшча выхоўвае дысцыплiну: гэта выкананне загадаў, прытрымлiванне распарадку дня. Ва ўсе часы ў сувораўскiм вучылiшчы ўдзялялася вялiкая ўвага спорту. Вядома ж, гэта сяброўства: такiх узаемаадносiн, як там, я больш нiдзе не сустракаў. Былi надзейныя таварышы i ў ваенным вучылiшчы, але ў сувораўскiм мы жылi адзiнай сям'ёй. На афiцэраў-выхавацеляў у званнi капiтана цi маёра глядзелi, як на глыбока дарослых людзей. Маёр Юрый Задарожны, камандзiр нашага ўзвода, з'яўляўся для нас аўтарытэтам. Камандзiр роты ўвогуле быў недасягальны, а начальнiка вучылiшча мы назіралі, можа, раз у паўгода. Цяперашнiя сувораўцы, здаецца, нават мiнiстра абароны бачаць часцей. Сувораўскае вучылiшча — гэта школа, якую трэба развiваць i ўдасканальваць: там выхоўваюць патрыётаў сваёй краiны.

— А цi задумвалiся, што калi б вы ў свой час не скончылi сувораўскае, то шлях да генеральскiх пагонаў быў бы як мiнiмум складанейшы?

— Я не марыў быць генералам. За савецкiм часам гэтае званне ўвогуле здавалася недасягальным. Шлях генерала — заўжды складаны. Я добра разумеў, праз што трэба прайсцi, якiя пасады змянiць, каб насiць генеральскiя пагоны. Чым вышэйшая пасада, большая адказнасць i меншая ўвага сям'i. Гэта тыя цяжкасцi армейскай службы, якiя мы гiпатэтычна ўспрымаем, калi становiмся вайскоўцамi.

— Няўдзячная гэта справа — рабiць прагнозы, але якiмi бачыце Узброеныя Сiлы хаця б праз тры гады?

— Да гэтага часу мы завершым выкананне Плана будаўнiцтва i развiцця Узброеных Сiл i будзем мець тую армiю, якую меркавалi. Гэта будзе моцны кампанент сiл неадкладнага рэагавання, поўнасцю аснашчаныя i забяспечаныя ўсiм неабходным сiлы спецыяльных аперацый, сур'ёзны радыёлакацыйны складнiк, якi дазволiць нам у поўным аб'ёме весцi разведку паветранага працiўнiка, а таксама тыя людзi, якiя будуць абараняць сваю краiну праз тры гады. А мiр, бяспеку i спакой на беларускай зямлi пад кiраўнiцтвам свайго Прэзiдэнта мы забяспечым. Гэта нават не выклiкае сумненняў!

Веранiка КАНЮТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Падарожжа на расійскі Далёкі Усход

Падарожжа на расійскі Далёкі Усход

Аўтар матэрыялу раней працаваў у «Звяздзе». Але і цяпер не забывае родную газету.