Вы тут

Жаночая зборная выйграла алімпійскую эстафету па біятлоне ў Пхёнчхане


У гэта складана паверыць, але гэта так! Нашы дзяўчаты — Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дар'я Домрачава сталі алімпійскімі чэмпіёнкамі.


Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў спартсменак ордэнамі «За асабістую мужнасць». Акрамя таго, Надзеі Скардзіне, Ірыне Крыўко, Дзінары Алімбекавай прысвоена ганаровае званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь». Таксама Прэзідэнт павіншаваў біятланістак з заваяваннем алімпійскага «золата».

Прагназаваць штосьці перад гэтай гонкай было немагчыма, два тыдні ў Пхёнчхане паказалі, што біятлонная траса там вельмі непрадказальная, да таго ж вецер і мароз могуць унесці карэктывы ў гонку ў любы момант. Перадстартавыя кадры — нашы спартсменкі і трэнеры ўпэўнена і спакойна рыхтуюцца да пачатку, але, здаецца, гэты спакой толькі вонкавы. Бо перад настаўнікамі алімпійскай зборнай з лістапада стаяла пытанне: хто пабяжыць трэці этап у нашай эстафетнай чацвёрцы на Алімпійскіх гульнях? Часам здавалася, што старты на этапах Кубка свету так і не дадуць адказу. І вось... у сераду, трэнерскі штаб абвяшчае сваё рашэнне: на трасу выйдзе маладая Дзінара Алімбекава. Пазней трэнер жаночай зборнай Альфрэд Эдэр скажа: «Гэта было цяжкае рашэнне». Цяжкае, але, як паказвае вынік, правільнае.

Наш стабільны і шматгадовы старцёр Надзея Скардзіна пачала гонку ў складаных умовах надвор'я, на цэнтр біятлона ў Альпензіі абрынуўся снег, вецер станавіўся ўсё больш непрадказальным, таму беларуска не стала з першых хвілін вырывацца ў лідары, пры гэтым і не адпускаючы іх далёка. «Лёжку» Надзея адстраляла чыста, дапусціла дзве памылкі на стойцы, але хутка выправіла іх дадатковымі патронамі.

Ірына Крыўко адправілася на дыстанцыю на 10-й пазіцыі, саступаючы лідарам каля 46 секундаў. Маладой біятланістцы складана было канкурыраваць з саперніцамі на дыстанцыі па хуткасці, але затое яна дапусціла толькі адзін промах на двух заходах на агнявы рубеж. У той час, пакуль саперніцы чакалі, калі пройдзе парыў ветру, рука Ірыны не завагалася і палепшыла пазіцыю сваёй каманды, вывеўшы Беларусь у пяцёрку найлепшых.

Здавалася б, трэці этап павінен быў стаць самым хвалюючым, бо для Дзінары Алімбекавай гэта алімпійскі дэбют. Але спартсменка здолела сканцэнтравацца настолькі, што ні надвор'е, ні знакамітыя саперніцы не змаглі перашкодзіць яе паходу да алімпійскага медаля. Дзінара выкарыстала на стрэльбішчы тры дадатковыя патроны і даволі разумна размеркавала сілы па дыстанцыі. З шостага агнявога рубяжа яна пайшла першай, перадала эстафету чацвёртай, але не прайграла шмат часу.

Калі на дыстанцыі з'явілася наша трохразовая алімпійская чэмпіёнка, за каманду стала спакайней, да таго ж Домрачава адпрацавала на лёжцы чыста і прыбегла на дыстанцыю першай, а да стойкі наогул павялічыла сваю перавагу, як аказалася недарэмна. «Прамазаўшы» тры разы на апошнім агнявым рубяжы, яна захавала лідарства і панеслася да чарговай алімпійскай перамогі, а ў такія моманты апярэдзіць Дар'ю немагчыма. «Калі ўспомніць, як пачыналіся гэтыя Гульні для нас, то гэта ўзнагарода за ўсе старанні і цярпенне. Мы нарэшце пасябравалі з Пхёнчханам. Эмоцыі перапаўняюць. Думалі, што п'едэстал магчымы, але ніхто і не спадзяваўся, не разлічваў на «золата». Я проста невымоўна шчаслівая таму, што мы сёння на першай прыступцы, удзячная дзяўчатам за працу, якую яны прарабілі. Гэта нешта неверагоднае! Калі Дзінара Алімбекава пакідала першай стральбу, вядома, у мяне па скуры пабеглі мурашкі. Разумела, што цяпер уся адказнасць кладзецца на мае плечы, і я проста абавязана падтрымаць паспяховы пачатак», — кажа Даша.

Дарэчы, па колькасці залатых медалёў на Алімпійскіх гульнях яна выйшла на першае месца сярод усіх біятланістак у гісторыі! Беларуска абышла Анастасію Кузьміну і Каці Вільгельм, у іх па тры залатыя ўзнагароды.

Такім чынам, беларуская каманда ўпершыню ў гісторыі выйграла алімпійскае «золата» ў эстафеце, учора ў нашых дзяўчат быў найлепшы вынік стральбы, яны патрацілі 9 дадатковых патронаў, а Дар'я Домрачава паказала найлепшы ход па лыжні. На п'едэстале нашы спартсменкі танцавалі.

«З гэтым стартам мы ў камандзе звязвалі вялікія надзеі, — расказвае Альфрэд Эдэр. — Сённяшняе выступленне ўвойдзе ў гісторыю. Гэта перамога і для вопытных, і для маладых спартсменак. Самае складанае для трэнераў — не памыліцца з выбарам квартэта. Мы зрабілі правільную стаўку. Вельмі рады за маладых дзяўчат Іру і Дзінару, яны даказалі, што вартыя быць алімпійскімі чэмпіёнкамі».

Другое месца занялі шведкі, трэцімі сталі францужанкі. Большасць лідараў папросту не справіліся з умовамі надвор'я і нервамі.

З трыма ўзнагародамі Беларусь перамяшчаецца на 13-ы радок медальнага заліку Алімпіяды-2018 і апераджае такія краіны, як Расія і Кітай.

Учора Уле-Эйнар Б'ёрндален, муж Дар'і Домрачавай, славуты нарвежскі бятланіст, сказаў, што гэта быў адзін з самых шчаслівых дзён у яго жыцці: «Я шчаслівы за Дашу і за ўсю беларускую каманду: яны мае героі».

А мы скажам: дзякуй, дзяўчаты, вы падарылі Беларусі свята!

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Залатыя нашы дзяўчаты!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».