Вы тут

На выхадных падмарозіць да мінус 25 градусаў


У апошнія дні каляндарнай зімы ў сувязі з уварваннем арктычнага паветра ў Беларусі ўсталюецца вельмі халоднае надвор'е з тэмпературным фонам на 7—13 градусаў ніжэй за кліматычную норму, паведамілі спецыялісты ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Моцныя маразы захаваюцца да канца лютага. І гэта будзе самы працяглы перыяд халоднага надвор'я ў адыходзячым зімовым сезоне. Сёння надвор'е на тэрыторыі Беларусі будзе вызначаць зона павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халоднай арктычнай паветранай масе. Будзе воблачна з праясненнямі, пераважна без ападкаў, толькі па паўднёвым усходзе краіны пад уплывам малаактыўнага франтальнага падзелу пройдзе невялікі снег. На дарогах захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўдзень складзе ад мінус 3 па поўдні да мінус 12 градусаў па поўначы краіны.

У апошнія выхадныя лютага будзе вельмі холадна, а праз высокую вільготнасць паветра і парывісты вецер адчуванне холаду будзе ўзмацняцца. У суботу захаваецца ўплыў халодных паветраных мас, а на заходніх і паўднёва-ўсходніх раёнах адаб'ецца ўплыў малаактыўных франтоў. У асобных раёнах, пераважна па паўднёвым усходзе і захадзе краіны, пройдзе кароткачасовы снег, днём чакаецца парывісты паўночна-ўсходні вецер і слабая завіруха. Тэмпература паветра складзе ў начныя і ранішнія гадзіны 16—23 марозу, а пры праясненнях яна панізіцца да мінус 24 — мінус 25 градусаў, па поўдні будзе 10—15 марозу. Удзень усяго ад мінус 7 да мінус 13 градусаў. У нядзелю наша краіна ў асноўным будзе знаходзіцца ў зоне павышанага атмасфернага ціску. Будзе пераважна без ападкаў, толькі ўначы і раніцай па поўдні краіны магчымы кароткачасовы снег. Тэмпература паветра ўначы складзе 18—23 марозу, месцамі пры праясненнях — мінус 24—25 , па поўдні — мінус 14—17 градусаў. Удзень будзе 10—15 марозу.

На наступным тыдні на фоне павышанага атмасфернага ціску ў Беларусь працягнуць паступаць вельмі халодныя паветраныя масы з Арктыкі. Згодна з папярэднімі прагнозамі айчынных спецыялістаў, у панядзелак, у асобных раёнах, пераважна па паўночнай частцы краіны, пройдзе невялікі снег. Уначы і раніцай чакаецца слабы туман, шэрань. На дарогах месцамі магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ў начныя і ранішнія гадзіны складзе 18—23 марозу, а пры ясным небе — да мінус 24—26 градусаў. У паўднёва-заходніх раёнах уначы будзе мінус 14—16 градусаў. Удзень — 10—15 марозу. У аўторак у асобных раёнах краіны пройдзе кароткачасовы снег. Тэмпература паветра ўначы складзе пераважна 18—24 марозу, пры праясненнях яна панізіцца да мінус 25—28 градусаў, па паўднёвым захадзе краіны будзе 15—17 марозу. Удзень чакаецца ад мінус 10 да мінус 17 градусаў.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Выпрабаванне маразамі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.