Вы тут

Якія планы ў сталічнай медыцыны?


Рэканструкцыя бальніц і паліклінік працягнецца, час прыёму ва ўрача павялічыцца.

Сёлета ў Мінску плануецца ўвесці ў строй тэрапеўтычны корпус 4-й гарадской клінічнай бальніцы на 300 ложкаў, бальніцу паліятыўнага догляду «Хоспіс» па Партызанскім праспекце, 73а, а таксама пачаць будаўніцтва падстанцыі хуткай медыцынскай дапамогі ў мікрараёне Лошыца.


Акрамя гэтага, як паведаміў старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Сяргей МАЛЫШКА, працягнецца рэканструкцыя неўралагічнага корпуса 5-й клінічнай бальніцы і карпусоў 9-й клінічнай бальніцы, мадэрнізацыя карпусоў дзіцячай інфекцыйнай бальніцы. У снежні мінулага года ўведзены ў эксплуатацыю радыялагічны корпус Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера, і работы па рэканструкцыі і будаўніцтве тут працягнуцца. Таксама пачнецца праектаванне дзіцячых паліклінік у мікрараёнах Лошыца-9 і Сухарава-3, новай 15-й гарадской паліклінікі, дарослай паліклінікі ў пасёлку Усходні, рэканструкцыя будынкаў 20-й гарадской і 9-й дзіцячай паліклінік. На гэтыя мэты выдаткавана больш за 139 мільёнаў рублёў, з іх 117 мільёнаў — на капітальнае будаўніцтва.

Падчас рэканструкцыі і будаўніцтва медыцынскіх устаноў закуплялася медыцынская тэхніка і высокатэхналагічнае абсталяванне. На гэтыя мэты пайшло 17,5 мільёна рублёў. Набываліся ўльтрагукавыя апараты, эндаскапічнае, лабараторнае і рэанімацыйнае абсталяванні, аўтамабілі хуткай медыцынскай дапамогі. У прыватнасці, падчас рэканструкцыі анкалагічнага дыспансера закуплена некалькі аднафатонных эмісійных камп'ютарных тамографаў, пазітронна-эмісійны тамограф з КТ, перасоўная мабільная гама-камера, мабільная радыёметрычная ўстаноўка.

Пасля пераезду ў пасёлак Ждановічы Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта ў яго будынках у цэнтры Мінска плануецца стварыць на базе 2-й клінічнай бальніцы асаблівую медыцынскую ўстанову — Мінскі гарадскі шматпрофільны клінічны цэнтр, які будзе ўключаць стацыянар на 178 ложкаў і амбулаторна-кансультацыйны аддзел, дзе максімальна будзе выкарыстоўвацца навуковы патэнцыял кафедраў БелМАПА і БДМУ. Пакуль там пачала працаваць кансультацыйная паліклініка, у структуры якой тэрапеўтычнае і стаматалагічнае аддзяленні, а таксама кансультацыйныя кабінеты вузкіх спецыялістаў. На працягу двух месяцаў плануецца адкрыццё кардыялагічнага аддзялення для пацыентаў з парушэннямі сардэчных рытмаў. Акрамя гэтага, з 3-й клінічнай бальніцы сюды будзе пераведзены гарадскі цэнтр колапракталогіі на 60 ложкаў з дыягнастычным аддзяленнем і стамійным кабінетам, таксама з'явяцца аддзяленні малаінвазійнай хірургіі і ўралагічнае, што дазволіць палепшыць умовы знаходжання пацыентаў.

— Перададзенае абсталяванне — камп'ютарны тамограф, МРТ-апарат, апарат мамаграфіі — будуць знаходзіцца ў цэнтры ў калектыўным карыстанні. Туды змогуць накіроўваць для дыягностыкі пацыентаў з тэрытарыяльна замацаваных паліклінік, — растлумачыў Сяргей Малышка. — У паліклініцы абслугоўваецца насельніцтва, якое адносіцца да яе па прапісцы, а таксама частка так званага спецкантынгенту, якая не захацела перайсці на абслугоўванне ў Ждановічы.

У краіне працягваецца пераход участковых тэрапеўтаў на работу ўрачоў агульнай практыкі. І гэта не механічнае перайменаванне, а перанавучанне спецыялістаў і вяртанне да таго вопыту, калі адзін урач валодаў сумежнымі спецыяльнасцямі — навыкамі афтальмолага, неўролага, хірурга, оталарынголага. Калі ў студзені 2017-га ў паліклініках Мінска працаваў толькі 61 урач агульнай практыкі, то на працягу года курсы павышэння кваліфікацыі прайшлі 327 урачоў і 44 спецыялісты скончылі курсы перападрыхтоўкі. На цяперашні час у сталічных паліклініках практыкуе 371 урач агульнай практыкі.

— Сёння перагледжаны і нарматывы, — паведаміў Сяргей Малышка. — Калі ўчастковы ўрач-тэрапеўт абслугоўваў 1,7 тысячы насельніцтва, то ўрач агульнай практыкі — 1,5 тысячы. Разглядаецца і пытанне павелічэння часу на прыём аднаго пацыента.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.