Вы тут

Пра што не гавораць жанчыны


(Нашым абаронцам прысвячаецца).

Ну што, дарагія абаронцы, са святам вас! Вы ж не будзеце спрачацца, што гэта ваша свята? Адзначаеце ж вы яго ўсе без выключэння, незалежна ад таго, служылі ў войску ці ваша служба абмежавалася толькі ваеннай кафедрай ва ўніверсітэце, зборамі або ўвогуле заняткамі па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы, з якіх, акрамя таго, што процівагаз трэба надзяваць хобатам уніз, больш нічога ўжо не памятаеце. Зрэшты, маеце права — і адзначаць, і называцца абаронцамі, хай сабе і ў большасці сваёй патэнцыйнымі, бо, калі раптам што, хто, як не вы... Да таго ж Айчына для кожнага асобна ўзятага чалавека — гэта найперш яго дом, яго сям'я, яго жанчына. І тут не трэба чакаць нейкай надзвычайнай сітуацыі ці катастрофы, каб кідацца абараняць, — яно заўсёды, штодня, у любы час сутак актуальна. Ад нястачы, ад трывог, ад бяды — уяўнай ці сапраўднай, ад дрэнных людзей, ад балючых слоў, ад дурных думак, ад бяссонных начэй... — абараняць заўсёды знойдзецца ад чаго...


А мы што? Мы ж за вамі — як сыр у масле, як за каменнай сцяной, як у Бога за пазухай. Праўда, мала гэта цэнім, ад'ядаем вам вантробы сваёй вечнай незадаволенасцю, жаданнем мець больш, чым маем, прыдзіркамі і нараканнямі на няўвагу, на позняе вяртанне, на футбол, на піва, на рыбалку, на «Танкі»... Выказваем усё гэта са слязьмі на вачах, са злосцю ў голасе, зрываемся на крык, б'ём посуд, грукаем дзвярыма, сыходзячы (робім выгляд, што назаўсёды, а самі толькі і чакаем нагоды вярнуцца, а калі яна не здараецца, пакутуем усё жыццё). Хочаце шчыра? Усё гэта так — тэатр для аднаго гледача. Пра сапраўднае, пра тое, што насамрэч думаем і адчуваем, мы не гаворым нават у кампаніі самых лепшых сябровак...

Але ж сёння ваша свята. Можа, і праўда, варта хоць аднойчы ў год за ўсё жыццё сказаць пра тое, аб чым мы маўчым?

Вось, напрыклад, вашыя абяцанні. Прыйсці кудысьці ў назначаны час, вярнуцца дадому раней, увогуле вярнуцца калі-небудзь. Вы гаворыце гэта, напэўна, дзеля таго, каб супакоіць, каб не чуць папрокаў, не бачыць крыўды, а то і слёз у вачах, бо ад усяго гэтага і няёмка, і няўтульна неяк. Не здагадваючыся нават, што, калі гэта абяцанне не будзе выканана (а яно нярэдка для вас проста зусім неабавязковыя словы), вы асуджаеце нас на пакутлівае чаканне. У якім галоўнае — пракручванне самых нечаканых трагічных сітуацый, ахвярай якіх вы сталі. Інакш вы не маглі не прыйсці, не зрабіць таго, што абяцалі, таму што вы — абяцалі! Мы разумеем, што ўсё магло быць інакш, што вы проста забыліся, перадумалі, не палічыўшы патрэбным паведаміць (бо гэта так няважна), у вас раптам з'явіліся іншыя планы. Але (і пра гэта мы вам ніколі не скажам) у той час, калі мы вас клянём на чым свет стаіць, сэрца тахкае ў скроні трывожным прадчуваннем: нешта здарылася. Ён не мог проста так забыцца, перадумаць, змяніць планы...

Я ўжо не кажу пра тыя словы, якія мы чуем ад вас, калі вы... як бы гэта далікатней сказаць... крыху дзюбнуўшы. Ці калі вам ад нас штосьці вельмі патрэбна (маецца на ўвазе не толькі інтымная сфера). Колькі прыгожага і шчырага гаворыцца! (Заўважце, у тым, што вы ў той момант сапраўды шчырыя, сумненняў няма). Але куды гэта ваша шчырасць знікае назаўтра ці праз некалькі гадзін, калі вы працверазееце ці атрымаеце тое, што хацелі? Глядзіш на гэтага дзелавога суб'екта з халоднымі вачыма і думаеш-гадаеш, які ён сапраўдны: той, што пяшчотна глядзеў учора і казаў, што ты — праменьчык на яго цёмным шляху, ці гэты зацягнуты ў гальштук зануда, які толькі пра свае справы думае, а на цябе як на капіравальную ці пасудамыечную машыну пазірае?.. Злуешся, сама з сябе пакепліваеш, маўляў, каторы раз павялася. А сумненне точыць-точыць ціхенька: чаму ён так са мной? Што я зрабіла не так?

А ўсё таму, што мы вам верым. Нават калі вы ў вочы хлусіце — мы верым. Бо як жа інакш жыць?

А яшчэ гэта ваша абыякавасць да саміх сябе... Вы будзеце енчыць і ляжаць пластом ад звычайнай прастуды, але, калі размова пра штосьці больш сур'ёзнае — пайсці зрабіць кардыяграму, калі коле сэрца, своечасова прымаць таблеткі ад ціску, якія прапісаў урач, кінуць паліць, бо гэта настойліва параіў анколаг, — тут вам хоць кол на галаве чашы. Мы ўгаворваем, страшым рознымі гісторыямі з жыцця знаёмых, часам нават учыняем скандалы. Але вы, напэўна, нават не здагадваецеся, што пасля кожнай прайгранай падобнай баталіі за ваша здароўе раптам дранцвеюць думкі і сэрца і роспачна-бязгучна б'ецца ў душы гэта страшнае прадчуванне: як я буду без яго?.. І паўстаюць ва ўяўленні такая жудасная бяда і такая безнадзейная пустэча, што жыццё на нейкі момант увогуле перастае быць праўдай...

Што з усяго вышэйсказанага вынікае? Вы не тое што нашы абаронцы — вы сэнс нашага жыцця. Усе нашыя памкненні, усе нашыя справы, усе нашыя ўчынкі — калі не дзеля вас, дык дзеля таго, каб вам штосьці даказаць, каб вы зразумелі, што нікога іншага вам не трэба.

Зрэшты, мы ніколі пра гэта вам не скажам...

Алена ЛЯЎКОВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».