Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Нарадзіўся ў кашулі?

Здарылася гэта з маім дзедам Міколікам і вельмі даўно, але як ён застаўся жывы, я не разумею дагэтуль.

...У першы пасляваенны год дзед знайшоў каля рэчкі снарад. Ён быў вялікі, бліскучы і з яго — на думку дзядулі — можна былі зрабіць аж два прыстасаванні: адно — каб раўнаваць старыя цвікі, другое — каб кляпаць касу.

У гаспадарцы патрэбна было і тое, і гэта. Але ж, як на ліха, са снарада нахабна вытыркалася бліскучая галоўка, і дзед мой не ведаў, што з ёй рабіць. А таму, заматаўшы сваю знаходку ў радзюжку, пайшоў да свайго такога ж старога знаёмца ў калгасную кузню.

— Дурная цацка, — прызнаў там каваль, агледзеўшы знаходку. — Я з ёй не жартаваў бы. І табе не раю...

Можна падумаць, што дзед каваля паслухаў. Не — ён панёс знаходку бліжэй да сваёй сядзібы.

Там, непадалёк ад зямлянкі і векавога дуба, расклаў вогнішча, паводдаль ад яго паклаў снарад, а потым граблямі стаў падграбаць вуголле. Чакаў, што бліскучая галоўка вось-вось адляціць, а ўсё астатняе застанецца...

Замест гэтага, як і варта было чакаць, прагрымеў выбух, ды такі, што ў нашай школе (яна была непадалёку) цудам ацалелі шыбы. Мы, вучні, разам з настаўнікам выскачылі з класа і кінуліся да дзеда.

На твары яго дзе-нідзе выступала кроў. Мама асцярожна выцірала яе хусцінкай. Ля вогнішча дыміўся таўшчэзны сук, на вершаліне дуба таксама штосьці дымела.

— Ну, дзед, ты нарадзіўся ў кашулі, — толькі і прамовіў наш настаўнік.

...Праз нейкі час і далёка ад вогнішча мы знайшлі два кавалкі снарада і прынеслі дзеду. Ён паразглядаў іх, пакруціў у руках, а ўрэшце — убіў у дзве калодкі. На адной, як задумаў, кляпаў касу, а на другой — раўнаваў цвікі.

Жыў, карацей... Можа, таму, што перажыў тры вайны?

Можа, таму, што ў апошнюю, як мог, ратаваў людзей ад фашыстаў ды іх памагатых?

А можа, таму, што ў лесе, у зямлянках ды куранях, дапамагаў выжываць адзінаццаці сваім унукам.

Анатоль Кашэвіч, Лельчыцкі раён


Не якасцю, дык... колькасцю

У пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя калгасную тэхніку рамантавалі ў калгасных жа майстэрнях: ці не ў кожнай гаспадарцы была тады свая кузня, свае такарныя ды свідравальныя станкі, свае ўмельцы... Я раскажу пра стасункі двух — Івана Аляксандравіча і Аляксандра Іванавіча. Першы з іх быў у той час «вядучым спецыялістам» па рамонце тэхнікі, а другі, нашмат маладзейшы, — найлепшым калгасным механізатарам.

Дык вось, неяк, у самы разгар нарыхтоўкі кармоў, у ягонай касілцы «абрэзала» балты. Ён — вядома ж, куды — у майстэрню. Просіць:

— Выручы, дзядзька Іван: вытачы мне 12 вось такіх балтоў.

— Добра, — згаджаецца майстар, — я вытачу, а ты ідзі з паўгадзінкі паляжы недзе.

Але дзе ж ты ўлежыш, калі дзень пагодны — сама касіць ды сена сушыць! Таму хлопец хвілін праз 20 тут як тут:

— Дзядзька, ну як?

— Ды ўсё ў парадку. Вось твае балты. Усе 12. Я іх раскошненька вытачыў, — каб ты не мучыўся, каб хутка закруціў.

Хлопец падзякаваў і бягом да касілкі. А ўжо там...

Стаў іх закручваць і ўсе нервы парваў: адзін болт — што трэба, а другі — крыху «жыманеш» — разьбу як карова языком злізала!

Намацюкаўся, бедны, свой час змарнаваў, потым — ледзь дапрацаваў.

І меўся ж спачатку схадзіць у майстэрню — сказаць дзядзьку Івану трохі «ласкавых» слоў, але ж потым, як гэта часта бывае, закруціўся і забыўся.

Тым часам наступіла жніво, механізатар з касілкі перасеў на камбайн, некалькі дзён пашчыраваў, а потым... Зноў паломка (шкіў абрэзала), зноў новыя балты патрэбны і як найхутчэй!

Дзядзька Іван, дзякуй богу, усё разумее, як бачыш робіць:

— Раскошненька вытачыў, — кажа, аддаючы.

Камбайнер, пачуўшы гэтае слоўка, ажно ўздрыгнуў...

І як у ваду паглядзеў, бо з закруткай усё тыя ж праблемы: «зрываецца» разьба — амаль у паловы! Таму зноў падмывала камбайнера вярнуцца ў майстэрню, выдаць дзядзьку ўсё, што думае пра ягоную працу...

Але ж неяк стрымаўся, бо потым, падумаў, можна зусім без балтоў застацца. «Тут па-іншаму неяк трэба, — шукаў варыянты ён, — так, каб і з тэхнікай болей не мучыцца, і дзядзьку не пакрыўдзіць».

Праўду кажуць: хто пытае, той не блудзіць, хто шукае, — знойдзе. Факт, што ўвосень, калі дзядзька Іван зноў «раскошненька вытачыў» балты (на гэты раз — для рамонту кукурузнага здрабняльніка), механізатар забіраў іх ужо з усмешкай, бо ведаў, што праблем з імі болей не будзе: балтоў ён заказаў... у тры разы больш, чым трэба.

...Прайшлі гады і многае змянілі: Іван Аляксандравіч, той умелец па рамонце тэхнікі, пайшоў на пенсію, механізатар — Аляксандр Іванавіч — стаў (хай і не ад добрага жыцця) выдатным майстрам: на любым станку працуе, любую тэхніку правіць! Рукі мае, якіх пашукаць!

Я па сабе гэта ведаю: утулкі ў яго заказваў для сваёй іншамаркі.

— Раскошненька вытачыў, — сказаў ён, аддаючы.

А потым яшчэ і растлумачыў, адкуль у яго вось гэтае слова.

Генадзь Рыняк, г. Бялынічы

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР


Ад яе ж адным радочкам напамін, што «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі» друкуюцца не проста так, а ў рамках конкурсу на найлепшую... І што летась пераможцамі ў ім сталі спадарыні Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны, Кацярына Будзіловіч са Скідзеля, а таксама жыхары сталіцы Іван Гаральчук, Любоў Чыгрынава і Валянціна Паліканіна. Першыя з іх пра сябе крыху расказалі. Сёння слова спадарыні Валянціне — вядомай беларускай паэтцы, публіцыстцы, лаўрэатцы рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій.

«Найперш я хацела б шчыра падзякаваць газеце за магчымасць успомніць на яе старонках пра бясконца дарагіх мне людзей — бабулю і дзядулю, пра іх зямную (ці ўсё ж незямную?) любоў («Звязда» 10.11.2017 год). А што расказаць пра сябе...

Нарадзілася ў Крычаве, потым з бацькамі пераехала ў Слаўгарад, у Маскву. На пятым годзе свайго жыцця «асела» ў Мінску, — апавядае спадарыня Валянціна. 
З маленства марыла пра сястрычку ці браціка і толькі пазней даведалася, што мае бацькі перажылі вялікае гора: іх першая дачушка Леначка, на год старэйшая за мяне, памерла, не пражыўшы і месяца... І пасля мяне павінен быў нарадзіцца брацік, але... Відаць, так наканавана мне — застацца адзінай дачушкай.

Бацькі мае вельмі шмат працавалі, я часта заставалася сам-насам з сабой — вольная і адна. Магчыма, якраз гэтая самота і навучыла мяне ўнутранай засяроджанасці, ціхаму сузіранню і разважанню над прачытаным і ўбачаным. Памятаю, у выхадныя зімой на лецішчы я, з дазволу бацькоў, сыходзіла на лясную паляну «пагаварыць з ручаём». Увесь лес быў у снезе, і ён маўчаў, а вось ручай штось расказваў мне — сваё, незразумелае, незвычайнае...

У пяць гадоў, — прызнаецца паэтка, — да мяне прыйшлі першыя дзіцячыя рыфмаваныя радкі — вершы.

Зараз, дзякаваць богу, яны як птушкі, то прылятаюць да мяне цэлай гурмой, то адлятаюць... Каб потым, калі назапашу энергіі, думак і ўражанняў, зноў вярнуцца.

У мяне шмат чарнавікоў, спісаных алоўкам да сапраўднай чарнаты, бо пасля напісання верша пачынаецца праца над словам, пошукі найбольшай дакладнасці і выразнасці...

Колькі памятаю сябе, я заўсёды заўважала дробныя дэталі: у прыродзе, у побыце, у мастацтве. Мне цікавае само жыццё з яго паваротамі, дарогамі, з яго лёсавызначальнымі «дарожнымі паказальнікамі», апорнымі пунктамі для душы, станцыямі прызначэння... Цікавыя людзі з іх думкамі, пачуццямі, расчараваннямі і надзеямі, з іх творчасцю. А самае цікавае — глыбіня думак і пачуццяў асоб, якія дасягнулі святасці.

Што да творчасці і найперш вершаў, то яны для мяне як спроба разабрацца ў сабе, выправіць памылкі, убачыць мэту і сэнс жыцця, знайсці апору і раўнавагу ў бязладным свеце, у хаосе з'яў, нешта палепшыць ва ўсеагульным жыцці».

Вось такія яны, нашы аўтары, леташнія пераможцы конкурсу. Сёлетніх у канцы года зноў будзе вызначаць два журы: маленькае рэдакцыйнае (у складзе першага намесніка галоўнага рэдактара газеты спадарыні Наталлі Карпенкі, загадчыцы аддзела Надзеі Дрындрожык ды спецыяльнага карэспандэнта Веранікі Канюты) і вялікае чытацкае... Сярод яго сябраў (каб не пісаць членаў) можа апынуцца кожны, хто паспрабуе не проста прачытаць усе надрукаваныя гісторыі, але і вызначыць свае найлепшыя — дзесяць.

Сярод іх, ну вядома ж, могуць быць і ўласныя. Так што пішыце.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.