Вы тут

Гісторыя вёскі Залескі Кобрынскага раёна


На жаль, цяпер так бывае, што на адной вясковай вуліцы зімуюць якіх-небудзь дзве сям'і, а паміж сабой не ладзяць. І ўжо паўсюль у маленькіх вёсках зарэгістравана нашмат больш людзей, чым пражывае... Тут усё наадварот. Зарэгістравана двое, пастаянна жывуць чацвёра. І дружныя, добразычлівыя, адно аднаму дапамагаюць. А нефармальны стараста, лідар і завадатар агульных спраў Таццяна Мілун сваіх старэйшых аднавясковак падтрымлівае.


Старшыня Гарадзецкага сельскага Савета Дзмітрый Міроненка сказаў, што Таццяна Сцяпанаўна тут крышачку як сястра міласэрнасці. Бо яна не толькі праведае пажылых людзей, калі трэба, вады прынясе, яшчэ нешта зробіць. Для іх Таццяна нібы малодшая сястра. Вось прыклад. Калі яшчэ не прадалі пустуючы будынак ФАПа ў суседніх Чалішчавічах, яна там памыла, прыбрала, зладзіла нешта накшталт дома сацыяльных паслуг. Перад Вялікаднем туды запрашалі святара, каб старыя і нямоглыя людзі з навакольных вёсак маглі прайсці споведзь і прычасце.

Ды і ў самай крытычнай жыццёвай сітуацыі Таццяна Мілун першая прыходзіць на дапамогу. Яе адзінокая суседка Яфімія Тунчык зусім злягла пасля інсульту, стан быў такі, што хворую адну не пакінеш. Таццяна забрала Яфімію Андрэеўну ў сваю хату, месяц яе даглядала. Калі ж бабулька памерла, хавалі яе жыхары Залесак разам са старшынёй сельвыканкама. А за тыя грошы, што дзяржава выдзяляе на пахаванне, умудрыліся яшчэ і сціплы помнік паставіць. Адным словам, зрабілі ўсё па-людску, як трэба.

Таццяна Мілун нарадзілася і вырасла ў Залесках у сям'і лесніка. Бацька Сцяпан Емяльянавіч Кулік спачатку быў у партызанах, потым пайшоў на фронт і дайшоў да Берліна. Пажаніліся яны з маці яшчэ да вайны, у 39-м. Выгадавалі пяцёра дзяцей. Нават у калгас пасля вайны ўступалі. Бо выйшаў такі загад, і ўсім трэба было абагульняць гаспадарку. У Кулікоў таксама каня забралі. Але той калгас не стаў паспяховым. І былы франтавік падаўся ў леснікі. Справу потым прадоўжыў сын Пётр, які жыве цяпер у бацькоўскай хаце. Таццяна пасля васьмігодкі паехала ў Брэст, атрымала спецыяльнасць, працавала шмат гадоў на швейнай фабрыцы. А калі захварэла маці і яе трэба было даглядаць, Таццяна Сцяпанаўна выйшла на датэрміновую пенсію, пераехала ў вёску. У горадзе яе ўжо нічога не трымала, бо засталася ўдавой. Маці дагледзела і пахавала, тым часам у брата Пятра, які ўсё жыццё пражыў з бацькамі, узніклі праблемы са здароўем. Цяпер і яму патрабуецца дапамога сястры. Ды і прывыкла Таццяна Сцяпанаўна да вясковага жыцця, да прыроды.

— Тут у нас вясной-летам прыгажосць, агарод, экалагічна чыстыя прадукты, — паказвае на свой падворак гаспадыня, а потым, смеючыся, удакладняе: — Гэта брат тут гаспадар, а я так, кватарантка. Але з'езджу ў горад, праведаю свой гарадскі дом, з'ем булку здобную брэсцкую — і зноў радасная вяртаюся ў вёску, бо сюды цягне.

Здавалася б, у Таццяны Мілун менталітэт гарадскога чалавека, яна добра сябе адчувае на вялікіх мерапрыемствах, не цураецца шумных кампаній. Расказвала, што на працы заўсёды была актывісткай, грамадскую работу любіла. Амаль у 50 гадоў яе яшчэ Снягуркай прызначалі на навагодніх святах цэха. Але ж, як сведчыць жыццё, Таццяна Сцяпанаўна і тут сваім здольнасцям ды энергіі знаходзіць прымяненне. Раней, калі аднавяскоўцы былі крыху маладзейшыя і здаравейшыя, яна іх выцягвала на святочныя пікнікі ў лес. Тут зусім недалёка ёсць мясцінка для адпачынку са сталом і лаўкамі. Прыносілі свае стравы на Вялікдзень ці Тройцу, бралі, вядома, не толькі морс, але і нешта мацнейшае пад настрой, ды хораша, па-суседску сядзелі, маглі і песні паспяваць. Так было яшчэ некалькі гадоў таму. А цяпер і старэйшыя, і слабейшыя сталі. А галоўнае... відэакамера акурат каля іх альтанкі паявілася. Лясная ахова паклапацілася. І, здаецца, нічога супрацьзаконнага не робяць, а вось трапляць у відэаархіў не хочацца. Таму святкуюць цяпер дома. На падворку пад клёнам ці яблыняй таксама пасядзець можна.

Акрамя брата і сястры, у Залесках ёсць яшчэ дзве жыхаркі, старэйшая з якіх — 85-гадовая Ніна Пакалюк. Ніна Мікалаеўна таксама мае брэсцкую рэгістрацыю. Але даўно ўжо жыве ў бацькоўскай хаце. Бабуля Ніна хоць яшчэ даволі бадзёрая пенсіянерка, але пільнасць захоўвае, інструкцыі ўчастковага выконвае. Дзверы заўсёды зачыненыя, незнаёмаму чалавеку яна хату не адамкне. Таму ідзём да яе з Таццянай Сцяпанаўнай. Яна бярэ кіёк і стукае ў сцяну пад акном. Гэта ўмоўны сігнал. Праз хвіліну-другую дзверы адчыняюцца, нас сустракае жанчына з прыветлівай усмешкай, запрашае зайсці. Расказвае, што хаце яе больш за сто гадоў, пабудаваны дом дзедам Ніны. Чалавеку высокага росту тут яшчэ трэба прызвычаіцца хадзіць. А вось нізенькай Ніне Мікалаеўне зручна і прывычна. У пакоі цёпла ад напаленай печкі. На самым пачэсным месцы вісяць партрэты Нініных бацькоў. Са старога фотаздымка глядзіць малады і прыгожы мужчына ў вайсковай форме. Аказваецца, бацька нашай гераіні служыў яшчэ ў царскай арміі, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне.
А ніжэй на стале — фота яго прапраўнука, таксама ў форме. Праўнук Ніны Мікалаеўны — выпускнік Інстытута пагранічнай службы.

Таццяна Мілун і Ніна Пакалюк.

Жыццё ў Ніны Пакалюк склалася даволі цікава для вясковага чалавека яе пакалення. Яна не працавала ў калгасе, як абсалютная большасць аднавяскоўцаў. Бацькі яе вырасцілі сямёра дзяцей. Старэйшы брат у пошуках лепшай долі заехаў аж у Магаданскую вобласць, дзе здабывалі золата. Потым ён паступова забіраў братоў і сясцёр да сябе. Вядома, на фоне беднага калгаснага жыцця пачатку 50-х магаданскія зарплаты выглядалі пропускам у дабрабыт. Вось і Ніна пару гадоў нават была ў штаце аховы на залатых капальнях. Потым выйшла замуж, нарадзіла дачку, пазней працавала рабочай на прадпрыемстве.

Вярнулася ў родныя мясціны ў 1983 годзе ва ўзросце 52 гадоў з пенсіяй, заробленай на Поўначы. У Брэсце пабудавала кааператыўную кватэру, пакінула яе дзецям, а сама вярнулася ў бацькоўскі дом. Яшчэ 65-гадовай трымала карову, сена для якой касіла і сушыла сама. Аднойчы, расказвае бабуля Ніна, прыехаў нейкі прадстаўнік райвыканкама з Кобрына, цікавіўся яе жыццём, а калі сказала, што сена для каровы сама нарыхтоўвае, аж з-за стала ўстаў. Абяцаў паспрыяць, каб калгас ёй прадаваў гатовае сена, але гаспадыня падзякавала і адмовілася. І не прадавала карову роўна столькі, колькі магла касіць ды сушыць корм.

— А цяпер вось апраналася, хацела дроў насекчы, — сказала нам 85-гадовая гаспадынька.

— Яшчэ і агарод даглядае, не толькі градкі, але і бульбу праполе. Каб хто папрасіў, то і яму дапамагла б, — падхоплівае Таццяна Сцяпанаўна.

— Але ж бачыш, ваду ўжо ты прыносіш, мне цяжка бывае, — удакладняе Ніна Мікалаеўна. — Іншым разам і сама магу прынесці не вельмі поўнае вядро. Ды ў хаце не так чыста і спраўна, як раней было. Але сама сабе есці звару, сама сябе даглядаю. З прадуктаў можна купіць што хочаш.

Аўтакрама прыходзіць у панядзелак, сераду і пятніцу. Залескі знаходзяцца не за лесам, а ў самым лесе, за 18 кіламетраў ад цэнтра сельсавета — Гарадца. Аўтобус у суседнія Чалішчавічы заходзіць чатыры разы на тыдзень.

— Хоць далёка нашыя Залескі, але нас не забываюць, — расказваюць жыхары вёскі. — Вось толькі перад вамі быў прадстаўнік электрасетак, два дні таму хадзіў па хатах спецыяліст супрацьпажарнага нагляду. Тыдні два таму прыязджаў Мікалаевіч, старшыня сельсавета, а сёння во зноў, — вы.

А ў чацвёртай жыхаркі вёскі Веры Пакалюк у гэты дзень быў госць. Зяць прыехаў, рамантаваў гаспадарчыя пабудовы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Брат з сястрой і дзве бабулькі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.