Вы тут

Сярод былых лідараў Беларусі Пётр Машэраў быў самым харызматычным


Сярод былых лідараў Беларусі Пётр Міронавіч Машэраў быў самым харызматычным. Сведкі з цеплынёй расказваюць, як ён папросту размаўляў з працаўнікамі на палях і ў цэхах і потым ужо слухаў справаздачы кіраўнікоў.


Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Асоба першага сакратара кампартыі БССР ператварылася ў легенду. Гэты чалавек пакінуў значны след у гісторыі Беларусі і памяць пра яго захоўваецца не толькі ў вучнёўскіх падручніках. Да 100-годдзя з дня нараджэння кіраўніка БССР Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны падрыхтаваў часовую выстаўку «Пётр Машэраў: яго сэрца білася для людзей». Вядома, што Пётр Міронавіч арганізаваў партызанскую брыгаду на Віцебшчыне, быў узнагароджаны ордэнам Героя Савецкага Саюза і пасля заканчэння вайны спрыяў захоўванню і ўшанаванню памяці салдат, падпольшчыкаў і партызан. Але ваенная тэма не галоўная ў экспазіцыі. Сведчанні мірнага часу, калі краіна аднаўлялася і выходзіла на індустрыяльны шлях, не менш цікавыя для наведвальнікаў. Частку каштоўных матэрыялаў перадалі ў музей родныя Машэрава.

— Колькі сябе памятаю, бацька быў моцна заняты. Ён рана ехаў на працу і вяртаўся аб адзінаццатай гадзіне. Напэўна, ён мог бы падацца строгім, толькі мы адчувалі, што любіць ён нас па-сапраўднаму. А ўжо калі з'явіліся ўнучкі, то для бацькі яны сталі нібы святло ў акне. Калі надараўся вольны час, заставаўся з намі, расказваў многа чаго цікавага, любіў бываць у Белавежскай пушчы... Памятаю фразу, якую ён гаварыў пасля цяжкага рабочага дня: «Дайце мне памаўчаць» або «Дайце мне падумаць». Для яго такія хвіліны адзіноты былі неабходнымі, мы гэта цудоўна разумелі і не перашкаджалі, — успамінае дачка Наталля Пятроўна.

Сярод экспанатаў ёсць асабістыя рэчы Пятра Міронавіча: запісная кніжка з занатоўкамі, разгорнутая на першай старонцы, медалі, акуляры, фотаздымкі. Святочна ўбраная кашуля-вышыванка — падарунак ад работнікаў Аршанскага льнокамбіната. Ёсць і больш «афіцыйныя» экспанаты. Так, наведвальнікі ўпершыню ўбачаць партрэт Машэрава, які стварыў знакаміты майстар-мастак Міхаіл Савіцкі.

Аднак цікавей за ўсё слухаць успаміны пра незвычайнага чалавека. Мікалай Чахлоў, намеснік старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі (на фота), быў асабіста знаёмы з тагачасным першым сакратаром.

— У Мінску я меў пасаду сакратара райкама партыі. Разам з камсамольцамі вырашылі адбудаваць тонкасуконны камбінат, ужо пачалі работу, і тут здарыўся канфлікт з адным высокім чыноўнікам. Гэта стала прычынай для асабістай сустрэчы з Пятром Міронавічам. На размову з кіраўніком краіны я дамаўляўся вечарам, а ранкам наступнага дня быў ужо ў кабінеце. Мне часта даводзілася бачыць важных палітычных асоб, так што мала чаму дзівіўся. Аднак Машэраў мяне ўразіў — ён не стараўся стварыць вобраз нейкага важнага чалавека. Гаварыў проста, добразычліва. Што цікава — сеў не за стол, а на крэсла насупраць, каб зменшыць дыстанцыю. Распытваў і гаварыў сам, прычым паказваў дасведчанасць у тэме гаворкі. Перапыніў нас памочнік Пятра Міронавіча Крукаў. Сказаў, што «ўсе ўжо сабраліся». Тады я ўпершыню ўбачыў збянтэжанасць на твары Машэрава, быццам бы яму стала вельмі сорамна мяне перапыняць. Ён папрасіў прабачэння, паабяцаў яшчэ раз перагледзець праблему. «Няёмка, калі заслужаныя людзі будуць чакаць,» — сказаў ён. І вось выходжу я ў прыёмную, а там сядзіць цэлая дэлегацыя акадэмікаў БССР і СССР. Як аказалася, на той дзень была запланавана важная сустрэча і запрошаныя прыйшлі раней. А назаўтра ператэлефанаваў Крукаў. Нам дазволілі працягнуць будоўлю.

Мікалай Чахлоў стаў аўтарам ідэі і рэдактарам кнігі «Пётр Машэраў. Эпоха і лёс», дзе сабраў успаміны людзей, якія гэтаксама як і ён сустракаліся з харызматычным беларускім лідарам. Напрыклад, на Расоншчыне жыхары расказалі, як вясковыя бабулі паскардзіліся Пятру Міронавічу, што засталіся зусім без зубоў. Да ўрача 15 кіламетраў ходу і чэргі немаленькія. Машэраў іх выслухаў, паехаў далей. А прайшло крыху часу — і з Віцебска аўтобус прывёз урачоў, якія ўсім ахвотным зрабілі зубныя пратэзы.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Загаловак у газеце: З трактарыстамі ён вітаўся за руку...

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.